Вы тут

У чым небяспека першага лёду?


Надвор'е ў Беларусі пакрысе перастройваецца на зімовы лад. Перыяды слабаадмоўных тэмператур, якія трымаюцца суткі, чаргуюцца з рэжымам «ноччу — мінус, днём — плюс». Па папярэдніх прагнозах, ужо хутка ртутны слупок сыдзе ў пастаянны «мінус». А гэта азначае, што вадаёмы краіны ўжо цяпер замярзаюць.

У чым жа небяспека першага лёду? Аб гэтым карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з вядучым спецыялістам рэспубліканскага савета Таварыства ратавання на водах Алегам Баразной.


Вызначыць па колеры

— Такое надвор'е для нас вельмі неспрыяльнае, — кажа Алег Баразна. — Калі б на дварэ стаяў пастаянны мароз, то лёд бы нарастаў больш-менш раўнамерна. А так атрымліваецца, па сутнасці, структура порыстага шакаладу. Ноччу, напрыклад, сантыметр-другі лёду нарос. Удзень тэмпература павысілася да нуля, і ён пачаў плавіцца. А наступнай ноччу яго зноў прыхапіў мароз. Вось з-за гэтага і ўтвараюцца мікрапусткі, якія запаўняюцца або вадой, або шугой. Але зразумела, што шуга вагу чалавека не вытрымае.

Пры пастаяннай мінусавай тэмпературы трывалы лёд можа сфарміравацца ўжо за тыдзень. На стаячых вадаёмах гэты працэс ідзе больш імкліва, а на рэках — павольней з-за наяўнасці цячэння. А вось у тых месцах, дзе прамысловыя прадпрыемствы, электрастанцыі і кацельні скідваюць адпрацаваную гарачую ваду, лёд можа быць крохкім нават у моцныя маразы. На кар'ерах жа лёд будзе фарміравацца ўжо ў залежнасці ад тэмпературы паветра, паколькі яны адносяцца да вадаёмаў закрытага тыпу. Іншая рэч, што на іх і берагі вельмі няўстойлівыя.

Праверыць якасць пакрыцця можна свярленнем. Для гэтага трэба ўзброіцца звычайным рыбацкім ледабурам. Бяспечная таўшчыня пачынаецца ад сямі сантыметраў. Калі ж на лёд выходзіць некалькі людзей, то гэтая велічыня роўная ўжо 10—12 см пры ўмове, што тыя, хто знаходзіцца на замерзлым вадаёме, стаяць на метровай адлегласці адно ад аднаго. Акрамя таго, трывалы лёд мае ярка-белы або крыху блакітны колер. Калі ж ён пачынае разбурацца, то колер мяняецца на больш цёмны.

Рызыкоўная рыбалка

У 2015 годзе вясна наступіла вельмі рана. 8 сакавіка выдалася цёплым сонечным днём, і, нягледзячы на гэта, на Чыжоўскае вадасховішча ў Мінску пацягнуліся рыбакі. Раздаўся трэск лёду — і двое з іх праваліліся ў халодную ваду. Аднаго ўратаваць не паспелі. Гэтая трагедыя тады разгортвалася на вачах у карэспандэнта «Звязды».

Але ахвярай тонкага лёду могуць стаць і тыя людзі, якія зразаюць праз вадаём дарогу. Масты знаходзяцца не заўжды ў зручных месцах.

— Нам шмат праблем дастаўляюць узімку рыбакі, — працягвае Алег Баразна. — Яны вудзяць як седзячы на лёдзе, так і выходзячы на незамерзлую ваду на плавальных сродках. Каля прамоін заўжды збіраецца рыба, бо там у ваду паступае кісларод. Аднак тут ёсць адно «але». У нас вельмі распаўсюджаны надзіманыя лодкі. Кромка лёду, як правіла, вострая, і прапароць тую гуму яна здольная на раз-два. А калі рыбакі напароліся на такі «міні-айсберг» дзе-небудзь пасярэдзіне возера? Тэмпература вады ў зімовым вадаёме складае максімум плюс два-тры градусы. І пры такіх умовах хопіць трох-чатырох хвілін, каб мышцы замерзлі канчаткова.

Як жа правільна дапамагчы небараку, які праваліўся пад лёд?

— Першае правіла — не саромецца клікаць на дапамогу яшчэ кагосьці з-за вельмі абмежаванага часу. І, вядома ж, загадзя вазьміце з сабой якую-небудзь доўгую жардзіну, шалік, запасную куртку — адным словам усё тое, што вы зможаце падаць чалавеку, які церпіць бедства. Яшчэ адна памылка, якая можа скончыцца смерцю таго, хто ратуе, — бегчы па лёдзе ў поўны рост. Калі чалавек праваліўся, значыць, лёд там крохкі. І таму падбірацца трэба па-пластунску. Чым большая плошча, якую пакрывае цела, тым меншы ціск на покрыва — закон фізікі. Менавіта таму мы і раім выходзіць на лёд разам з кімсьці. Бо калі здарыцца бяда, а вы пасярэдзіне ракі адзін, то на каго вам разлічваць?

Пасля таго як чалавека выцягнулі на бераг, яго трэба як мага хутчэй даставіць у любое цёплае памяшканне, зняць мокрую вопратку і расцерці цела. Снег у гэтай справе — памочнік дрэнны. Пажадана напаіць пацярпелага гарачай гарбатай і ні ў якім разе не саджаць у гарачую ванну.

— Рыбакам трэба экіпіравацца наступным чынам, — працягвае Алег Баразна. — Абавязкова ўзяць з сабой вяроўку і лядовыя штыры. Калі вы праваліліся пад лёд, то з дапамогай гэтых канструкцый вы зачэпіцеся за яго кромку і вылезеце на паверхню. Таксама павінна быць пры сабе ратавальная камізэлька, якая будзе падтрымліваць на вадзе.

Выцягнулі? Заплаці!

— У краінах Балтыі, Расіі працуе спецыяльны закон. Ён устанавіў штрафныя санкцыі за знаходжанне на акваторыі вадаёма падчас ледаставу або разбурэння пакрыцця. Калі нехта ў гэты час праваліцца ў ваду, то будзе вымушаны пасля кампенсаваць усе затраты на сваё выратаванне. Штраф можа даходзіць да некалькіх соцень еўра. У нас жа пакуль што гэтая ініцыятыва застаецца на ўзроўні законапраекта.

Летась на крохкім лёдзе патанулі 26 чалавек, з іх адзін — непаўналетні. Адметна, што з іх 23 былі рыбакамі, а астатнія вырашылі зрэзаць дарогу.

Сёлета за першыя месяцы года лёд адабраў жыцці 8 чалавек. Пяцёра з іх — рыбакі. У сваю чаргу, чацвёра з іх былі ў нецвярозым стане. Яшчэ трое патанулі пры пераходах.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Па тонкім лёдзе

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача. 

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.