Вы тут

Артысты «Песні года Беларусі — 2017» — пра сакрэты сваіх поспехаў


Тэлеканал АНТ вырашыў парадаваць сваіх гледачоў прыемным пераднавагоднім і калядным падарункам. 25 снежня ў эфіры будзе прадстаўлена тэлеверсія маштабнага праекта «Песня года Беларусі — 2017». У канцэрце, запіс якога праходзіў у сталічным Палацы Рэспублікі, прыняло ўдзел каля 40 самых папулярных артыстаў краіны.


У гэты вечар на сцэну падымалася надзвычай шмат маладых артыстаў, якіх пакуль не надта добра ведае публіка, што зазвычай ходзіць на «Песню года». Уся справа ў тым, што праграма фарміравалася па выніках ратацый радыёстанцый. Відавочна, што моладзь аказалася больш актыўнай і ў справе напісання новых песень, і ў прасоўванні іх на радыёхвалях.

Не абышлося, натуральна, і без карыфеяў. Гэта Ядвіга Паплаўская, «Песняры», любімцы публікі «Тяни-Толкай», «Дразды», заўсёды прыгожыя і абаяльныя Жанэт і Іскуі Абалян. Безумоўным упрыгажэннем вечара стаў і творчы дуэт спявачкі Ірыны Відавай і кампазітара Алега Молчана. Вельмі кранальную песню выканалі дуэтам Аляксандр Патліс і Nutеkі.

Іс­куі АБА­ЛЯН.

Аб прынцыпах фарміравання канцэртнай праграмы карэспандэнту «Звязды» расказала прадзюсар праекта «Песня года Беларусі — 2017» Людміла ЧАГРЫНЕЦ. Па яе словах, на працягу паўгоддзя радыёстанцыі складалі топ-15 выканаўцаў па выніках ратацыі. Каля дзесяці каналаў, з якімі супрацоўнічала АНТ, давалі такія справаздачы. Песні, якія трапілі ў падборкі больш чым адной радыёстанцыі, увайшлі ў выніковую праграму.

— Ёсць каля дзесяці выканаўцаў, якія з намі практычна з першага дня канцэртаў «Песня года», — заўважае Людміла Чагрынец. — Гэта каштоўны здабытак беларускай эстрады — «Сябры», «Песняры», Ядвіга Паплаўская. Складана ўявіць канцэрты без іх удзелу, таму мы пастаянна імкнёмся іх запрасіць. Але, у адрозненне ад тых жа маладых выканаўцаў, у іх заўсёды ёсць новыя песні! У Ядвігі Паплаўскай сёлета з'явілася найцудоўнейшая кампазіцыя. Яе аўтары — Леанід Шырын і Сяргей Сашын... Праблема ў тым, што маладыя людзі больш працуюць праз інтэрнэт, чым праз радыёстанцыі. Таму на будучае нам трэба супрацоўнічаць і з тымі выканаўцамі, што найбольш актыўныя ў сацыяльных сетках, на YоuTubе — будзем думаць, як гэта найлепш зрабіць.

Яд­ві­га ПА­ПЛАЎ­СКАЯ.

Варта адзначыць, што над праектам «Песня года Беларусі — 2017» працавала вялікая творчая група, дзякуючы чаму і ўдалося зладзіць добрае шоу. Свой яскравы ўнёсак зрабіла рэжысёр-пастаноўшчык канцэрта Анжаліка Мікульская, якая спевы кожнага выканаўцы прапусціла праз сваё сэрца, у выніку чаго атрымаліся запамінальныя нумары.

— На жаль, сёння пішацца вельмі мала беларускамоўных песень, — мяркуе Людміла Чагрынец. — На гэтым канцэрце яны былі толькі ў Анатоля Ярмоленкі, у «Песняроў» і ў Алёны Ланской. Нацыянальная мова ў нас беларуская — хацелася б больш чуць песень на ёй, аднак іх не стае. Дарэчы, па выніках ратацый радыёстанцый было заяўлена шмат выдатных артыстаў з англамоўнымі творамі, аднак мы вымушаны былі ім адмовіць. Бо абіралі кампазіцыі толькі з беларускай і рускай мовамі — выключэнне зрабілі хіба што для гурта DаVіnсі, які пастаянна працуе ў італьянскай стылістыцы.

DaVіncі з пес­няй «Ма­да­гас­кар».

Тым артыстам, якія мараць трапіць на «Песню года Беларусі», прадзюсар раіць актыўней даносіць сваю творчасць да слухача і працаваць з радыёстанцыямі, бо гэта аснова праекта. Сёння пісаць добрыя, таленавітыя творы мала, мяркуе яна. Бо шмат адораных аўтараў часам працуе «ў стол»... Здараецца, што добрыя выканаўцы вельмі сарамлівыя — можа быць, гэта звязана са сціпласцю, уласцівай беларусам.

Затое ўжо даўно скарыў сэрцы публікі спявак Анатоль Ярмоленка. На «Песні года» ён выканаў кампазіцыі «Сінявокая», напісаную Яўгенам Алейнікам сумесна з Юліяй Быкавай. А потым з Алесяй і Анатолем праспяваў яшчэ і «На Каляды» — твор Мікалая Сацуры і Леаніда Дранько-Майсюка.

Анатоль ЯРМОЛЕНКА за кулісамі канцэрта падзяліўся сакрэтам свайго поспеху:

— Калі працуеш, абавязкова будзе нейкі вынік. А мы рухаемся наперад і не спыняемся, не спачываем на лаўрах. У нас шмат канцэртаў у Беларусі, Расіі, Украіне і Прыбалтыцы. На наступны год ужо ёсць дамоўленасці аб выступленнях у Вільнюсе, Рызе, Таліне і іншых гарадах. Разам з калектывам мы распачалі тур, прысвечаны 45-годдзю «Сяброў»і майму творчаму 50-годдзю... Рабіць аналіз і падсумоўваць, за што мяне любіць публіка, я не магу, бо гэта не зусім правільна. Але лічу, што слухачы, якія ішлі з намі па жыцці, працягваюць гэты шлях. Людзі, якія прыходзілі на Алесю, ідуць з намі далей. Людзі, якія завітваюць на Анатоля, таксама працягваюць гэты шлях разам з намі. Таму спектр слухачоў досыць шырокі — ад тынэйджараў да тых, хто калісьці ездзіў разам з намі па ўсім Саюзе. Ёсць публіка, і яна застаецца прыхільнай.

У сваю чаргу, малодшы Анатоль распавёў, што запісаў першы альбом і хутка плануе яго прэзентаваць. Аднак падрабязнасці пакуль рассакрэчваць не стаў. Паведаміў толькі, што называцца альбом будзе «Анатоль. №1».

На пытанне, ці складана крочыць за вядомым дзядулем, за ўнука адказаў Анатоль Ярмоленка:

— Гледачам, якія бачаць усё звонку, падаецца, што гэта крылы, якія нясуць. Аднак насамрэч гэта цяжар, які цягне ўніз. Трэба махаць мацней і даказваць, што ты таксама чагосьці варты... Гэта складана. Такая сітуацыя адбывалася з Алесяй, а цяпер і з Анатолем.

Спецыяльным прызам ад радыё АНТ як лідар ратацый быў уганараваны гурт Nароlі.

Дып­лом ад ра­дыё АНТ уру­ча­юць гур­ту Napolі.

Вольга Nароlі не хавала сваіх эмоцый:

— Усё атрымалася вельмі нечакана. Насамрэч гэта песня павінна была быць павольнай. Але дзякуючы Сяргею Панамарову — ён жа саўнд-прадзюсар песні — яна стала хуткай, дадалося клубнае гучанне, модныя сэмплы. Калі я пачула песню ў гатовым варыянце, то адразу зразумела, што хачу яе выконваць. Над кампазіцыяй працавала сапраўды вялікая каманда. На сцэне я ўжо пяць гадоў, але толькі цяпер атрымала такую высокую ацэнку... Аўдыторыю заваёўваць няпроста. Заўсёды даводзіцца даказваць камусьці, што ты добры. Я не магу сказаць, што гэта дрэнна — такая барацьба робіць цябе мацнейшым. Калі ты мэтанакіраваны, калі сцэна — гэта тваё, ты будзеш змагацца да апошняга. І, як кажуць, калі ў дзверы грукаеш, яны калі-небудзь адчыняюцца.

Спявачка падзялілася таксама сваім рэцэптам пераадольвання цяжкасцяў і крызісаў:

— Ніколі не трэба нічога баяцца. Варта спрабаваць, эксперыментаваць і верыць. Калі ты верыш, то ідзеш да сваёй мэты з дня ў дзень і калі-небудзь да яе прыходзіш. Мы, артысты, людзі вельмі амбіцыйныя, і нам заўсёды здаецца, што нас павінны прызнаць ужо сёння. Але кожнае падзенне робіць цябе мацнейшым дзеля таго, каб ты мог узляцець яшчэ вышэй. Пераадолець цяжкасці мне дапамагае найперш падтрымка блізкіх людзей і, вядома ж, мой характар — калі я за штосьці ўзялася, то буду ісці да канца.

Аб перавагах і складанасцях працы ў сямейным творчым дуэце за кулісамі «Песні года» можна было пагутарыць з салісткай гурта DаVіnсі Кацярынай Раецкай:

— Прынята казаць, што быць творчай сям'ёй надзвычай лёгка. Аднак гэта насамрэч адказнасць не толькі за сябе, за свае дзеянні, але і за блізкага чалавека. Больш за тое, цяпер ты думаеш аб тым, як выглядае муж, ці не забыў ён свае туфлі і г. д. Нашы сямейныя размовы перад выступленнямі заканчваюцца якім-небудзь маленечкім калі не скандальчыкам, то абмеркаваннем, хто што будзе рабіць на сцэне і хто ўвогуле галоўны?.. Таму, вядома ж, гэта зручна, бо побач адно з адным працуюць родныя людзі. Але я б не сказала, што гэта лёгка. Гэта яшчэ адно выпрабаванне.

Па словах Кацярыны, у іх з Дзянісам Дудзінскім ёсць дамоўленасць: абмеркаванні выступленняў і іншых працоўных момантаў на ўсё астатняе ўплываць не павінны.

Спявачка распавяла і пра тое, як ствараюцца сцэнічныя вобразы. Зазвычай Дзяніс Дудзінскі і Леанід Шырын (не толькі аўтар кампазіцый, але і трэці ўдзельнік гурта) самі выбіраюць сабе касцюмы. Спачатку Кацярына паведамляе, што вырашыла апрануць ці якога колеру касцюм на ёй будзе, а яны імкнуцца «дапасоўвацца». Амаль усе сцэнічныя касцюмы Кацярына замаўляе ў дызайнера Наталлі Ляхавец — супрацоўнічае з ёй ужо некалькі гадоў.

* * *

Палітра беларускай эстрады надзвычай разнастайная. Але ў справядлівай канкурэнцыі за сэрцы і прыхільнасць слухачоў не заўсёды перамагае самы таленавіты. Найчасцей першымі робяцца найбольш працаздольныя, харызматычныя і ўпэўненыя ў сабе артысты. Хто ж аказаўся найлепшым у 2017 годзе, можна будзе ўбачыць на тэлеканале АНТ. І ці вытрымае іх творчасць выпрабаванне часам, таксама неўзабаве зробіцца разумела.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: «Яшчэ вышэй узляцець...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».