Вы тут

Лідзія Заблоцкая: Ніколі не забуду эмоцый ад «Еўрабачання»


Шэсць гадоў таму яна з песняй «Анёлы дабра» заняла трэцяе месца на дзіцячым «Еўрабачанні» ў Ерэване. Тады ёй было ўсяго 13, і, як сама прызнаецца, яна марыла назаўсёды звязаць сваё жыццё з музыкай. Пра творчыя праекты, «зорную хваробу» і тое, чаму ў якасці прафесіі выбрала... журналістыку, Лідзія расказала «Чырвонцы. Чырвонай змене».


— Як атрымалася, што ты вырашыла паступаць вучыцца на журналіста?

— Зараз я на трэцім курсе, але аб гэтай прафесіі задумалася яшчэ ў школе, у восьмым класе, якраз падчас «Еўрабачання». У мяне тады было шмат інтэрв'ю, і я падумала, што гэта вельмі цікава: пастаянна мець стасункі з новымі людзьмі, ездзіць на рэпартажы, даведвацца інфармацыю раней за іншых і потым даносіць яе да чытачоў або слухачоў.

— Ці былі ў цябе нейкія матэрыялы на момант паступлення?

— На творчы экзамен я прыйшла з вялікай папкай журналісцкіх работ. У 11 класе мяне ўзялі на стажыроўку на тэлебачанне. Таксама пісала ў газеты. Дарэчы, у «Чырвонцы. Чырвонай змене» апублікавалі адзін з маіх на той момант самых сур'ёзных артыкулаў — аб пракрастынацыі. Памятаю, было шмат выпраўленняў (смяецца).

— Якімі творчымі праектамі займаешся?

— Цяпер я старшыня творчага саюза БДУ. Мы ладзім розныя канцэрты, творчыя акцыі. Вось, напрыклад, распрацавалі праект «Універсітэцкі паэтычны форум», дзе ўдзельнічаюць студэнты розных мінскіх ВНУ. Праводзім фестываль першакурснікаў «YFM. #тынаволне», дзе трэба праходзіць этапы з выпрабаваннямі і творча праяўляць сябе. Майстар-класы, мерапрыемствы для забавы і развіцця — гэта тое, дзе я набіраюся натхнення і аддаю частку сябе ўніверсітэту.

— А што з музыкай: ці выступаеш зараз дзе-небудзь?

— Калі гляджу якія-небудзь музычныя праекты або шоу, то як быццам бы чую голас той маленькай Ліды, якой я калісьці была. Яна кажа мне: «Паспрабуй! Гэта ж была твая мара!» Адзін час нават мае сябры казалі, што перастануць са мной размаўляць, калі я не пайду на кастынг шоу-праекта «Голас».

Канцэрты БДУ і рэспубліканскія канцэрты, на якія мяне запрашаюць, — гэта добра. Але каб ісці і спрабаваць сябе ў сапраўды сур'ёзных праектах, патрэбен добры аўтарскі матэрыял. Так, я пішу музыку, але для моцнай песні неабходныя такія ж словы. І толькі тады я, магчыма, зраблю тое, што калісьці, у 13 гадоў, здолела са сваім выкладчыкам напярэдадні «Еўрабачання». Але, напрыклад, мае бацькі ўпэўнены: калі я вызначылася з прафесіяй, значыць, і развівацца павінна як журналіст.

— Ці памятаеш тыя эмоцыі, якія адчувала падчас конкурсу?

— Калі ехала, спецыяльна праграмавала сябе, нават пісала ў нататніку: «Я павінна ўвайсці ў тройку найлепшых». І ўвайшла ў гэтую тройку, але ніколі не забуду свае эмоцыі. Калі называлі балы, доўга была першай, потым стала другой, потым зноў першая. Я была блізка да перамогі, але ў выніку заняла трэцяе месца. І ніколі не змагу забыць тыя перажыванні.

— Калі б прапанавалі, паехала б зараз на дарослае «Еўрабачанне»?

— Зноў жа, калі будзе якасны матэрыял і добрая каманда. Трэба разумець, што дзіцячы конкурс і дарослы — абсалютна розныя. У першым выпадку адразу відаць дзіця і яго талент. На дарослым «Еўрабачанні» больш важна, як ты будзеш здзіўляць публіку. Гэта шоу. Напэўна, формула поспеху прыкладна такая: яркі вобраз, эмоцыі, простая запамінальная песня.

Я камунікую з «дзецьмі «Еўрабачання», як нас вельмі часта называюць. Сустракаюся з Воляй Сацюк, якая працягвае музычную кар'еру ў Беларусі, Русланам Асланавым. Кантактую з Юрам Дземідовічам. Ён зараз у Маскве, займаецца музыкай, удзельнічае ў конкурсах. Дарэчы, вельмі цікава, што яго па-ранейшаму часам успрымаюць як таго самага «чароўнага трусіка». Як і мяне, бывае, называюць «анёлам дабра».

— Калі знаёмішся з людзьмі, кажаш, што ты ўдзельнічала ў дзіцячым конкурсе?

— «Дзеці «Еўрабачання», мне здаецца, ніколі не гавораць пры знаёмстве з кімсьці аб тым, што ўдзельнічалі ў ім. Са мной бывалі сітуацыі, калі чалавек, якому стала вядома аб гэтым факце, пачынаў ставіцца да мяне не вельмі добра. Іншымі словамі, не даведаўшыся пра мяне больш, адразу думаў, што я лічу сабе «зоркай». І тады вельмі хочаш даказаць адваротнае: ты звычайная, такая ж, як і ўсе астатнія дзяўчаткі.

— Ці дапамагае ўдзел у «Еўрабачанні» ў жыцці?

— Безумоўна, гэта быў каласальны вопыт. Конкурс навучыў мяне трымацца, прэзентаваць сябе, заводзіць стасункі. У мяне ўнутры з'явіўся нейкі «стрыжань». Што датычыцца вучобы... Не было такога, што на нейкім іспыце мне ставілі адзнаку толькі за тое, што я ўдзельнічала ў «Еўрабачанні». Мабыць, таму, што Інстытут журналістыкі БДУ прыцягвае шмат таленавітых людзей. І тут нікога не здзівіць тым, што хтосьці дзесьці спявае ці ўдзельнічае ў нейкіх конкурсах.

Але вось, напрыклад, мой вопыт быў вельмі карысны для БДУ, калі мне прапанавалі паўдзельнічаць у міжнародным песенным конкурсе сярод моладзі «Youthvіsіon» у Азербайджане. Там мы прадстаўлялі журы не ўласныя кампазіцыі, а каверы.

— Што наконт «зорнай хваробы»? Ці была яна ў цябе?

— Была (смяецца), але яе вельмі хутка адбілі. Я толькі вярнулася з «Еўрабачання», мяне сустракалі ўсёй школай, я праз дзень давала інтэрв'ю, бывала на прыёмах. Мая мама пачала заўважаць, што яе дачку ўсё гэта зацягвае, і сказала: «Тое, што ты зрабіла, не толькі твая заслуга. Якой ты была, такой і засталася». Яна сказала гэта вельмі спакойна, але яе словы вельмі балюча ўдарылі. І я сапраўды зразумела: так, я чагосьці дасягнула, але не маю права лічыць сябе «каралевай».

— Кім бачыш сябе праз 10 гадоў?

— У «Белтэлерадыёкампаніі». Але не вядучай навін, а, напрыклад, асістэнтам прадзюсара. Мне падабаецца прыдумляць новыя праекты, займацца іх арганізацыяй. Яшчэ праз 10 гадоў я бачу сябе мамай.

— Як адпачываеш ад заняткаў ва ўніверсітэце і сцэны?

— Так выйшла, што свой вольны час я часцей за ўсё праводжу ва ўніверсітэце. З сябрамі і калегамі мы працуем над новымі праектамі. Так адпачываю і атрымліваю ад гэтага задавальненне, нават калі прыходжу дадому ў 23.57.

Яшчэ я люблю чытаць. Доўга, удумліва, штосьці адзначаць для сябе. Адна з апошніх кніг, якую я прачытала, — «Мастацтва кахаць» Эрыха Фрома.

Люблю глядзець фільмы і серыялы, хаджу з сябрамі на выстаўкі ў Нацыянальны мастацкі музей. Але доўга так праводзіць час усё роўна не магу. Калі ў мяне канікулы, ужо праз тры-чатыры дні я зноў хачу працаваць, ладзіць праекты, сустракацца і знаёміцца з людзьмі.

— У 2018 годзе Беларусь зноў прыме ў сябе дзіцячы конкурс...

— Гэта вельмі крута! Я была вельмі рада, калі даведалася пра тое. У Беларусі ёсць прафесійная крэатыўная каманда, якая да драбнюткіх тонкасцяў прадумае ўвесь конкурс. У 2011 годзе шведскія аператары і менеджары дзіцячага «Еўрабачання» з цяплом успаміналі арганізацыю конкурса ў Беларусі годам раней. Таму што ўсё было зроблена на вышэйшым узроўні. Для нашай краіны гэта перш за ўсё выдатны піяр. А яшчэ вопыт для ўсіх, хто ўдзельнічае ў арганізацыі і ў асвятленні падзеі.

Ганна БАГІНО

bahіno@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».