Вы тут

Чаму вучаць у «Інстытуце шляхетных дзяўчат»?


Праект з такой назвай запусцілі сёлета студэнткі БДУ. Не, там не вучаць варыць супы і смяяцца з жартаў мужа. Не ХІХ стагоддзе ж! У сучасным «Інстытуце шляхетных дзяўчат» «вучаніцам» дапамагаюць павысіць самаацэнку, раскрыць свой талент і зразумець, што ўсе мэты дасягальныя.


— Кажуць, што добрыя думкі прыходзяць у розныя галовы адначасова. У нас так і атрымалася, — расказвае, як узнікла ідэя, студэнтка трэцяга курса Інстытута журналістыкі Надзея МАРХЕЛЬ.

Праект яна распрацоўвала разам з выпускніцай геаграфічнага факультэта Кацярынай Дунец і чацвёртакурсніцай Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій Вольгай КРАЎЧАНКАЙ. Дзяўчаты збіраліся, пяклі блінцы і пісалі «навучальную праграму».

Трапіць у лік удзельніц аказалася няпроста: месцаў было ўсяго дзесяць, а пададзеных заявак — больш за 70! Адбіралі самых матываваных, каб не «саскочылі» падчас курса, так што напісаць у анкеце «хачу даведацца пра нешта новае» было недастаткова. Прычыны паўдзельнічаць у студэнтак былі розныя. Хтосьці прызнаваўся, што вельмі саромеецца людзей і таму не ўмее знаёміцца. А адна з дзяўчат напісала ў заяўцы: «Хачу забіць у сабе ўнутранага мужыка». Аказалася, што з-за сваіх грубых манер яна не магла знайсці сабе пару, бо прыгнятала хлопцаў.

На працягу трох месяцаў для дзяўчат праводзілі майстар-класы на розныя тэмы: матывацыя, прыгажосць, грацыя, здароўе. Яны вучыліся этыкету, практыкаваліся ў вакале, займаліся стрэтчынгам (відам фітнесу). Некалькі сустрэч было прысвечана псіхалогіі. На адной з іх, напрыклад, удзельніцы спрабавалі раскрыць свой галоўны талент. Для некаторых дзяўчат было нечаканасцю даведацца, што яны памыліліся з выбарам спецыяльнасці: трэба было ісці вучыцца зусім іншай прафесіі... Быў таксама занятак па нейраграфіцы. Тэхніка заключаецца ў тым, што, пакуль ты думаеш аб праблеме, малюеш лініі, — пытанне само вырашаецца. Што цікава, запрошаныя псіхолагі згаджаліся выступіць для студэнтак бясплатна, хоць звычайна адна іх кансультацыя каштуе да 100 долараў у гадзіну.

Разам з прафесійным стылістам удзельніцы праекта даследавалі свой гардэроб. З часопісных выразак стваралі калаж таго адзення, якое ім падабаецца, а эксперт каментавала ўбачанае. Так, калі дзяўчына выбірае пераважна лёгкія сукенкі, значыць яна хоча, каб яе абаранялі і падтрымлівалі. Адна са студэнтак, дарэчы, пасля гэтага майстар-класу кардынальна змяніла гардэроб: аказалася, што яна пераймала стыль сяброўкі, хоць ёй самой пасуе зусім іншы вобраз. Таму цяпер замест джынсаў і красовак дзяўчына часцей носіць спадніцы і туфлі.

У канцы праекта для дзяўчат зладзілі сапраўдны выпускны — з доўгімі сукенкамі і фотасесіяй. За тры месяцы ўдзельніцы заўважна змяніліся — сталі больш адкрытыя. Вось некаторыя водгукі.

«Калі я ўбачыла аб'яву аб кастынгу, спачатку падумала, што мне, пэўна, не трапіць на праект, паколькі і без мяне будзе шмат ахвотных і тых, хто больш падыходзіць. Але на наступны дзень вырашыла рызыкнуць. І не дарэма. Я прыйшла, каб стаць упэўненай у сваіх сілах. Хачу адзначыць, што вялікі прарыў ёсць», — напісала Вікторыя Грышкевіч. Дарэчы, да ўдзелу ў праекце гэта высокая зграбная дзяўчына хацела паспрабаваць сябе ў якасці мадэлі. Тым больш і прапановы паступалі. Але сціплая Віка не рашалася: строгія бацькі маглі не падтрымаць яе ідэю. А цяпер дзяўчына ўдзельнічае ў модных паказах.

«З гонарам магу сказаць: «Я шляхетная дзяўчына!», — піша іншая ўдзельніца Настасся Мядзведзьева. — Мне спадабаліся тэмы тыдняў і сама ідэя праекта. Дзякуючы яму я навучылася працаваць у камандзе, стала больш дысцыплінаванай (не спазняюся на пары), правільна планую свой дзень. Пасля сустрэчы з псіхолагам разабралася са сваімі ўнутранымі праблемамі, у мяне палепшыліся адносіны з мамай і сябрамі. Галоўны талент, які я ў сабе раскрыла, дапамагае мне ў арганізацыі ўжо свайго конкурсу. А яшчэ я вучылася любіць сябе такой, якая ёсць».

— Дзяўчаты часта заўважаюць у сабе больш негатыву — маўляў, тоўстая, непрыгожая — і менш звяртаюць увагі на тое, хто яны ёсць насамрэч. Не адчуваюць, што яны ўжо прынцэсы, — агучвае праблему начальнік аддзела маладзёжных праграм і праектаў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДУ Наталля КАПАЦЭВІЧ. — Студэнткі ішлі на праект з мэтай штосьці змяніць у сабе, а ў выніку аказалася, што яны і так таленавітыя, толькі раней не бачылі гэтага.

«Інстытут шляхетных дзяўчат» цяпер удзельнічае ў конкурсе найлепшых маладзёжных праектаў БДУ. А трэцякурсніца Надзея Мархель думае, што добра было б запусціць падобную серыю майстар-класаў для хлопцаў. Раптам хто са студэнтаў падхопіць ідэю? Трэба ж рыхтаваць прынцаў для шляхетных дам.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Быць упэўненай у сабе!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Надзея для Вары

Надзея для Вары

Калi хварэюць блiзкiя, гэта заўсёды гора, але няма гора большага, чым калi хварэюць дзецi. 

Грамадства

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Мiнiстр абароны — пра складаны шлях да генеральскiх пагонаў, перспектывы развiцця беларускай армii i мiрнае неба над галавой.