Вы тут

Цяжкасці кампрамісу


Паводле шматгадовых назіранняў сіноптыкаў, найбольш холадна паміж восенню і зімой у Беларусі было ў далёкім 1998-м. Тады ўжо ў канцы лістапада блішчалі сотнямі дыяментаў у сцюдзёных промнях настылага сонца сапраўдныя гурбы, а ноччу тэмпература даходзіла да мінус трыццаці. Чаму мне гэта так запомнілася? Дзякуючы маляўнічай прыгажосці мясцін, у якія ў той час закінула рэдакцыйная камандзіроўка. Невялікая вёсачка паміж Полацкам і Глыбокім, акружаная кашлатымі хвоямі, выглядала тады нібы на каляднай паштоўцы. І сярод гэтага белага, іскрыстага надзвычай кантрасна выглядаў высокі чорны комін наводдаль ад вёскі, з якога ўвесь час ішоў дым, — мясцовыя празвалі яго «крэматорый»...


Фота: greenbelarus.info

Гэты самы комін і стаў тады нагодай для тэрміновай камандзіроўкі па пісьме. Людзі напісалі ў газету, што ў іхнім чыстым куточку, у якім дагэтуль былі толькі вялізныя пясчаныя кар'еры, на ўскрайку гэтых самых кар'ераў наладзілі спальванне чагосьці вельмі шкоднага. Комін устанавілі высокі, але смярдзючы дым усё адно чуваць. Пэўна, з-за гэтага дыму на агародах вяскоўцаў у той год быў мізэрны ўраджай (праўда, лета было дажджлівае), а некалькі кароў раптам выявіліся перадойкамі (праўда, яно і раней такое здаралася). Карацей, усе непрыемныя неспадзяванкі, якія ў вясковым жыцці адбываліся, звальвалі менавіта на «крэматорый» і на тых, хто яго ў тым месцы ўстанавіў.

Пры «расследаванні» на месцы высветлілася, што памяшканне з высокім чорным комінам — устаноўка для спальвання фота- і рэнтгенаўскай выкарыстанай плёнкі. Справа была ні больш ні менш — дзяржаўнай важнасці: у гэтай плёнцы ўтрымліваецца даволі вялікі працэнт серабра, і пры правільнай перапрацоўцы атрымліваюцца кілаграмы каштоўнага металу. Вытворчасць перад запускам прайшла ўсе экспертызы — і тэхнічную, і экалагічную, маніторынг, які ажыццяўляўся ўжо ў працэсе работы, таксама не выявіў перавышэння шкодных выкідаў (дзеля таго, каб аддзяліць серабро, на ўстаноўцы стаялі адмысловыя фільтры).

Усе гэтыя довады ў размове з журналістам чыноўнікі рознага кшталту — ад раённага да рэспубліканскага, які адказваў за другасныя каштоўныя металы, — суправаджалі цэлым пакетам адпаведных дакументаў. Якія, уласна, сведчылі пра тое, што выкіды ад гэтай устаноўкі не нясуць адчувальнай шкоды ні людзям, ні навакольнаму асяроддзю. «Так, не вельмі прыемны пах у дыма, вось людзі і абураюцца. Але, паводле такой логікі, тыя, хто жыве ў раёне вуліцы Ваўпшасава ў Мінску, могуць патрабаваць прыбраць адтуль Трактарны завод», — тлумачылі мне тады ў адным з кабінетаў.

Але, як высветлілася ў размове з аўтарамі пісьма, нагодай іх абурэння стаў не толькі той не вельмі прыемнага паху дым. Найбольш людзі абураліся, што, калі прымалі рашэнне аб мантажы той устаноўкі ў іх мясцовасці, з імі не тое што не параіліся, — нават не палічылі патрэбным паведаміць. «Нібыта нас і няма тут. А калі б сабралі, расказалі толкам, што гэта будзе і навошта патрэбна, дык мы і не супраць былі б. А як мы ўсюды скардзіцца сталі, прыязджаюць, паперкамі махаюць. Каму яны патрэбныя цяпер, тыя паперкі», — скрушна гаварылі мне тады мясцовыя кабеты. На гэтым, уласна кажучы, газета тады ўвагу і засяродзіла: маўляў, давайце, прымаючы нейкае рашэнне, калі не пытацца ў людзей, дык хоць бы паведамляць ім пра гэта рашэнне і тлумачыць яго мэтазгоднасць. І тады падобных канфліктаў будзе нашмат менш, бо, абмяркоўваючы нешта разам, заўжды магчыма знайсці кампраміс....

Я дзеля чаго раптам гэту гісторыю, да якой давялося непасрэдна спрычыніцца (дарэчы, ведаю ад знаёмых, што тыя мясціны і сёння славяцца чысцінёй, прыгажосцю і багаццем грыбоў ды ягад) прыгадала. Проста цяпер нярэдка даводзіцца назіраць сітуацыю, якая развіваецца з дакладнасцю наадварот, але з адным і тым жа вынікам — абурэннем і незадаволенасцю людзей. Калі дваццаць гадоў назад паняцце «грамадскія слуханні» было далёкім, з іншай рэчаіснасці, дык сёння яго значэнне разумее нават дзіця. У наш час пры рашэнні пабудаваць новы дом у жылым мікрараёне, правесці дарогу або наладзіць вытворчасць побач з населеным пунктам гэтыя самыя слуханні праводзяцца ў абавязковым парадку. На іх прысутнічаюць усе зацікаўленыя бакі, чыноўнікі і спецыялісты, узброеныя сотнямі старонак дакументаў, гатовыя адказаць на ўсе пытанні насцярожаных (і гэту насцярожанасць можна зразумець) людзей, гатовыя прыслухацца да іх заўваг, і, калі гэтыя заўвагі слушныя, рашэнні могуць і карэктавацца, і пераглядацца.

Чаму ж тады пасля «слуханняў» часта абурэнне і незадаволенасць простых ініцыятыўных грамадзян становяцца яшчэ большымі, і інтэрнэт ім тут — найлепшы памочнік? Мяркую, з-за таго, што слова «слуханні» яны разумеюць толькі ў адным значэнні: слухаць павінны толькі іх. І іх інтарэсы, якія нярэдка не сягаюць далей уласнага плота, павінны быць улічаныя на ўсе сто, а інтарэсы дзяржавы, эканомікі — каго яны цікавяць?

Што з таго, што на прадпрыемстве, якое будуюць, будзе створана паўтары тысячы рабочых месцаў? Што на ім будзе вырабляцца тэхніка, якую будуць прадаваць на экспарт, забяспечваючы дзяржаву валютай? Што ўжо пройдзены ўсе самыя скрупулёзныя экспертызы, што ўсё праверыў дзяржкантроль?.. Што простым ініцыятыўным людзям да ўсяго гэтага, калі давядзецца па іншай дарозе заязджаць на машыне ў двор, крыху падрэзаць агародчык і хадзіць у грыбы ў іншы лес?.. Хай увесь свет пачакае — абы мне добра было — спрадвечная мяшчанская логіка, у нечым нават і зразумелая.

Але на якім, выбачайце за таўталогію, свеце быў бы гэты самы свет, калі б усе такой логікай кіраваліся?..

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.

Грамадства

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

 Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з мастаком Аляксандрам Благіем.

Грамадства

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

​Беларускія санаторыі перасталі быць месцам адпачынку пераважна пажылых людзей.

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці