Валенне – вельмі старадаўняе рамяство, сакрэты якога перадаваліся ў сем'ях з пакалення ў пакаленне. Яно было здаўна распаўсюджана на Беларусі, але з развіццём тэхналогій прыйшло ў заняпад. Сёння старажытная тэхніка апрацоўкі лямцу зноў на піку папулярнасці. З воўны робяць утульныя валёнкі, мілыя цацкі, стыльныя ўпрыгажэнні, модныя сумкі і рознае адзенне.
"Алеся" зазірнула ў майстэрню Элы КАВАЛЁВАЙ, заснавальніцы брэнду "Elko". Дызайнер-фельтмэйкер (майстар, які стварае вырабы з воўны), удзельніца айчынных і міжнародных выставак расказала, як ператварыць непрыкметную, на першы погляд, воўну ў казачныя рэчы.
– Першыя асацыяцыі з лямцам – валёнкі. Але сваімі працамі вы даказваеце: з гэтага матэрыялу можна ствараць усё, што заўгодна: паліто, кардыганы, камізэлькі і нават сукенкі.
– Лямец – унікальны матэрыял. Яго творчая “палітра” бясконцая. Мяне заўсёды здзіўляла, уражвала, што з лямцу ніколі не будзе аднолькавых, нават падобных работ. Кожны мой выраб – эксклюзіўны і непаўторны. Стварыць копію (нават калі дужа пастарацца) практычна немагчыма.
У маёй творчай майстэрні шмат матэрыялаў. Дамінуе, безумоўна, воўна, прычым самай высокай якасці. Для стварэння дэкору я выкарыстоўваю натуральны лёгкі шоўк. Прыгожая вышыўка, аздабленне, цікавая фактура ствараецца каляровай арт-пражай ручнога вырабу. У гэтым галоўная фішка.
Майстар стварае свой непаўторны тэкстыль для вырабаў. Рэчы з воўны могуць быць тоўстымі і цёплымі, лёгкімі і пластычнымі, яркімі і манахромнымі... Любы ваш капрыз. Ці гэта не цуд?
Нярэдка сваё адзенне я ўпрыгожваю экапрынтам. Гэта досыць працаёмкі працэс, у выніку якога на палатне застаюцца адбіткі раслін. Ніякіх штучных фарбавальнікаў. Здаецца, нібы сама прырода дакранулася да тканіны.
І яшчэ адзін момант. Ці ведаеце вы, што воўна выдатна спраўляецца з працэсам тэрмарэгуляцыі? Яна не дае нашаму целу пераахалоджвацца, калі на вуліцы мінусавая тэмпература, і перагравацца, калі спякота і горача, захоўваючы камфортную для цела тэмпературу 36,6 градусаў. Трэба пазбаўляцца ад стэрэатыпаў, маўляў, лямец і валенне – гэта адразу нешта цёплае, на марозную зіму. Зусім не. У маім гардэробе шмат тоненькіх сукенак, камізэлек, кашуль, якія дазваляюць целу дыхаць.
– Ведаю, што вы займаецеся яшчэ і прадзеннем, ткацтвам, вязаннем, вышыўкай. Адкуль такая любоў да рукадзелля?
– Яна ўзнікла яшчэ ў дзяцінстве. У вольныя хвілінкі, у перапынках паміж школай і заняткамі музыкай, я шыла і вязала адзенне для лялек. Вялікі дзякуй і нізкі паклон маёй маці. Менавіта яна запаліла ўва мне агеньчык творчых здольнасцяў, навучыла асновам рамяства і заўжды падтрымлівала мае незвычайныя і смелыя задумкі.
А з воўнай я пазнаёмілася шэсць гадоў таму. Выпадкова ўбачыла ў сеціве вырабы з незвычайнага матэрыялу. Зацікавілася. Не давалі спакою думкі: як ствараецца такі калейдаскоп фактур, каляровых, фантастычных пераходаў і формаў? На дапамогу прыйшоў інтэрнэт. Амаль цэлы дзень не адыходзіла ад манітора камп’ютара і з кожнай хвілінай разумела ўсё больш: хачу навучыцца працаваць з воўнай, “прыручыць” яе, асвоіць таямнічае рамяство нашых продкаў.
– Сёння шматлікія дызайнеры выкарыстоўваюць у сваіх працах беларускія нацыянальныя матывы. А якія вобразы, колеры вам да душы?
– Мне вельмі блізкая этна-эстэтыка. Тым больш, да гэтага якраз і падштурхоўвае выкарыстанне менавіта натуральных матэрыялаў. Я вельмі люблю экзатычны стыль «боха», дзе можна даць волю самым смелым фантазіям. Адзенне атрымліваецца стракатым, дзёрзкім. Напрыклад, вогнена-рыжае паліто з мудрагелістымі аплікацыямі, вышыўкай, кветкавым арнаментам. У ім жанчына заўжды будзе ў цэнтры ўвагі. У дадатак, яркія колеры падымаюць настрой, які шэрымі і дажджлівымі восеньскімі дзянькамі звычайна не самы вясёлы. Паверце, у вырабах ручной працы нельга застацца незаўважаным.
Але я разумею, што на смелы эксперымент адважацца далёка не ўсе. Таму ў майстэрні нараджаюцца паліто і класічнага крою. Простыя і элегантныя. Вядома, у мяне, як і ў любога дызайнера, ёсць любімыя колеры. З цёплых адценняў у фаварытах пясочны, янтарны, а з больш насычаных – цытрусавыя. Мне падабаюцца прыродныя, натуральныя фарбы.
Хрысціна ХІЛЬКО
Фота з архіва Элы КАВАЛЁВАЙ
Працяг інтэрв'ю чытайце ў лістападаўскім нумары "Алесі".
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.