Вы тут

ПДУ атрымаў грант па праграме краін «Усходняга партнёрства»


Палескі дзяржаўны ўніверсітэт атрымаў грант па праграме тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін «Усходняга партнёрства» «Беларусь — Украіна» (EaPTC). Пра гэта паведаміла загадчык кафедры эканомікі і арганізацыі вытворчасці Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Людміла Совік.


Грантавы кантракт быў падпісаны на мінулым тыдні ў Кіеве.

Як паведамляе БЕЛТА, праект «Фарміраванне прадпрымальніцкага асяроддзя па вытворчасці арганічных ягад у трансгранічных раёнах Беларусі і Украіны» пінчане будуць рэалізоўваць сумесна са сваімі партнёрамі з Нацыянальнага ўніверсітэта воднай гаспадаркі і прыродакарыстання (горад Роўна, Украіна). Сума гранта для беларускага боку складзе 96 тысяч еўра, для ўкраінскага — каля 70 тысяч еўра.

Частку сродкаў накіруюць на маркетынгавае даследаванне рынку ягадных культур. Таксама пінскія навукоўцы і іх ровенскія калегі распрацуюць рэкамендацыі па арганічных тэхналогіях вырошчвання ягад. З прапанаванымі методыкамі прадпрымальнікі змогуць азнаёміцца на сайце, наведваючы адукацыйныя мерапрыемствы і трэнінгі. «Будуць арганізаваны паездкі беларускіх фермераў ва Украіну на арганічныя вытворчасці, каб яны паглядзелі, што і як робіцца. Запросім украінцаў для пераймання нашага вопыту. Акрамя таго, раскажам пра патрабаванні ЕС да арганічных вытворчасцяў», — падкрэсліла Людміла Совік.

Праект тэрытарыяльнага супрацоўніцтва разлічаны на 14 месяцаў. Да яго рэалізацыі партнёры ўжо прыступілі. «Разлічваем, што будуць закладзены плантацыі з беларускіх і ўкраінскіх саджанцаў, а раней невыкарыстоўваемыя землі будуць уключаны ў гаспадарчы абарот з высокапрадукцыйнымі раслінамі. Таксама мы чакаем, што пасля заканчэння праекта некаторыя нашы фермеры будуць гатовы сертыфікаваць сваю вытворчасць па стандартах ЕС», — адзначыла загадчык кафедры.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Амаль 100 тысяч еўра — на навуку

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».