Вы тут

Галасы далёкіх дарог


Калі ўспамінаю Валянціна Антонавіча Лукшу, міжвольна прыгадваю знакамітую некалі песню «Стаяць на рэйдзе нашы брыганціны…», аўтарам тэксту якой і быў паэт. Гэтая песня «родам» з гадоў юнацтва многіх, каму сёння пад семдзесят ці нават ужо і болей. Калі яна ўпершыню прагучала, усе мы былі маладыя: малады быў Валянцін Антонавіч, якому на той час споўнілася ўсяго 29 гадоў; кампазітару Ігару Лучанку, які паклаў верш на музыку, — на год меней. Песня настолькі спадабалася ўсім, што адразу, карыстаючыся сённяшнімі паняццямі, стала хітом. Спявалі яе ля кастроў і ў застоллі, гучала яна на розных вечарынах і, вядома, ці не штодня перадавалася па радыё. Асабліва па заяўках удзячных слухачоў.


Валянцін Лукша

Некалькі гадоў уся Беларусь спявала:

Стаяць на рэйдзе нашы брыганціны,

Стаяць і морам трызняць каравелы.

І сотні вёрст,

і сотні дзён прайсці нам,

Калі яны падымуць крылы белыя.

 

Прыйшлі ў свае сямнаццаць да прычала,

Прыйшлі, на іх глядзім маўкліва, строга.

І сто вятроў са ста дарог крычала,

І клікала далёкая дарога.

Валянціна Лукшу таксама паклікала, прывабіла далёкая дарога. Пасля заканчэння ў сваім родным Полацку ляснога тэхнікума дзевятнаццацігадовым юнаком паехаў па размеркаванні ў Пензенскую вобласць. Працаваў памочнікам таксатара Пензенскай аэрафоталесаўпарадчай экспедыцыі. Праўда, затрымаўся там нядоўга — вярнуўся на родную Полаччыну. На беразе Заходняй Дзвіны акурат узводзіўся новы горад. Той, які сёння называецца Наваполацкам. Разумеў Лукша: навошта шукаць рамантыку ў далёкіх краях, калі яна поруч з бацькоўскім домам. Знаёмае, блізкае з маленства паядноўвалася з новым, нязведаным. Хіба можна было пра гэта не пісаць?! Тады ж і нарадзіўся адзін з лепшых ягоных вершаў «Глушцы»:

Прыляцелі, сабраліся дзівакі,

Дзе было такавішча,

На ўзбярэжжы ракі,

І зайшліся, прыжмурыўшы вочы,

На гудроне цэнтральнай плошчы.

 

… Ды нядоўгім было такавішча глушцоў —

Раскалоў першы промень морак,

 І пабачылі птушкі — З усіх бакоў,

Нібы воблачка, белы горад.

Працаваў інструктарам Полацкага гаркама камсамола, камсоргам трэста № 16 «Нафтабуд». Крыху пазней звязаў лёс з мясцовым друкам. Пісаў пра тое, што добра ведаў і пра што не мог не пісаць. Усё гэта выношвалася ў сэрцы, прапускалася праз душу. Як і вершы, што ўвайшлі ў дэбютную кнігу «Гарады нараджаюцца сёння» (1964). Зборнікі дакументальнамастацкай прозы «Наша полацкая прафесія» (1966) і «Рамантыкі шасцідзесятых» (1967) таксама шмат у чым — з уласна перажытага, з багатых жыццёвых назіранняў.

 У далейшым выступаў у розных жанрах. Заявіў пра сябе не толькі як цікавы паэт, але і як па-грамадзянску актыўны публіцыст, патрабавальны, удумлівы перакладчык. Дый паспрабаваў мажлівасці ў жанры радыёоперы, напісаўшы лібрэта «Барвовы золак», якое на музыку паклаў кампазітар Кім Цесакоў. Опера, у якой паўстаюць, нібы жывыя, героі Мележавай «Палескай хронікі», прагучала па радыё ў 1979 годзе. А праца над лібрэта распачалася яшчэ ў 1967 годзе. Памятаю дакладна, бо якраз студэнтам праходзіў практыку ў рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», дзе Валянцін Антонавіч загадваў аддзелам літаратуры.

Паважліва ставіўся да маладых талентаў. Рэгулярна ў «Чырвонцы» змяшчаліся літаратурыя палосы, рэцэнзаваліся новыя кнігі, праходзілі пасяджэнні літаб’яднання. У цэнтры гэтага кіпучага творчага жыцця быў сам загадчык аддзела. Малады, энергічны, прыгожы, ён умеў згуртоўваць вакол сябе. Хутка і я знайшоў з ім агульную мову. Калі падзяліўся са мной, што збіраецца пісаць лібрэта па творах Мележа, я, не задумваючыся, прапанаваў яму кнігу «Подых навальніцы», якую толькі што набыў.

Пазней Лукша працаваў на рэспубліканскім радыё. Калі ж стаў дырэктарам новага выдавецтва «Юнацтва», ярка раскрыўся і яго арганізатарскі талент: за дваццаць гадоў на гэтай пасадзе ён ператварыў «Юнацтва» ў адно з вядучых выдавецтваў гэтага профілю на савецкай, а потым і на постсавецкай прасторы. Было ажыццёўлена багата праектаў, што займелі шырокі рэзананс. Найперш унікальная «Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР».

Пабачыла свет выданне, роўных якому па значнасці не было на тэрыторыі Савецкага Саюза: пятнаццаць тамоў, шаснаццаць кніг! Былі прадстаўлены літаратуры для дзяцей усіх саюзных рэспублік, а Расійскай Федэрацыі адведзены ажно дзве кнігі. Дарэчы, том беларускай літаратуры «Вяснянка» вытрымаў два выданні. За гэтую серыю Валянцін Лукша, а таксама пісьменнікі Уладзімір Анісковіч і Уладзімір Карызна, якія, рэдагуючы асобныя тамы, вельмі шмат зрабілі для паспяховага ажыццяўлення такой маштабнай задумы, былі ўганараваныя Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь.

Дзякуючы Лукшу, распачаўся і яшчэ адзін не менш маштабны выдавецкі праект — «Бібліятэка замежнай дзіцячай літаратуры». Ён разлічваўся ажно на 30 тамоў! На жаль, з-за неспрыяльных умоў быў спынены пасля выхаду некалькіх кніг. Затое паспяхова папаўняліся серыі «Бібліятэка прыгод і фантастыкі», «Бацькаўшчына», «Эўрыка» і іншыя.

Не менш важна і тое, што з лёгкай рукі Валянціна Антонавіча беларуская дзіцячая літаратура, па сутнасці, заваявала ўвесь свет. За пятнаццаць гадоў творы ў перакладзе на 16 моў былі накіраваныя ў 110 краін, а ўсё лепшае з замежных літаратур, як правіла, выдавалася па-беларуску.

Выдавецкі клопат, аднак, не перашкаджаў актыўнай творчай працы. Валянцін Антонавіч паспяхова пашыраў жанравыя абсягі: напісаў гераічную драмупаэму «Белыя берагі», паэму-хроніку «Падснежнікі для Веры». Многія яго вершы сталі песнямі. Вельмі важкія набыткі ў галіне дзіцячай літаратуры: кнігі вершаў і казак «Аркестр», «Зялёная бальніца», «Лета круглы год», «Крылаты цэх», «Як Ліса вучылася лётаць», «Адзін у свеце край», «Дзень-залацень» — светлыя, сонечныя, дасціпныя. У іх напоўніцу выяўляецца разнастайны свет маленства.

Творчасць Валянціна Лукшы застаецца эмацыянальна блізкай і сённяшняму пакаленню аматараў беларускай літаратуры.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».