Вы тут

Кіраўнік «Вербіцы» Алесь Свірскі распавёў пра сакрэты народных спеваў


Там, дзе спяваюць беларускія народныя песні, ажывае душа! У яе быццам з'яўляюцца нябачныя крылы, якія дапамагаюць узняцца па-над мітуснёй і жыццёвымі праблемамі. Раней без добрай песні не абыходзілася ні адно застолле. Аднак у наш час народныя спевы гучаць усё радзей і радзей. Ці, можа, наадварот, гэта творчасць знаходзіць новае месца ў сучаснай культуры? Каб разабрацца ва ўсіх таямніцах народных спеваў, а таксама паслухаць іх у жывым выкананні, карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з мастацкім кіраўніком беларускага народнага фальклорнага ансамбля «Вербіца» Алесем СВІРСКІМ.


— У вашага калектыву надзвычай багатая музычная палітра. Як падбіраеце творы?

— Мы выконваем народныя аўтэнтычныя песні, таксама іх апрацоўкі. Гэта досыць вядомыя творы — іх спяваюць многія калектывы. Але галоўнае, як яны спяваюцца... Асабіста мы вылучаемся душэўнасцю і праўдзівасцю — імкнёмся так данесці твор да слухача, каб закрануць яго душу. Спяваем народныя песні розных краін — не толькі беларускія, але і польскія, латышскія, літоўскія. Бо калі едзем за мяжу, то, як падарунак, вязём песню той краіны, у якую завітваем. У Польшчы бываем найчасцей, таму ў нас шмат развучаных песень гэтай краіны. Вось і нядаўна ездзілі туды на фестываль патрыятычнай песні. Аднак у нашым рэпертуары не толькі народныя, але і духоўныя песні — адпаведны цыкл выконваем, калі даводзіцца выступаць у цэрквах ці касцёлах. Такім чынам, ёсць рэлігійныя, калядныя песні. Маем і купальскія, жніўныя творы, якія не выкарыстоўваем часта, але спяваем пры патрэбе. Напрыклад, падчас Дажынак пелі жніўныя песні, калі на Купалле запрасілі выступіць, — адпаведна, мелі падрыхтаваныя кампазіцыі.

— Вось вы кажаце пра выступленні за мяжой... А як там даведваюцца пра ваш калектыў?

— Дзякуючы сацыяльным сеткам і напрацаваным знаёмствам. Скажу шчыра, за мяжу запрашаюць выступіць нават часцей, чым у Беларусі. Тут айчынная культура не вельмі ў пашане і не надта запатрабаваная. Большым попытам карыстаецца поп-музыка. Але праз гэта мы губляем свае карані. Бо народная песня прыйшла ад матуль, ад бабуль, у ёй закладзены генетычны код, які перадаецца нам. Калі мы будзем адмаўляцца ад яго, то згубім сябе як нацыю і як народ. Натуральна, я не заклікаю ўсіх спяваць народныя песні. Але кожная грамада, якая сябе паважае, пры адпаведных умовах спявае — калі надараецца свята напрыклад. Гэта тая нітачка, якая злучае з продкамі, перадаецца ад пакалення да пакалення. У ёй ёсць пэўная энергія, таму губляць такое нельга. Трэба, каб і ў садках, і ў школах гучалі народныя песні.

— Сапраўды, прыгадваюцца сямейныя застоллі, на якіх пастаянна спявалі. Цяпер гэта традыцыя быццам бы адыходзіць...

— Па-першае, людзі перасталі так часта сустракацца, хадзіць адзін да аднаго ў госці. Раней не было камп'ютараў, мабільных тэлефонаў, таму сустракаліся і размаўлялі, гледзячы адзін аднаму ў вочы. А зараз жывыя стасункі замяняюць электронная скрыня, вайбер і іншыя прыстасаванні, якія, з аднаго боку, палепшылі жыццё чалавека, зрабілі яго лягчэйшым. Але ў той жа час людзі сталі не так часта, як хацелася б, бачыцца і ладзіць нейкія агульныя святы. Калі раней нехта прыходзіў у госці, гэта было сапраўднай падзеяй. Накрывалі стол, сядзелі, размаўлялі, спявалі. У маім дзяцінстве таксама пастаянна прыходзілі госці да бацькоў і, натуральна ж, усе разам спявалі. Цяпер гэта традыцыя замяняецца тэлебачаннем, радыё, на якіх ёсць музычныя каналы, смартфонамі... Падаецца, навошта спяваць, калі можна паглядзець і паслухаць.

— Хто ж спявае ў вашым ансамблі?

— Гэта не прафесіяналы — аматары. Людзі, якія пасля працы едуць на спевы. Хтосьці ў думках перажывае, што дома дзіця адно робіць урокі, што трэба яшчэ прыехаць і прыгатаваць сям'і вячэру. Але песня перамагае!.. Працуюць нашы выканаўцы ў розных сферах — у прамысловасці, турызме, тэхабслугоўванні... Гэта вельмі розныя людзі, але ўсіх іх аб'яднала любоў да песні і да таго, што мы робім.

— Як думаеце, чаму іх натхняюць народныя спевы?

— Пэўна, песня дае энергетычную зарадку, пэўную радасць у жыцці. З'яўляецца вельмі яскравае адчуванне, калі спяваеш на канцэрце, і людзі табе ўдзячныя, чуеш іх апладысменты. Тыя падзякі, што прыходзяць, і нават слёзы, якія выклікае ў слухачоў тая ці іншая песня, — яны пакідаюць уражанне, што не дарэмна быў пражыты дзень, і што ўвогуле ты не дарэмна з'явіўся на гэты свет. Калі песня кранае пэўныя струны ў сэрцы, душы людзей, значыць, ты робіш добрую справу, і яна не дарэмная.

— Адчуваецца высокі ўзровень спевакоў «Вербіцы»...

— Натуральна, стараемся, сам ансамбль існуе ўжо 37 гадоў. Нядаўна склад «Вербіцы» змяніўся, амаладзіўся: старэйшыя пайшлі на заслужаны адпачынак. Індывідуальную пастаноўку голасу з кожным не робім, але праводзяцца распеўкі. Ладзіцца работа па культуры спеваў. Я скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры па класе «харавыя спевы» ў прафесара Дробыша, ужо нябожчыка. З ансамблем «Валачобнікі» ў свой час мы аб'ездзілі паўсвету і там я атрымаў шмат досведу. У гэтых паездках найперш пасябраваў з беларусамі замежжа. Нас запрашалі выступаць нават аргенцінскія беларусы!

— Песні ў хатах часам яшчэ даводзіцца чуць. А вось пераемнасць танцавальнай культуры, здаецца, зусім згубілася...

— І сёння існуюць простыя, народныя танцы, якія выконваліся здаўна. І ў іх няма нейкіх складаных элементаў. Мы часам танцуем польку-бабачку, кракавяк, ойру. Такія танцы акурат нясуць станоўчы эмацыянальны зарад і ў той жа час з'яўляюцца вельмі добрым фітнесам. Скажу нават больш: я параіў бы ўсім тым, хто клапоціцца пра сваё здароўе і хоча захаваць добрую фігуру, — спявайце і танцуйце!

— Ці ладзіце танцавальныя вечарынкі?

— Так, у нас праходзілі фальклорныя танцавальныя вечарыны. Разам з вядомым бардам і дударом Змітром Сідаровічам, які, на жаль, ужо памёр, у Палацы культуры МАЗа ў Мінску мы ладзілі такія вечарыны. Шмат людзей збіралася. Танцавалі на працягу дзвюх з паловай гадзін пад жывы гук — дуду, скрыпку, бубен, гармонік, цымбалы...

— Чаму не ладзіце нешта падобнае ў наш час?

— Гэта робяць іншыя людзі, у цэнтры сталіцы. Палац, у якім мы збіраемся, размяшчаецца не ў такім зручным месцы — людзям складана сюды дабірацца. А патрэбна большая масавасць. З іншага боку, нават на канцэрты не заўсёды распрадаюцца квіткі — чуў, што такая ж сітуацыя і ў іншых залах. Народ не вельмі багаты, таму неахвотна наведвае культурныя імпрэзы.

— Распавядзіце, як быў заснаваны ваш калектыў?

— Утварыўся ансамбль у 1979 годзе. Напачатку спевакі збіраліся на базе завода механазборачнай вытворчасці. Калектыў тады быў жаночы і меў назву «Рунь». Потым далучыліся мужчыны, акурат пабудаваўся Палац культуры МАЗа, дзе і пачалі займацца. Займелі назву «Вербіца» — ад «вярбы», вельмі гнуткай расліны, якую ў той жа час цяжка зламаць. Гэта сімвалічна для нашага ансамбля, бо мы маем свой погляд на ўсе рэчы — і на песні, і на танцы, і на жыццё — мы хінёмся, але зламіць нас немагчыма. І гэта першая расліна, якая абуджаецца вясной, на ёй распускаюцца коцікі — што таксама для нас сімвалічна.

— Бачу на сцяне ў вашым кабінеце дуду. Гэта ваш уласны інструмент?

— Дуду мы хацелі набыць даўно, аднак не было грошай. Затое ў нас ёсць свае фанаты, якія пастаянна нас слухаюць, часам бяром іх у паездкі. І вось яны склаліся грашыма і набылі нам дуду... Яшчэ калі вучыўся ва ўніверсітэце культуры і ўваходзіў у «Валачобнікі», іграў на розных інструментах — у тым ліку і на дудзе, а таксама на дудачцы, на гармоніку.

— Вы захапляецеся гісторыяй, папулярызуеце народныя песні. Як бы вы ахарактарызавалі наш час, ці цікавяцца людзі сваім мінулым?

— У грамадстве ёсць цікавасць. Але людзям трэба даць выбар. Не варта нічога насаджваць гвалтоўна. Бо поп-музыка сёння навязваецца: які канал ні ўключы, адусюль яна іграе. Пэўна, мы адзіная краіна, дзе на fm-радыё няма класічнай хвалі. Ва ўсім свеце ёсць такія каналы, у некаторыя гадзіны класіка мяняецца на народныя творы, фальклор. У нас жа толькі на Першым канале беларускага радыё і на канале «Культура» можна зрэдку штосьці такое пачуць. Калі і з'яўляюцца пэўныя перадачы, такія, як «Спявай, душа народная», яны доўга не існуюць. Калісьці быў фалькларыст Васіль Ліцвінка, які па тэлебачанні яшчэ ў савецкі час рабіў перадачы «Запрашаем на вячоркі». З розных вёсак прывозілі музыкаў — яны ладзілі такія ж вячоркі, як і ў вёсках. На жаль, гэта традыцыя сёння згублена, трэба яе аднаўляць. І заахвочваць людзей: цяжкія часы лягчэй перажываюцца з песняй. Унутраны стрыжань, энергія народнай творчасці дапамогуць знайсці выйсце са складаных сітуацый.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: З песняй жыць лягчэй!

Каментары

Дзякуй Богу, што ёсць такія добрыя, таленавітыя, шчырыя, патрыятычныя людзі! Якія ведаюць і шануюць гісторыю свайго народа, і з павагай ставяцца да сваіх каранёў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».