Вы тут

Праект, прымеркаваны да юбілею арміі, падарожнічае па Беларусі


Каля трох тысяч чалавек, у большасці сваёй школьнікі і студэнты, днямі бліжэй пазнаёміліся з сучаснай беларускай арміяй. У межах тэлевізійнага музычнага праекта Міністэрства абароны «Айчыне служым!», прымеркаванага да 100-годдзя Узброеных Сіл, пра тонкасці вайсковай службы, актуальнасць такіх адвечных паняццяў, як любоў да Радзімы і захаванне традыцый, яны даведаліся не толькі праз мастацтва.


Вялікія чэргі каля экспазіцыйных стэндаў — склалася ўражанне, што тут бясплатна раздаюць гарачыя піражкі. На самай справе хлопчыкі і нават дзяўчаткі не адыходзілі ад стралковай зброі, якой карыстаюцца сённяшнія вайскоўцы. Падлеткам не цярпелася даведацца, на якую максімальную адлегласць разлічана куля, выпушчаная з аўтамата Калашнікава, колькі часу неабходна, каб асвоіць снайперскую вінтоўку Драгунова, і, увогуле, дзе сёння вучаць снайпераў.

Васьмікласнікі 55-й сталічнай сярэдняй школы былі ў захапленні ад... бронекамізэлек. Так і засыпалі пытаннямі вайскоўца, які прадстаўляў экіпіроўку сіл спецыяльных аперацый. «Цікава, з чаго яны зроблены, якой зброяй іх можна прабіць, з якой адлегласці, — тлумачыць сваю цікаўнасць Дзіма. — Увогуле, мне падабаецца ўсё, што звязана з ваеннай тэматыкай».

З аднакласнікам пагаджаецца і Ваня. Падобнае падлетак бачыць не ўпершыню: разам з бацькам яны частыя госці на гістарычных рэканструкцыях, якія ладзяцца на Лініі Сталіна, неаднойчы былі і ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. На пытанне, ці плануюць звязаць сваё жыццё з арміяй, хлопцы ўпэўнена адказваюць: «А як жа! Калі не на прафесійнай аснове, то тэрміновую службу павінен адслужыць кожны сапраўдны мужчына!» Але перш той жа Дзіма паспрабуе налета паступіць у кадэцкае вучылішча.

Курсант факультэта ракетных войскаў і артылерыі Ваеннай акадэміі Кірыл Семяндзяеў, які на некалькі крокаў бліжэй на шляху да афіцэрскіх пагонаў, дасканала вывучаў прадстаўленыя ўзоры ваеннага адзення. «Думаю, у такой форме сучаснаму салдату будзе служыць камфортней», — перакананы юнак.

Невялікі натоўп і каля часовай карціннай галерэі. Маладыя людзі цікавяцца, хто адлюстраваны на палотнах (а гэта двойчы Героі Савецкага Саюза — ураджэнцы Беларусі), які подзвіг у гады Вялікай Айчыннай вайны яны здзейснілі.

— Лепш адзін раз убачыць, чым сем разоў пачуць, — лічыць кіраўнік студыі ваенных мастакоў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай АПІЁК. — Колькі мы ні казалі б, але калі чалавек бачыць выдатнага дзеяча на палатне, хочаш не хочаш, у думках ён знаёміцца з яго біяграфіяй.

Непадалёк размясцілася перасоўная мастацкая майстэрня. У сваіх палотнах, якія ствараліся тут жа, школьнікі адлюстроўвалі армейскую тэматыку. Пяцікласніца Марыя Зіновенка, напрыклад, пісала нацюрморт. Сярод кветак і садавіны яна «паклала» каску і аўтамат. «Гэтым я хачу сказаць, што Вялікая Айчынная вайна скончылася, мы пра яе памятаем, але краіна квітнее, развіваецца, і мы хочам, каб так было і далей», — кажа дзяўчынка.

Як адзначае мастак-баталіст, уласнік прыватнай мастацкай майстэрні Уладзімір Сайко, гісторыя беларускага войска ў розныя часы з'яўляецца асноўнай тэмай дзейнасці студыі. «Батальны жывапіс цікавы дзецям, бо для іх гэта нешта новае, — перакананы мастак. — Мы даносім да аўдыторыі ідэю пра тое, што ёсць беларус-сейбіт, працавіты чалавек, які мае ў сабе вялікую энергію, моц, але, калі пачынаецца пэўны канфлікт, беларус заўсёды адстойвае сваю пазіцыю. Ён не ваяўнічы, але, калі трэба, зможа за сябе пастаяць».

— Мы пабылі ў многіх гарадах, і, паверце, праект «Айчыне служым!» вельмі палюбіўся гледачу, — заўважае мастацкі кіраўнік Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл, заслужаны артыст Беларусі палкоўнік Уладзімір ВАРАПАЕЎ. — Гэта калі б'юцца ва ўнісон сэрцы артыста і гледача, калі мы адзін аднаго разумеем, што ў нас адна мэта — клопат пра любімую Радзіму.

Дарэчы, учора артысты ансамбля выступілі з канцэртнай праграмай «Айчыне служым!» у Пружанах, а ўжо ў аўторак плануюць парадаваць жыхароў Барысава.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Дзяніса МАЛЫШЫЦА

Загаловак у газеце: Айчыне служым!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.