Вы тут

Надзея Ясмінска: «Творчы чалавек гэта дзіця, якое выжыла»


Надзея Ясмінска (Карэліна) — пісьменніца, якая развівае жанры фэнтэзі і магічнага рэалізму, актыўна працуе ў дзіцячай літаратуры. Піша і «для тых, хто шануе ў сабе ўнутранае дзіця». Гутарка з ёю пачалася з наступнага пытання:


— Сёлета вы ўдзельнічалі ў міжнародным конкурсе «Новая дзіцячая кніга» ўсерасійскага выдавецтва «РОСМЭН», дзе атрымалі ўзнагароду чытацкага галасавання за рукапіс «Заклінальнік адзінарогаў». Узяць удзел у гэтым конкурсе было ўсвядомленым ці спантанным жаданнем? Што вы адчулі, калі даведаліся, што чытачам найбольш спадабалася менавіта вашая кніга?

— Калі я пачала ствараць «Заклінальніка адзінарогаў», то не думала ні пра «Новую дзіцячую кнігу», ні пра які-небудзь іншы конкурс. Гэты рукапіс быў для мяне адначасова выклікам і цікавым эксперыментам: справа ў тым, што я распачала яго, не маючы ані найменшага ўяўлення пра сюжэт. Проста прыдумала пачатак: юнак стаіць ля рынкавага пляца і піша на плоце абвесткі «Заклінальнік шукае працу». Што будзе далей, хто вораг, хто сябар? Невядома… Я пісала на адным натхненні, нават не здагадваючыся, што будзе на наступнай старонцы. Вядома, на сярэдзіне аповесці ўжо ведала, якая чакае герояў развязка.

Мае першыя чытачы параілі падаць твор на конкурс «Новая дзіцячая кніга», але ён аказаўся замаленькі па аб’ёме. Тады я стварыла другую частку гісторыі і адаслала на суд журы ўжо дылогію. Шчыра кажучы, мала разлічвала на поспех, бо «Заклінальнік адзінарогаў» не надта ўпісваўся ў канцэпцыю выдавецтва «РОСМЭН». Але я ўсцешаная, што гісторыя знайшла водгук у чытачоў — хай сёння ў модзе «цёмнае фэнтэзі», усё адно многія працягваюць любіць добрыя светлыя казкі.

— Якая будучыня чакае «Заклінальніка адзінарогаў», што ўжо займеў прыхільнікаў і ў дзіцячай, і ў дарослай аўдыторыі? Усё-ткі пераможцам ён не стаў, хаця і атрымаў чытацкую ўзнагароду.

— Штогод выпускаецца мноства кніг для дзяцей і падлеткаў без узнагарод і рэгалій. Мяркую, што «Заклінальнік…» атрымае папяровы пераплёт, няхай і не адразу і ў іншым выдавецтве. Напрыклад, сваю апошнюю аповесць «Васкавы чараўнік» я адсылала на розныя конкурсы, у многія выдавецтвы, але яе ніхто нібыта не заўважаў. Тым не менш у адным мне пашчасціла: кніжка пабачыла свет у цвёрдай вокладцы і з цудоўнымі ілюстрацыямі ў выдавецтве «Чатыры чвэрці». Таму спадзяюся, што і ў «Заклінальніка…» яшчэ ўсё наперадзе, як і самыя цікавыя прыгоды ў герояў.

— Чытачы ведаюць вас як Надзею Ясмінска. Раскажыце гісторыю стварэння псеўданіма.

— Гісторыя вельмі простая, на рускай мове ён расшыфроўваецца так: «Я-сМинска». Калі я рыхтавала сваю першую кнігу, маленькі зборнік фэнтэзі-вершаў «Зялёныя песні Эрмінтыі», працавала ва ўніверсітэце і пісала многа навуковых артыкулаў пад сваім сапраўдным прозвішчам. У мяне былі нават падручнікі па маркетынгу і рэкламе. Таму я вырашыла, што трэба раздзяліць дзве гэтыя творчыя асобы: тую, што піша сур’ёзныя кнігі для студэнтаў, і тую, што прыдумляе чароўныя казкі для дзяцей. Да таго ж у Беларусі ў мяне брат-драматург, яго жонка — паэтэса. Мне не хацелася быць часткай клана і пастаянна адказваць на пытанні: «А вы, часам, не сваячка таго і гэтага?». Мяне прываблівала думка быць самой сабой, ісці сваёй дарогай, і са сваім псеўданімам я пачуваюся вельмі камфортна.

— Вы лічыце сябе беларускай ці рускай пісьменніцай?

— Я — беларуская пісьменніца, якая піша на дзвюх мовах: рускай і беларускай.

— Міхаіл Лермантаў напісаў «Дэмана» ў юным узросце, 18-гадовая Мэры Шэлі, якая праславіла сябе кнігай «Франкенштэйн», напісала яе на заклад з Байранам. А што падштурхнула вас упершыню выказаць свае думкі на паперы?

— Я заўсёды была заўзятым кнігалюбам, а ў кнігалюбаў, як вядома, цудоўная фантазія. І ў нейкі момант майму ўяўленню стала цесна ў межах чужых сюжэтаў. Мне захацелася змясціць знаёмых герояў (напрыклад, персанажаў народных казак) у іншыя ўмовы, прыдумаць ім новыя прыгоды. Паступова героі набывалі індывідуальнасць, а гісторыі з імі станавіліся больш яркія і насычаныя. Але гэта быў доўгі, практычна «дарвінаўскі» шлях. Не памятаю ў сваім жыцці выразнага моманту, калі пачала пісаць: маўляў, учора была яшчэ звычайная дзяўчынка, а сёння ўжо пісьменніца.

— Пра вашую творчасць ведаюць не ўсе. Ракажыце крыху, пра што вы пішаце. Так, нібыта ўпершыню прадстаўляеце сябе чытачам.

— Я не ўмею пісаць сур’ёзныя вершы. У мяне не атрымліваецца ствараць меладрамы і выдумляць шчымлівыя любоўныя гісторыі... Я пішу фэнтэзі для падлеткаў і дарослых: там цуд такі ж натуральны, як паветра. Таму мне падабаецца магічны рэалізм — там у любы момант можа сцерціся мяжа паміж рэальным і нерэальным. І, вядома ж, менавіта таму я прыдумляю казкі — для дзяцей і для тых, хто шануе ў сабе ўнутранае дзіця.

— А чаму вырашылі пісаць менавіта для дзяцей і падлеткаў?

— Мабыць, праз тое чараўніцтва, пра якое я казала раней. А можа, праз тое, што я сама люблю гісторыі для дзяцей і падлеткаў. Калі б я раптам пачала пісаць якія-небудзь іранічныя дэтэктывы на замову, то пакутавала б і як пісьменнік, і як чытач. Нездарма кажуць, што творчы чалавек — гэта дзіця, якое выжыла.

— Ці бывала, што героі паводзіліся па-свойму, а не паводле аўтарскай задумы?

— Так, гэта здаралася. Часам я нават казала сваім выдуманым персанажам: «Родныя мае, што вы робіце?», а яны нібыта адказвалі: «Не хвалюйся, усё ідзе як трэба». І пасля я разумела: так, героі робяць правільны выбар. Нехта можа бачыць у гэтым містыку, а нехта — логіку. Мне бліжэй лагічнае тлумачэнне: добра прапісаныя характары пачынаюць паводзіць сябе не так, як хоча аўтар, а так, як гэта будзе больш натуральна для іх.

Вось уявіце: у думках я загадваю персанажу: «Ты павінен скокнуць у гэтую яму, так патрэбна для сюжэта». І тут ручка застывае ў паветры. Я не магу працягваць пісаць, таму што герой глядзіць на мяне як на дурніцу і абураецца: «Ты ж ведаеш, што я гэтага не зраблю, я вельмі разумны і асцярожны». Нейкі час мы ўдавана глядзім адно на аднаго. Пасля я кажу: «Ладна, тады цябе ў гэтую яму спіхнуць!» — і персанаж атрымлівае грунтоўнага кухталя. З сюжэтам не паспрачаешся.

— Колькі гадзін праводзіце за работай?

— Хацелася б пісаць гадзіны чатыры на дзень, але так атрымліваецца не заўсёды. Я невыпадкова выкарыстала слова «пісаць», а не «працаваць»: праца пісьменніка заключаецца не толькі ў стварэнні тэкстаў. Ліставанне з выдаўцамі, сустрэчы з чытачамі, падрыхтоўка рэквізіту для выступаў, паездкі на фестывалі, абмеркаванне канцэпцыі з ілюстратарамі — нібыта і дні працы, а чарнавікі пустыя. Замежныя пісьменнікі львіную долю такой работы скідаюць на сваіх літаратурных агентаў, але ў нас гэты інстытут пакуль слаба развіты. Так і выходзіць: ты сам сабе пісьменнік, фатограф, дызайнер, сакратар, менеджар і маркетолаг. Часам даводзіцца схамянуцца: першасная праца — пісаць кнігі.

— Кажуць, што пісьменнік — гэта зусім не праца, а хіба што захапленне, якое патрабуе дадатковай адукацыі. Як мяркуеце: пісьменнік — гэта прафесія ці хобі?

— Магу сказаць толькі за сябе. Для мяне — гэта праца, прычым адзіная. Я прысвячаю ёй большую частку свайго часу. Не ведаю, ці можа нейкая спецыяльная адукацыя зрабіць цябе аўтарам, але дадатковыя ўменні спасцігаць даводзіцца. Напрыклад, я наведвала курсы па пастаноўцы маўлення, каб добра выступаць перад публікай і чытаць урыўкі са сваіх твораў. І, вядома, аўтарам-пачаткоўцам не зашкодзіць прайсці курсы накшталт «Майстры тэксту» ад выдавецтва «АСТ», каб разумець, што такое развіццё героя, кульмінацыя, сюжэтная сінусоіда…

 — Акрамя пісьменніцкай дзейнасці, вы яшчэ і аўтар клуба-гульні «Кнігаполія» для сапраўдных бібліяманаў. Якія кнігі сталі прычынай такой моцнай любові да літаратуры?

— У дзяцінстве мяне вабілі скандынаўскія пісьменнікі: Тувэ Янсан, Астрыд і Барбру Ліндгрэн, Анне-Катарына Вэстлі, Сэльма Лагерлеф і іншыя. Пасля я захапілася англійскай класікай: зачытвалася Дыкенсам, Осцін, Бронтэ... Разнастайныя міфы і легенды, сагі, народныя казкі... З фэнтэзі я пазнаёмілася даволі позна — перад паступленнем ва ўніверсітэт. Гэта быў «Валадар пярсцёнкаў» Толкіна. У мяне ўзнікла адчуванне, што я зноў сустрэлася з улюбёнымі героямі легенд — толькі ў «свабодным палёце». З таго часу жанр фэнтэзі мяне ўжо не адпускаў.

— Сёння шмат размоў пра тое, што неўзабаве кнігі, газеты, друкаваныя выданні знікнуць з прылаўкаў у сувязі са з’яўленнем электронных носьбітаў...

— Пакуль мне слаба верыцца, што гэта адбудзецца, асабліва на рынку дзіцячай і падлеткавай літаратуры. Цяпер выпускаюць такія прыгожыя кнігі — проста творы мастацтва: вокладка, ілюстрацыі, якасная папера, размяшчэнне тэксту... Пачынаеш верыць, што ты трымаеш у руках не проста носьбіт інфармацыі, а сапраўдны партал у зусім іншы свет. З’яўленне фатаграфій не выцясніла карціны, і электронныя носьбіты таксама не выцесняць паперу — прынамсі, у некаторых жанрах.

— Што прымушае вас рухацца наперад і не пакідаць пачатае няскончаным?

— Гэтае адчуванне больш падобнае да маленькага чарвячка. Ты можаш кінуць справу, апусціць рукі, але рана ці позна ён пачынае цябе тачыць. Часам працэс стварэння кнігі — не проста напісанне рукапісу, а поўны цыкл: рассылкі па выдавецтвах, шматразовае рэдагаванне, прасоўванне, прэзентацыі — бывае настолькі складаным, што кажаш сабе: «Усё, больш ніколі. Трэба кінуць пісьменніцтва і стаць нармальным чалавекам». Гэта нагадвае скарэнне горных вяршыняў: пасля гэтага здаецца, што ніколі не зможаш глядзець на горы. Але праходзіць нейкі час, ты глядзіш на вяршыні і думаеш: «Ну, што, зноў у дарогу?».

***

Неўзабаве пасля нашай гутаркі стала вядома: «Заклінальнік адзінарогаў» набудзе новае жыццё ў маскоўскім выдавецтве «Аквилегия-М». Чакаем на паліцах кнігарняў!

Пытанні задавала Эліна СІВАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.