Вы тут

Аляксандр Лукашэнка наведаў ААТ «Камволь»


За апошнія гады на прадпрыемстве многае змянілася. Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка, наведваючы «Камволь», прызнаўся: яго візіт напрамую звязаны з завяршэннем «вялікай эпапеі» мадэрнізацыі камбіната.


Захавалі «школу» і працоўныя месцы

Мадэрнізацыя праходзіла даволі складана, ды і мадэрнізаваць, рамантаваць, выпраўляць было што:

— Прыехаў, каб павіншаваць вас з заканчэннем вялікай эпапеі мадэрнізацыі «Камволя». Пачалі мы яе даўно, шмат коп'яў зламалі тут... Усё было. Але, думаю, мы выходзім на тое, што хацелі тут атрымаць — вырабіць добрыя тканіны.

Пяць гадоў таму кіраўнік дзяржавы ўжо наведваў прадпрыемства, якое тады перажывала не лепшыя часы. Абсталяванне было амаль цалкам зношана, адпаведна, падалі аб'ёмы вытворчасці прадукцыі і пагаршалася фінансавая сітуацыя. Мае калегі-журналісты, якія тады, у снежні 2012-га, наведвалі разам з Прэзідэнтам «Камволь», успаміналі, як было холадна ў цэхах — літаральна як на вуліцы! Цяпер жанчыны, што працуюць на фабрыцы, ужо прызвычаіліся пераабувацца на рабоце ў лёгкія туфлікі. Як бачым, ужо па ўзроўні камфортнасці працы станоўчыя змены — відавочныя. І гэта далёка не самае вялікае дасягненне «Камволя» за апошнія гады.

Галоўнае — удалося захаваць сваю школу вытворчасці тканін, а таксама — працоўныя месцы.

— Я лічу гэта злачынствам: калі дзяржава ўмее нешта вырабляць, а пасля гэта пахавае — гэта дрэнны знак, — сказаў Прэзідэнт.

У пачатку шляху

Аляксандр Лукашэнка сказаў шчыра, што ў яго пакуль няма канчатковага разумення, задаволены ён зробленым ці не. На «Камволь» кіраўнік краіны хацеў прыехаць ужо даўно, але адкладваў візіт, бо даклады па развіцці прадпрыемства аптымізму не ўсялялі, ды і мадэрнізацыя тады яшчэ не была завершана.

— Вось праз год можна будзе сказаць: прадпрыемства, якое ўстаялася, якое вырабляе добрыя тканіны, яны прадаюцца на сусветных рынках — і вы атрымліваеце нармальную зарплату. Мы яшчэ ў пачатку шляху, — заўважыў Прэзідэнт.

Ёсць станоўчыя фактары: на прадпрыемства могуць уладкавацца людзі — а пытанне працаўладкавання сёння для краіны адно з самых актуальных. Тым больш, як агучыў кіраўнік краіны, тыя паўтары сотні працоўных месцаў, якія яшчэ не занятыя, прызначаны ў асноўным для жанчын, якім знайсці работу складаней.

Вырабіць — і прадаць

Падчас наведвання прадпрыемства кіраўнік краіны паглядзеў розныя цэхі і паназіраў, як вырабляецца тканіна — пачынаючы ад апрацоўкі сыравіны, выпрадання з яе нітак і заканчваючы гатовымі ўзорамі, з якіх можна нешта пашыць. Размаўляючы з чыноўнікамі, інвестарамі — з «Камволем» ужо супрацоўнічае турэцкая кампанія Zеn Lеd — Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на аб'ёмы вытворчасці. Шэсць мільёнаў пагонных метраў у год (праектная магутнасць прадпрыемства пасля мадэрнізацыі) — далёка не мяжа. Кіраўнік дзяржавы даручыў не проста дасягнуць гэтага паказчыка, а вывесці вытворчасць на 7—8 мільёнаў пагонных метраў тканіны ў год.

— Сёння я з'язджаю з думкай, што гэта трэба рабіць, пакуль мяне ніхто не разупэўніў, — сказаў кіраўнік краіны, звяртаючыся да калектыву прадпрыемства. — Я спытаў у нашых турэцкіх сяброў: вы зможаце прадаць 12 мільёнаў і за які час? Бо вырабіць — мы вырабім, але ж трэба прадаць. Яны мне сказалі, што на працягу трох-чатырох гадоў мы можам, ствараючы брэнд, выйсці на продаж 12 мільёнаў. Ну, можа, памыліліся, няхай 10. Але гэта 10! А калісьці мы выраблялі 20. Так, гэта была не тая тканіна, зусім не тая вытворчасць. Але на рынку добрая тканіна патрэбна.

Унутраны попыт ёсць

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ў якаснай тканіне, якую ўжо сёння вырабляе «Камволь», зацікаўлена і ўся краіна. Дарэчы, учора некаторыя кіраўнікі былі апранутыя ў касцюмы, пашытыя з тканіны гэтага прадпрыемства. А Прэзідэнт прызнаўся, што сам хоча пашыць сабе з яе гарнітур.

Падчас сустрэчы з працоўным калектывам прадпрыемства кіраўнік краіны адказаў на пытанні, якія цікавілі камволеўцаў.

Юлія Казак, аператар вузлавязальнага абсталявання, звярнула ўвагу, што штогод у краіне праходзіць шмат спартыўных, культурных мерапрыемстваў. Яна пацікавілася, ці можна ў асноўным для пашыву касцюмаў для ўдзельнікаў выкарыстоўваць тканіну «Камволя».

— Навошта ж тады будавалі гэта прадпрыемства? — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. — Мы ў краіне перапрацоўваем недзе 1,2 мільёна пагонных метраў тканіны. Ну а ў цэлым недзе паўтара. Сёння я даручыў міністру, каб у наступным годзе паўтара мільёна на ўнутраным рынку — гэта ж наш рынак — узяць адсюль і пашыць з іх гатовыя вырабы. Гэта значыць, мы будзем вас падтрымліваць. Але майце на ўвазе: закрыцца ад продажаў тут тканін кітайскіх, расійскіх, турэцкіх мы не можам як мінімум з дзвюх прычын. Першая — канкурэнцыя: ёсць канкурэнцыя, ёсць якасць, ёсць рост. Па-другое, калі мы закрыемся ад некага, хутка закрыюцца і ад нас.

Кацярына Баранава, бухгалтар, звярнула ўвагу, што ў краіне шмат прыватных прадпрыемстваў, што займаюцца пашывам адзення. Ці можна зрабіць так, каб яны маглі — для вытворчасці, не для перапродажу — ільготна набываць тканіну «Камволя»? Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што гэта цалкам магчыма.

— Сёння швейнай вытворчасцю займацца выгадна, — звярнуў увагу ён. — Швачак не хапае ў краіне. Гэта было складана ўявіць у савецкія часы. Але пакуль іх не хапае, і гэта няхватка вельмі сур'ёзна заработную плату ў іх падняла, швачка сёння атрымлівае прыстойныя грошы. Таму мы будзем падтрымліваць і падтрымліваем швейную вытворчасць, але, яшчэ раз падкрэсліваю, усё гэта не бязмежна. Мы і так уклалі 100 з лішнім мільёнаў долараў у вашу вытворчасць і, проста па-чалавечы вам кажу, не чакайце дадатковых льгот.

Забарона праблему не рашае

Майстар Надзея Аляксеева прысвяціла сваё пытанне праблеме алкагалізму: што можна тут зрабіць на дзяржаўным узроўні. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што аднымі забаронамі праблему не вырашыш. Наадварот, гэта, як паказвае практыка, прыводзіць да актывізацыі продажу нядобраякаснай алкагольнай прадукцыі. На думку Аляксандра Лукашэнкі, трэба больш увагі ўдзяляць здароваму, актыўнаму ладу жыцця на ўсіх узроўнях — ад сям'і да дзяржавы. Што да іншых мер, то тут неабходна ісці ад жыцця.

Памочнік майстра Віктар Філіпаў з ткацкага цэха пацікавіўся меркаваннем кіраўніка краіны наконт таго, што расійскія спартсмены не змогуць выступаць на зімовай Алімпіядзе 2018 года пад сваім сцягам. Як Прэзідэнт ставіцца да гэтых санкцый Міжнароднага алімпійскага камітэта? Дарэчы, сам Віктар Філіпаў займаецца спортам — парашутным.

— Прэзідэнт Расіі правільную, я лічу, зрабіў заяву, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Кожны спартсмен, калі ён хоча, павінен паехаць пад любым флагам на Алімпіяду. Калі б гэта, не дай Бог, здарылася з беларусамі, я б зрабіў гэтак жа. Ты можаш, гэта тваё жыццё — едзь і паказвай вынік. Гэту праблему Расія можа вырашыць прыгожа, даказаўшы ўсяму свету, што яна вялікая спартыўная дзяржава і што ў дачыненні да яе паступілі несправядліва — калі спартсмены-расіяне туды паедуць.

Што да допінгу, то, прызнаўся кіраўнік нашай краіны, ён цалкам падтрымлівае барацьбу Міжнароднага алімпійскага камітэта.

* * *

Прадпрыемства «Камволь» заснавана ў 1955 годзе, і зараз асартымент выпускаемай там прадукцыі даволі шырокі. У той жа час, нягледзячы на станоўчую дынаміку аб'ёмаў, фінансавае становішча «Камволя» застаецца няпростым: на складах заляжалася занадта шмат прадукцыі, і гэта пры тым, што аб'ёмы вытворчасці растуць.

Традыцыйным рынкам збыту для тканін, што вырабляюцца на прадпрыемстве, застаецца Расія — туды накіроўваецца 80% усёй прадукцыі. Ёсць продажы таксама ва Узбекістан, Літву, Польшчу, Азербайджан, Малдову, Украіну.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Мэты амбіцыйныя, але рэальныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».