Вы тут

Культурнае падарожжа «Звязды» па Заходняй Украіне


На Захадзе Украіны, на мяжы з Малдовай, на вышыні больш за 100 метраў ёсць скальны манастыр, узрост якога большы за ўзрост Кіева-Пячэрскай лаўры. А яшчэ ў краіне-суседцы знаходзіцца самы вялікі ва Усходняй Еўропе музей хатняй іконы і прадметаў быту мінулага. Яго яшчэ называюць «Душа Украіны». Усё гэта журналіст «Звязды» атрымаў магчымасць убачыць дзякуючы прэс-туру, які быў арганізаваны Міністэрствам эканамічнага развіцця і гандлю Украіны і Кіеўскім прэс-клубам.


Лядаўскі скальны мужчынскі манастыр.

Паміж Афонам і Кіевам

Нядаўна адной з найбольш абмяркоўваемых навін стала інфармацыя пра тое, што Украінская праваслаўная царква атрымала незалежнасць ад Маскоўскага патрыярхату. Навіна гучная, але, калі ўнікнуць, па сутнасці мала што памянялася: Украінская праваслаўная царква, гэтак жа як і Беларуская праваслаўная царква, была і застаецца самакіравальнай часткай Маскоўскага патрыярхату. Унесеныя змены носяць тэхнічны характар: цяпер у статуце Рускай праваслаўнай царквы асобна прапісана, што цэнтр кіравання Украінскай праваслаўнай царквы знаходзіцца ў Кіеве. Усе гэтыя нюансы, насамрэч, мала хвалююць людзей, якія шукаюць свой шлях да Бога. Пра гэта казалі і манахі Лядаўскага Усекнавенскага скальнага мужчынскага манастыра, які знаходзіцца ў Вінніцкай вобласці Украіны.

Манастыр адносіцца да Магілёў-Падольскай епархіі Украінскай праваслаўнай царквы. Яго ў 1013 годзе заснаваў родапачынальнік манаства на Русі прападобны Антоній Пячэрскі (у свеце — Анціпа). Побач невялікая рэчка Лядава ўпадае ў Днестр. Усекнавенскі — бо ў гонар усекнавення галавы Іаана Прадцечы. Аднайменную ікону ў манастыры ўшаноўваюць асабліва. Як і крыніцу з вадой, карыснай для здароўя. Лічыцца, што яе знайшоў і добраўпарадкаваў сам прападобны Антоній. Вернікі канстатуюць, што вада з крыніцы мае гаючую сілу. Асабліва шануюць тут і камень з надпісам пра тое, што мясціна знаходзіцца пад аховай Бога.

Манахі расказалі, што малады манах Антоній, паплечнік вялікага роўнаапостальнага князя Уладзіміра — хрысціцеля Русі, — па дарозе з Афона ў Кіеў менавіта ў гэтым месцы пачуў голас нябесны. Таму вырашыў спыніцца і высек у скале келлю, якая захавалася. Яе памеры такія ж, як і ў манастыры на Святым Афоне, дзе Антоній прыняў манаскі пострыг. З келлі ўглыб скалы вядзе пераход, адзін з некалькіх.

Многіх прыезджых таксама ўражвае і костніца — астанкі манахаў. Калісьці была такая традыцыя і не толькі ў хрысціянстве — выстаўляць чэрапы і косці памерлых напаказ.

І Хмяльніцкі, і Карбышаў

Цікава, што менавіта гэты манастыр мае непасрэднае дачыненне да ўсім вядомай гісторыі пра ўзаемаадносіны Багдана Хмяльніцкага і Рускага царства. Манахі расказалі, што ігумен Павел і іераманах Нічыпар перадалі грамату іерусалімскаму патрыярху Паісію, а таксама агучылі просьбу цару Аляксею Міхайлавічу дапамагчы ў барацьбе з ворагамі. Нагадаю, гэта адбылося ў 1648 годзе.

У ХVІІІ стагоддзі манастыр належаў уніятам. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў ім пачаўся перыяд росквіту. Браты вялі актыўную асветніцкую і гаспадарчую дзейнасць. Праводзілі і кірмашы, на якія прыязджала шмат людзей.

1938 год — сумны ў гісторыі манастыра. Тады на мяжы з Румыніяй пачалі будаваць сакрэтную лінію абароны. Кіраваў гэтым генерал Карбышаў. Адно з абарончых збудаванняў вырашылі размясціць на тэрыторыі манастыра. Апошні было загадана часткова зруйнаваць.

Манахі расказалі падчас экскурсіі, што той, хто заклаў выбухоўку, загінуў. Перад гэтым пачуў спевы ў суседнім храме, дзе людзей не было. Многае было знішчана. Выбух быў настолькі моцны, што потым відавочцы гаварылі пра разарваны купал і галоўны звон манастыра, якія ўляцелі ў Днестр.

Святыня вяртаецца

Адраджэнне пачалося каля 20 гадоў таму. На сёння ў манастыры жывуць 10 чалавек. Пра нюансы жыцця яны шмат не расказваюць. Праўда, адзін прызнаўся, што не ўсе вытрымліваюць нялёгкія ўмовы побыту... Таму некаторыя жывуць тут часова. Тыя, хто затрымліваецца, навучаюцца апрацоўваць камяні, рабіць мазаіку. Ёсць свае іканапісцы. Усе яны пры дапамозе паломнікаў і тых, хто шануе гісторыю краіны, адбудоўваюць страчанае. Вырашылі, што адновяць усё! На тэрыторыі манастыра і там, і тут рыштаванні, будаўнічыя матэрыялы.

Самы вялікі ва Усходняй Еўропе музей іконы.

Як і калісьці, тут праводзяць кірмашы. Размяшчаюць паломнікаў. У царкоўнай лаўцы можна купіць іконы, нацельныя крыжыкі, праваслаўную літаратуру.

Нават турысты, далёкія ад Царквы, пры першым поглядзе на манастыр на гары адчуваюць трапятанне ў душы. Калі падымаюцца наверх да збудаванняў, дзіўнае пачуццё толькі ўзмацняецца...

Ды і краявід з вышыні варты таго, каб пераадолець сотні або тысячы кіламетраў да святых мясцін. Дыхаецца тут лёгка, і на свет пачынаеш глядзець інакш — адчуваеш сябе птушкай. Манахі могуць з некаторымі турыстамі і пагаварыць, нешта параіць.

Друкарня, млын, сметнік, музей

А ў гарадку Радамышль Жытомірскай вобласці журналістам паказалі прыватны музей, дзе сабраныя іконы розных хрысціянскіх канфесій і прадметы быту.

Як падкрэсліла экскурсавод, з дзяржаўнага бюджэту дапамога не аказваецца. Зарабляюць на продажы білетаў і за кошт правядзення розных культурных акцый.

Музей украінскай хатняй іконы і старажытнасці з'явіўся дзякуючы вядомаму ўкраінскаму палітыку Вользе Багамолец. Яна — кіраўнік камітэта Вярхоўнай Рады Украіны па пытаннях аховы здароўя, дарадца прэзідэнта краіны па гуманітарных пытаннях. Была кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2014 года. Мецэнат, заслужаны ўрач Украіны, доктар медыцынскіх навук. А яшчэ — праўнучка акадэміка Аляксандра Багамольца, кіраўніка АН УССР, віцэ-прэзідэнта АН СССР. Ён — аўтар сістэмы захавання донарскай крыві, а таксама сывараткі, якая паскарае гаенне ран.

Вольга Багамолец, каб размясціць сваю багатую калекцыю, шукала будынак. Выбар выпаў на млын, пабудаваны ў 1902 годзе. Каля 20 гадоў таму тут была звалка — ні вокнаў, ні дзвярэй, на вачах разбуралася ўзведзенае продкамі...

Пачалі наводзіць парадак. І высветлілася, што млын стаіць на рэштках падмурка больш старажытнай пабудовы. Там у ХVІІ стагоддзі выраблялі паперу для Кіева-Пячэрскай лаўры. Дарэчы, нават раён горада мае назву «Паперня». Таксама аказалася, што будынак узведзены на падземнай гранітнай скале...

Сярод каля пяці тысяч ікон, скульптур, а таксама прадметаў быту ёсць і шкляныя. Уражвае ікона ХІІ стагоддзя. Да яе можна дакрануцца і адчуць... цяпло — літаральна, а не ў пераносным сэнсе. Напэўна, захоўвае энергетыку людзей, якія дакраналіся да яе на працягу вякоў.

І майстар-шоу з ХVІІ стагоддзя

Афіцыйнае адкрыццё гісторыка-культурнага комплексу «Замак Радамышль» адбылося ў верасні 2011 года. А ў наступным годзе была адкрыта адноўленая лінія вытворчасці паперы па тэхналогіі ХVІ—ХVІІ стагоддзяў. Паперу рабілі з лёну, крапівы і канопляў. І дадавалі шалупінне часнаку (абараняла ад шкоднікаў) і цыбулі (надавала трываласці). Экскурсанты пры дапамозе друкара могуць навучыцца наносіць малюнкі на паперу, аналагічную старажытнай...

Падчас рэстаўрацыі тут аднавілі інтэр'еры ХVІІ—ХІХ стагоддзяў. Да асноўнага будынка дабудавалі вежу вышынёй 35 метраў. І на ёй усталяваны звон. У комплексе ёсць канцэртная зала. Яе ўнікальнасць у тым, што яна адзіная ў свеце, дзе ёсць крыніца. Вада трапляе ўнутр праз расколіны ў скальнай пародзе. Ёсць і абрадавая зала, дзе заключаюцца шлюбы, праводзяць важныя мерапрыемствы. Выкарыстоўваецца і трапезная. Для турыстаў ёсць гатэль.

У ландшафтным парку з двума вадаспадамі, выспамі, рэдкімі раслінамі можна ўбачыць старадаўнія скульптуры ХVІІ—ХІХ стагоддзяў. Тут нельга абмінуць масток мары, каб патрапіць на востраў шчасця.

Комплекс — частка агульнаеўрапейскага культурнага праекта Vіа Rеgіа, заснаванага Саветам Еўропы. Мэта праекта — спрыяць культурнаму абмену і развіццю турызму паміж еўрапейскімі краінамі.

Падчас прэс-туру нам таксама паказалі месца, куды прыязджаюць экстрасэнсы, каб «зарадзіцца», распавялі пра таямніцы «масонскага парку», пазнаёмілі з экспанатамі бурштынавага музею і яшчэ шмат з чым. Пра ўсё гэта — у іншых нумарах «Звязды».

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Вінніцкая і Жытомірская вобласці Украіны

Загаловак у газеце: Памаліцца на вышыні і ўбачыць «Душу»...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».