23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Чаму Лівія ператварылася ў сусветны рынак нявольнікаў?


Відэа са сцэнай гандлю на нявольніцкім рынку ў Лівіі выклікала хвалю абурэння ва ўсім свеце. Міжнародная супольнасць заклікала ўлады паўночнаафрыканскай краіны навесці парадак. Відавочна, што сітуацыя з бежанцамі, ператварэннем іх у рабоў, а таксама вярбоўкай у шэрагі ІД тут выйшла з-пад кантролю. Актуальная праблема дэталёва разглядалася на V саміце АС і ЕС (Афрыканскага Саюза і Еўрасаюза), які прайшоў у івуарскім Абіджане. Чаму Лівія перайшла ў «рабаўладальніцкі лад»?


Землякоп за 600 дынараў

«Каму-небудзь патрэбен землякоп? Гэта вялікі, моцны чалавек, ён будзе добра капаць!» — крычыць гандляр на рынку рабоў у Трыпалі, расхвальваючы каржакаватага і мускулістага негра. Пакупнікі паступова паднімаюць першапачатковы кошт. Вынік — 600 лівійскіх дынараў (каля 440 амерыканскіх долараў па афіцыйным курсе, рэальны — нашмат меншы: за адзін долар даюць дзесяць дынараў, а за еўра — 12). Прададзены ў рабства пераходзіць у рукі новых гаспадароў...

Гэтая, здавалася б, вар'яцкая для XXІ стагоддзя сцэна, прадэманстраваная па CNN, — на жаль, звычайная ў лівійскіх гарадах. Тое, што ў краіне квітнее гандаль рабамі, — не навіна. Першыя дакументальныя пацвярджэнні з'явіліся яшчэ ў красавіку гэтага года. Нявольніцкія рынкі дзейнічаюць у Зувары, Кастэльвердзе, Кабаве, Гадамісе, Сабсе, Сабраце і шэрагу іншых гарадоў. Жывы тавар — бежанцы з краін Цэнтральнай Афрыкі, якія спрабавалі выехаць у Еўропу. Схема ператварэння людзей у рабоў гранічна простая. Мігрант звяртаецца да перавозчыка і плаціць яму пэўную суму за падарожжа ў Еўропу. Як правіла, ад трох да пяці тысяч долараў. Бежанцы аддаюць апошняе. Калі мігрант трапляе ў Лівію, яму паведамляюць, што выплачаных грошай недастаткова, трэба яшчэ, і наогул нелегалу ніхто нічога не гарантаваў. Калі бежанец адмаўляецца даплаціць і настойвае на сваім, патрабуючы выканання дамоўленасцяў, яго збіваюць або гвалтуюць ці тое і другое адразу. Пасля такой «апрацоўкі» няшчаснага, як правіла, выстаўляюць на таргі і прадаюць з малатка. Для лівійцаў гандаль афрыканцамі з краін на поўдзень ад Сахары — справа звыклая.

«Гандаль чарнаскурымі квітнеў там да 1940-х гадоў. Зараз у Лівіі гаспадараць баевікі з розных груповак, узброеныя апазіцыянеры, бандыты ўсіх масцяў, злачынныя кланы, якія зрабілі з рабагандлю прыбытковы бізнес», — згадвае lenta.ru туніскага сацыёлага Мансефа Оўані.

«Нас пакуюць, як запалкі»

«Нас пакуюць, як запалкі ў пачку. Мы не можам спаць. Многія пакутуюць ад розных хвароб. Нам не хапае ежы, мы не прымалі душ некалькі месяцаў. Мы ўсе загінем, калі не вырвемся адсюль, гэта галгофа. Невыносна жыць у памяшканні, дзе людзі ляжаць на падлозе і задыхаюцца ад выпарэнняў мачы і фекалій», — так адзін з пастаяльцаў створанага пры апецы ЕС лагера для бежанцаў апісаў сітуацыю, якая склалася. Зараз у падпарадкаванні Дэпартамента па барацьбе з незаконнай міграцыяй Лівіі (DCІM) 19,5 тысячы чалавек, хоць усяго два месяцы таму бежанцаў было не больш за сем тысяч.

Назіральнікі ААН, якія наведалі ў пачатку месяца некалькі цэнтраў размяшчэння мігрантаў у Трыпалі, нават у афіцыйнай справаздачы не маглі схаваць свайго жаху ад убачанага: «Тысячы змардаваных і пакалечаных мужчын, жанчын і дзяцей зачыненыя ў ангарах без доступу да самых элементарных выгод, пазбаўленыя чалавечай годнасці». Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш назваў гандаль рабамі ў афрыканскай краіне жахлівым злачынствам, якому «няма месца ў сучасным свеце». «Тое, што было цяжкай сітуацыяй, ператварылася ў катастрофу. Міжнародная супольнасць не можа больш закрываць вочы на няўяўныя жахі, якія перажываюць мігранты ў Лівіі, і прыкідвацца, што становішча можна выправіць толькі паляпшэннем умоў утрымання пад вартай», — заявіў вярхоўны камісар па правах чалавека Зейд Раад аль-Хусэйн.

Пустыннае войска

Некаторым мігрантам удаецца ўцячы. Без грошай і дакументаў яны — лёгкая здабыча для шматлікіх бандаў на тэрыторыі Лівіі. І перш за ўсё гэта баевікі, так ці інакш афіляваныя з ІД. Пра перамогу над радыкальнымі ісламістамі ў Лівіі было ўрачыста абвешчана пасля штурму горада Сірт у пачатку снежня мінулага года. Аднак затым пачалі адбывацца дзіўныя падзеі. Напрыклад, у студзені гэтага года амерыканскія стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі B-2 нанеслі ўдары па пазіцыях ІД за 45 кіламетраў на паўднёва-ўсход ад Сірта. У жніўні паведамілі, што тэрарысты напалі на блокпост лівійскай нацыянальнай арміі за 500 кіламетраў на поўдзень ад сталіцы краіны Трыпалі. Баевікі ўзялі ў палон і абезгаловілі дзевяць салдат і двух мірных жыхароў. Хаваць відавочнае было ўжо немагчыма. У канцы верасня высокапастаўлены супрацоўнік пракуратуры Лівіі Садзік Аль-Сур прызнаў, што ў лівійскай пустыні знаходзяцца трэніровачныя лагеры ІД. Па словах чыноўніка, фактычна гаворка ідзе аб «пустынным войску на чале з лівійскім баевіком Аль-Махдзі Салемам Дангу, таксама вядомым як Абу Баракат. У яго склад уваходзяць тры брыгады. Гэтая армія была створана пасля вызвалення Сірта». Баевікі нават усталявалі ўласныя КПП на дарогах, якія вядуць да гэтага горада.

«Паўднёвая Лівія з яе шырокімі, некантраляванымі тэрыторыямі — асноўны маршрут міграцыі з Афрыкі на поўдзень ад Сахары ў паўночную Лівію і ў Еўропу», — нагадаў у інтэрв'ю Gulf News эксперт па Паўночнай Афрыцы Валід Наманэ. У выніку ІД, з аднаго боку, можа атрымліваць папаўненне, прыцягваючы ці проста запалохваючы бежанцаў, з другога — папросту ўзяць іх у палон, а затым прадаць тым жа аўкцыяністам на нявольніцкіх рынках.

Пасля Кадафі

Пераважная большасць людзей, якія ідуць з малатка, — маладыя мужчыны, якія нелегальна прыехалі з глыбіні кантынента. Палонныя — выхадцы з краін Заходняй Афрыкі, у прыватнасці Нігерыі, Нігера і Буркіна-Фасо. Улады апошняй, дарэчы, абвясцілі аб адкліканні свайго пасла з Лівіі для кансультацый. У Нігеры скандал з гандлем рабамі пракаментаваў кіраўнік дзяржавы Махамаду Ісуфу, які заўважыў, што гаворка ідзе пра «злачынства супраць людскасці». У размове з РІА Навіны дырэктар Цэнтра вывучэння Блізкага Усходу і Цэнтральнай Азіі Сямён Багдасараў назваў лівійскае рабаўладанне «гістарычным феноменам, канец існавання якога, здавалася, паклаў Кадафі». На думку эксперта, пасля смерці Кадафі «адкрылася дарога да аднаўлення ранейшых парадкаў у новых умовах». Расійскі арабіст, супрацоўнік Інстытута ўсходазнаўства РАН Алег Булай падзяліўся з РІА Навіны меркаваннем, што знікненне рабаўладання ў Лівіі было звязана з урбанізацыяй і стварэннем элементаў прамысловасці ў другой палове мінулага стагоддзя. «Аднак рэканфігурацыя эканомікі, якая пачалася пасля падзення Кадафі, прыход ваенных бандаў, якія ўзялі на сябе кантроль за нафтапромысламі, згасанне магчымасцяў для цывілізаванага жыцця — усё гэта адрадзіла эканамічныя падставы для гэтай злачыннай здабычы», — заўважыў Алег Булай.

Спецыяльны прадстаўнік генеральнага сакратара ААН і кіраўнік місіі па падтрымцы ў Лівіі Гасан Салам сказаў, што нельга ігнараваць складанае становішча ў гэтай краіне. «У мінулым Лівія з'яўлялася донарам для значнай тэрыторыі Афрыкі. А сёння 25% насельніцтва гэтай краіны самі адчуваюць гуманітарную патрэбнасць», — адзначыў ён. Відавочна, што галоўнай задачай з'яўляецца аднаўленне нацыянальнай эканомікі. Па словах Гасана Салама, сур'ёзнымі праблемамі застаюцца беспакаранасць і беззаконне.

Няма вінаватых

Вінаватых няма, і адказваць няма каму. Менавіта да такой высновы прыйшоў прэзідэнт Гвінеі і па сумяшчальніцтве Афрыканскага Саюза Альфа Кондэ. «Як можна было прасіць краіну, у якой няма ўрада, стварыць бар'ер на шляху бежанцаў? Гэта безадказна! Тыя, хто прапанаваў гэта, ведалі, што тут (у Лівіі. — «Зв.») пануе безуладдзе і няма магчымасцяў для забеспячэння дастойных умоў для мігрантаў. Асноўныя вінаватыя — тут (у Еўропе. — «Зв.»), — абураўся палітык у эфіры тэлеканала France 24. — Неабходна, каб нашы сябры (еўрапейцы. — «Зв.») прызналі сваю памылку».

Аперацыю па тэрміновай эвакуацыі мігрантаў з Лівіі дамовіліся правесці ў найбліжэйшы час лідары краін Еўропы і Афрыкі. Пра гэта заявіў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон падчас V саміта АС і ЕС у Абіджане. Рашэнне было прынята па выніках сустрэчы, у якой узялі ўдзел таксама прадстаўнікі ААН. Мэта — вызваліць людзей, якія сталі ахвярамі сучасных гандляроў рабамі. Лівійскія ўлады паабяцалі выявіць лагеры, дзе гэта адбывалася, і забяспечыць да іх доступ.

З іншага боку, становішча мігрантаў не можа быць падставай для знешняга ўмяшання ў сітуацыю ў краіне, заявіў на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН намеснік пастаяннага прадстаўніка Расійскай Федэрацыі пры ААН Яўген Загайнаў. «Ёсць аматары разбірацца з такога роду праблемамі самастойна, у абыход міжнароднага права і ў парушэнне суверэнітэту дзяржаў. Так можна толькі яшчэ больш пагоршыць і без таго вельмі няпростую сітуацыю, што ўзнікла пасля разбурэння Лівіі», — заявіў расійскі дыпламат.

Зрэшты, гэтая праблема не толькі пэўнай афрыканскай краіны. Пытанне сусветнага маштабу. Згодна з апублікаваным у верасні даследаваннем Міжнароднай арганізацыі працы і арганізацыі Walk Free Foundatіon у партнёрстве з Міжнароднай арганізацыяй міграцыі, летась больш за 40 мільёнаў чалавек былі прызнаны ахвярамі рабства па ўсім свеце. Чвэрць сучасных рабоў складаюць дзеці. Па словах прэзідэнта Францыі, абарот незаконнага «бізнесу» дасягае 30 мільярдаў еўра ў год. Каментарыі тут, пэўна, залішнія.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Рабы ХХІ стагоддзя

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.