Вы тут

Ці ўсе сувораўцы становяцца афіцэрамі?


Звычайныя школьнікі з зайздрасцю глядзяць на сваіх равеснікаў у прыгожай чорнай форме з пунсовымі пагонамі. Сувораўцы ж могуць толькі марыць пра пад'ём і адбой не па камандзе, адвольны распарадак дня і спатканні да позняй ночы. У дарослых не па гадах падлеткаў іншыя турботы — дасканала падрыхтавацца да заняткаў, падцягнуцца духоўна і фізічна, каб па праве звацца гонарам Узброеных Сіл.


Начальнік Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча палкоўнік Аляксандр НАВУМЕНКА сам некалі насіў пунсовыя пагоны.

Яшчэ Кацярына ІІ называла сувораўскае «рассаднікам вялікіх людзей», а нехта не менш знакаміты казаў пра вучылішча як пра «кузню геніяў». І сапраўды, сярод яго выпускнікоў — вядомыя военачальнікі, спартсмены, грамадскія дзеячы... Наколькі перспектыва афіцэрскай прафесіі прываблівае сучасную моладзь, мы пагутарылі з начальнікам Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча палкоўнікам Аляксандрам НАВУМЕНКАМ.

— Аляксандр Віктаравіч, ці шмат ахвотных папоўніць шэрагі сувораўцаў?

— Пачынаючы з 2015-га колькасць кандыдатаў на паступленне ў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча няўхільна расце. Калі два гады таму было 238 ахвотных, то сёлета сувораўцамі хацелі стаць 315 чалавек. У выніку з улікам праходжання медыцынскай камісіі, прафесійнага адбору і ацэнкі фізічнай падрыхтоўкі форму з пунсовымі пагонамі адзелі 68 чалавек.

— Ці прызвычаіліся ўчарашнія шасцікласнікі да жыцця па рэжыме?

— Дзеці трапілі ў абсалютна іншую атмасферу, пачалі жыць згодна з распарадкам дня, побач няма мамы і таты, але малышы-сувораўцы паступова ўваходзяць у каляіну. З жаданнем, ініцыятывай, нават настойлівасцю вучацца. Вынікі, якія яны на дадзены момант паказваюць, выклікаюць аптымізм. Хоць як выпускнік Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, павінен сказаць, што, нават у тых, хто выдатна здаў уступныя іспыты, у сценах навучальнай установы паспяховасць падае. І гэта натуральна: чалавек трапляе ў новую сістэму, дзе існуюць павышаныя патрабаванні да навучання. Уплывае і тое, што ўстанова закрытая, дзеці аднолькава адзеты, усе ідэнтычна харчуюцца, у іх адзіны распарадак дня, роўная колькасць часу на самастойную падрыхтоўку і заняткі спортам. Але менавіта ў такіх умовах падлетак, адкінуўшы ўсё шалупінне, можа паказаць, што ён з сябе ўяўляе, і пачынае фарміравацца як асоба.

— Амаль 30 гадоў таму вы выйшлі са сцен сувораўскага вучылішча. Ці шмат з таго часу змянілася?

— Прынцыпова не змянілася нічога. За выключэннем асобных педагогаў, выкладчыкі вучылішча маюць першую або найвышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Па-ранейшаму адзіны да ўсіх падыход у плане патрабавальнасці, захоўваюцца традыцыі. Вядома, часы мяняюцца. Патрабаванні — як да працэсу адукацыі, так і да кругагляду сувораўцаў — такія ж, як і да ўсёй моладзі. Калі я вучыўся, першыя камп'ютары толькі з'яўляліся, і мы пачыналі знаёміцца з гэтым цудам тэхнікі. Зараз Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча па сваёй вучэбна-матэрыяльнай базе забяспечана ўсім сучасным. У нас выдатны шматфункцыянальны спартыўны комплекс. Ідзём або ў нагу з часам, або нават апераджаем яго. Мяняецца праграма — іншы і працэс навучання, але духоўны, маральны і патрыятычны складнікі выхавання застаюцца нязменнымі.

— Раней у сувораўскае паступалі ў асноўным дзеці вайскоўцаў. Якая тэндэнцыя сёння і ці ёсць пэўныя прывілеі для афіцэрскіх дзяцей?

— Гэта памылковае меркаванне, што ў сувораўскае вучылішча перш за ўсё паступаюць дзеці ваеннаслужачых, прычым маюць пэўныя льготы. Па-першае, няма ніякіх ільгот! Па-другое, калі я тут вучыўся, магчыма, працэнт абітурыентаў з такіх сем'яў быў вышэйшы. У большай ступені гэта было абумоўлена падзеямі ў Афганістане, калі сувораўскае вучылішча стала прытулкам для многіх сірот. Паступалі сюды і дзеці тых вайскоўцаў, якія служылі ў савецкай групе войскаў за мяжой. Цяпер мы жывём у адзінай дзяржаве, і працэнт навучэнцаў у Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы з дзяцей ваеннаслужачых вагаецца ад сямі да дзесяці. У той час як дзеці з сем'яў рабочых і служачых складаюць дзесьці 75%. Прычым большасць сувораўцаў не мінчане. І гэта нягледзячы на тое, што ў абласных цэнтрах адкрыты ліцэі МУС, у многіх гарадах існуюць кадэцкія вучылішчы, створаны ваенна-патрыятычныя класы, дзе вучыцца шмат таленавітых і мэтанакіраваных дзяцей.

— А ці не канкурэнты яны для вас?

— Усё больш маладых людзей маюць патрэбу ў ваенна-патрыятычнай скіраванасці ў сваім навучанні і выхаванні. На жаль, многія ўяўляюць Мінскае сувораўскае па парадзе, прыгожай форме, таму думаюць, што патрабаванні да тых, хто паступае сюды, вельмі высокія. Але рыхтуючыся да сістэмы кадэцкай адукацыі, дзеці прызвычайваюцца да таго, што ў пэўнай ступені існуе і ў нас. Сутнасць не ў тым, носяць яны форму ці не. У іх дакладна арганізаваны працэс навучання. Акрамя таго, і ў сувораўскім, і ў кадэцкіх вучылішчы вялікая ўвага ўдзяляецца духоўна-маральнаму і фізічнаму выхаванню, сацыякультурнаму развіццю падлеткаў. Гэта не канкурэнцыя, а дзяржаўная справа, правільны кірунак далейшага развіцця ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення. Праз 25—30 гадоў асноўныя вызначальныя пасты ў дзяржаве зоймуць людзі, якія былі выхаваны ў межах любові да Радзімы, адказнасці за яе будучыню.

— Сувораўцы заўсёды былі на галаву вышэйшыя за звычайных школьнікаў...

— У вучылішчы існуе свой вучэбны план. Вядома, пабудаваны ў межах праграмы Міністэрства адукацыі. Сувораўцы на павышаным узроўні вывучаюць англійскую мову і фізіку. Этыка, эстэтыка, танцы — гэта не проста «разынка» вучылішча. За гэтым стаяць планавыя заняткі, здача залікаў. У межах ваенна-патрыятычнага выхавання хлопцы ўдзельнічаюць практычна ва ўсіх дзяржаўных мерапрыемствах, маюць зносіны з правільнымі людзьмі, у тым ліку з тымі, хто калісьці абараняў Айчыну або цяпер служыць ёй. Акрамя таго, што ў нас створана свая праграма ваеннай падрыхтоўкі, сувораўцы выязджаюць у вайсковыя часці, дзе знаёмяцца як з побытам, так і з арганізацыяй баявой падрыхтоўкі ваеннаслужачых. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, далучаюцца да актыўных дзеянняў. Яны такія ж вайскоўцы, толькі пагоны ў іх пунсовыя.

— З малых гадоў прызвычаіўшыся да амаль армейскага ўкладу жыцця, ці гатовы падлеткі да таго, што чакае іх па-за сценамі ўстановы?

— Яны не замкнёныя ў вучылішчы. У межах шматлікіх спаборніцтваў і конкурсаў сувораўцы маюць зносіны са сваімі аднагодкамі, танцаваць яны вучацца таксама не адзін з адным. Не кожныя бацькі могуць дазволіць свайму дзіцяці мінімум дзевяць экскурсій на год, прычым па розных музеях і не толькі сталіцы. Далёка не ўсе могуць знайсці час, каб хоць раз на два месяцы звадзіць сваё дзіця ў тэатр. Фарміруючыся ў закрытым калектыве як асоба, чалавек не можа надзець на сябе маску. Хлопцы выхоўваюцца хоць і ў маленькім, але ў мужчынскім калектыве, таму адказнасць перад сваімі таварышамі закладваецца ўжо цяпер. З улікам узросту мы ставімся да іх як да дзяцей, але раз ужо яны адзелі форму, пагоны, то павінны выконваць правілы, за парушэнне якіх можна панесці адпаведную адказнасць: не пайсці, напрыклад, у звальненне.

— Ці шмат хлопцаў сыходзіць з дыстанцыі на шляху да афіцэрскіх пагонаў?

— Большасць (ад 72 да 84%) нашых выпускнікоў паступае ў Ваенную акадэмію або на ваенныя факультэты іншых ВНУ. Многія становяцца генераламі: выпускнікамі Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча з'яўляюцца дзяржаўны сакратар Савета бяспекі, міністр абароны, два яго намеснікі, камандуючы сіламі спецыяльных аперацый і іншыя вядомыя ў краіне людзі. Робяць свой выбар нашы выхаванцы і на карысць Акадэміі МУС, Інстытута пагранічнай службы, Універсітэта грамадзянскай абароны МНС. Але як вызначыць каштоўнасць чалавека, калі пасля заканчэння сувораўскага вучылішча ён стане не ваенным, а шыкоўным грамадзянскім хірургам? Ці меншую карысць дзяржаве ён прынясе, калі ў якасці мастака, спевака або спартсмена будзе праслаўляць сваю Радзіму? Самае галоўнае для нас — выхаваць адукаванага, патрыятычна настроенага, здаровага, усебакова развітога і мэтанакіраванага грамадзяніна сваёй дзяржавы, адказнага за яе будучыню.

— У грамадстве склалася меркаванне, што прэстыж афіцэрскай прафесіі ўпаў. Маўляў, сёння нямодна насіць пагоны, гэта не тая сфера, якая высока аплачваецца...

— Абарона Радзімы ні ў якія часы не была справай прыбытку. Скажыце, колькі патрэбна запрасіць у дзяржавы грошай, каб абараніць сваю маці, дзіця, выратаваць уласны дом? Шмат нараканняў у адрас МУС, але, калі прыходзіць бяда, куды звяртаюцца перш за ўсё? Калі ж праблемы са здароўем, ніхто не пытаецца ва ўрача, колькі той зарабляе. Не пытаемся пра гэта і ў бізнесмена, чалавека, які працуе каля станка, у полі. А каб у іх была магчымасць развівацца, нараджаць дзяцей, будаваць дом, мы павінны забяспечыць мірнае неба над галавой. Няхай той жа бізнесмен прыносіць карысць сваёй краіне ў іншым, мы ж выбралі прафесію абараняць Радзіму для таго, каб было спакойна ўсім астатнім. Некаторыя кажуць: маўляў, навошта патрэбны вайскоўцы, калі няма вайны. Можа, таму і няма, бо сёння ёсць мы.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Вайскоўцы з пунсовымі пагонамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».