Вы тут

Школьныя музеі на любы густ можна знайсці ў Магілёўскай вобласці


У школьных музеях шмат душэўнасці і цеплыні, яны жывыя і непасрэдныя. І вучням не трэба тлумачыць, што гэта за рэч і да якой эпохі адносіцца. Яны самі археолагі і даследчыкі. Большая частка экспанатаў сабрана з іх удзелам пад кіраўніцтвам захопленых працай настаўнікаў. Тыя, каго яны заразілі сваёй апантанасцю ў дзяцінстве, потым самі ўліваюцца ў гэта свайго роду братэрства. І гэты ланцужок ніколі не перарываецца, ён больш трывалы і надзейны. Бо ў ім няма выпадковых людзей, кожны на сваім месцы...

Тэма школьных музеяў была закранутая падчас правядзення ў Магілёве рэспубліканскага семінара кіраўнікоў музеяў устаноў адукацыі, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, супрацоўнікі дзяржаўных і школьных музеяў. Спецыялісты ацэньвалі музеі ўстаноў адукацыі Магілёва і Магілёўскага раёна з пункту гледжання іх пошукавай, даследчай і прафарыентацыйнай дзейнасці.


На занятках гуртка «З народных вытокаў» у сярэдняй школе №21 горада Бабруйска.

Патрыятычныя, этнаграфічныя, літаратурныя, праваслаўныя...

Музеі на любы густ і патрэбу можна знайсці ў Магілёўскай вобласці. На тэрыторыі рэгіёна ў сістэме адукацыі іх налічваецца 194. І кожны па-свойму ўнікальны.

Гісторыка-краязнаўчы музей Гадылёўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа Быхаўскага раёна спецыялізуецца на пошукавай дзейнасці. Яго актывістамі толькі за апошнія тры гады апрацавана 36 баявых данясенняў аб беззваротных стратах, устаноўлена 1734 імёны, якія не значыліся ў спісах пахаванняў раёна, а 88 прозвішчаў наогул адсутнічалі ў электроннай базе даных Магілёўскай вобласці. Было знойдзена 10 няўлічаных пахаванняў.

Юныя пошукавікі Раманавіцкай школы Магілёўскага раёна разам з абласным клубам «Віккру» ўстанавілі больш за 200 імёнаў воінаў 20-га механізаванага корпуса, які ўдзельнічаў у абароне Магілёва. Знойдзены месцы іх пахаванняў, вядзецца перапіска з роднымі.

Пра школьны музей магілёўскай школы №34 «Звязда» ўжо пісала неаднойчы. Менавіта тут пад кіраўніцтвам завуча школы Галіны Бяляевай створаны электронныя праграмы «Гісторыя Магілёва», «Абарона Магілёва: 23 гераічныя дні», «Гербы Магілёўшчыны», «Кастрычніцкі раён: 50 гадоў развіцця», «Этнаграфічны слоўнік». На сайце школы размешчана падрабязнае апісанне асноўнага музейнага фонду амаль з 2000 экспанатаў і дапаможнага з болей чым 1100. Працоўнай групай «Інфанэт» алічбаваныя часопісы «Савецкі воін» 1948 года і «Аганёк» — за 1942-і, шэраг рэчаў асноўнага і дапаможнага фондаў. За апошнія некалькі гадоў музейную старонку наведалі больш за 120 тысяч карыстальнікаў з розных краін свету.

Пошукавай групай «Спадчына» Слаўгарадскага прафліцэя №3 створана электронная база з 6 тысяч імёнаў байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі, загінулых пры абароне, акупацыі і вызваленні Слаўгарадскага раёна, дадзена інфармацыя, дзе менавіта пахаваны салдаты і як дабрацца да месцаў пахавання. На сайце ліцэя ёсць таксама база вёсак, зніклых з карты раёна пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На электроннай карце нанесены ўсе вуліцы і дамы населеных пунктаў і нават колькасць жыхароў.

Шэраг школьных музеяў вывучае абрады і народныя традыцыі продкаў. Пры музеі народнай творчасці сярэдняй школы №21 Бабруйска дзейнічаюць фальклорны тэатр і аб'яднанне па інтарэсах «З народных вытокаў».

Унікальнасць ручнікоў, сабраных выхаванцамі Лабжанскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна, высока ацаніў на першым Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі» дырэктар гістарычнага музея з Амстэрдама Б'ёрн Стэнверс. А калекцыяй гісторыка-этнаграфічнага музея Горскай школы Горацкага раёна зацікавіліся нават спецыялісты музея этнаграфіі і фальклору пры Акадэміі навук Беларусі. Пры музеі створана аб'яднанне па інтарэсах «Ткацтва», мэта якога захаваць традыцыі народнага рамяства.

Некалькі тэлеперадач з удзелам беларускіх этнографаў Янкі Крука і Аксаны Катовіч створана на аснове даследаванняў школьнага музея Эсьмонскай школы Бялыніцкага раёна вакол загадкавага Заазерскага стоўнхенджа.

Музей хлеба сярэдняй школы №3 горада Быхава.

Прафесіяналы музейнай справы

Прыкладам самаахвярнасці і адданага служэння справе з'яўляецца сапраўдны патрыёт і захоплены гісторыяй роднага краю чалавек Жанна Сямёнаўна Караленя, якая ў сувязі з цяжкай хваробай была вымушана адмовіцца ад пасады дырэктара комплекснага краязнаўчага музея Дараганаўскай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна. І нават прыкаваная да бальнічнага ложка, яна хвалюецца за сваё дзецішча. Разам з дзецьмі ёю зроблена шмат унікальных знаходак, здзейснена безліч пошуковых экспедыцый, ліквідаваны белыя плямы ў гісторыі раёна. Менавіта яна аднавіла сувязь з нашчадкамі найстарэйшага роду Дараганаў, якім населены пункт абавязаны сваёй назвай. Два гады таму пры раённым краязнаўчым музеі была створана ўнікальная экспазіцыя роду Дараганаў, рэчы для якой перадаў нашчадак са Швецыі Андрэй Дараган. На адкрыцці экспазіцыі ён асабіста падкрэсліў, што ідэя стварыць яе прыйшла пасля таго, як ён па запрашэнні Жанны Каралені наведаў школьны музей і ўбачыў, наколькі трапятліва ставяцца да памяці яго продкаў. Сапраўдны ажыятаж выклікала інфармацыя аб наяўнасці ў фондах гэтага школьнага музея дакументаў 214-й паветрана-дэсантнай брыгады, якая абараняла Магілёў. Правапераемнікам гэтай брыгады сёння з'яўляецца 5-я асобная брыгада спецыяльнага прызначэння ў Мар'інай Горцы пад Мінскам. Аб баявым шляху 214-й паветрана-дэсантнай брыгады дагэтуль нічога не было вядома. Спісаў асабовага складу няма нават у Цэнтральным архіве Расійскай Федэрацыі. І сёння спецыялісты 5-га асобнага батальёна спецыяльнага прызначэння вывучаюць фондавыя матэрыялы Дараганаўскага школьнага музея. На семінары дзейнасць Жанны Каралені ацанілі дыпломам Міністэрства адукацыі, адзначыўшы яе плённую добрасумленную працу па выхаванні падрастаючага пакалення сродкамі музейнай дзейнасці.

З не меншай адданасцю працуюць на карысць школьных музеяў сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы Раіса Азаранка, Аляксандр Марзалюк, Ала Костарава, Міхаіл Пазнякоў, Валянціна Чорная, Сяргей Лугавы, Клаўдзія Жаўрыд, Святлана Белавусава, Тамара Хальцова і шмат іншых. Па два школьныя музеі стварылі Анатоль Марозаў, Міхаіл Шымукенас, Васіль Максіменка. На рахунку Ірыны Навагродскай наогул тры музеі — два на Віцебшчыне і адзін на Магілёўшчыне.

Школьныя музеі, на жаль, не фінансуюцца, і асноўная надзея тут на спонсараў. Адчувальную падтрымку на Магілёўшчыне аказвае магілёўскае аддзяленне Беларускага фонду міру, яго кіраўнік Валянціна Мельнікава душой хварэе за школьныя музеі, выязджае на месцы, глядзіць, як яны працуюць, і дапамагае з рамонтам памяшканняў, рэканструкцыяй экспазіцый, абсталяваннем. Апошнія, хто скарыстаўся ў Магілёве гэтай дапамогай, — сярэднія школы №№11, 22, 34. Яна таксама раіць раённым аддзяленням падтрымліваць музеі, што знаходзяцца на іх тэрыторыі. Асноўная частка школьных музейных экспазіцый была створана ў 80—90-я гады, яны нават маральна састарэлі. Іх трэба абнаўляць. І тут вялікую дапамогу аказвае яшчэ і Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е. Раманава. З удзелам яго спецыялістаў робіцца навуковае праектаванне, што дазваляе школьным музеям выглядаць больш прафесійна.

Калекцыя самавараў Музея гісторыі вёскі Дашкаўка Дашкаўскай сярэдняй школы, Магілёўскі раён.

Выхаванне музеем

Карысны вопыт школьных музеяў Магілёўшчыны будзе сістэматызаваны ў метадычных напрацоўках і распаўсюджаны на ўсю рэспубліку, паведаміла галоўны спецыяліст Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Таццяна Драпакова.

— Гэты семінар дазволіў чарговы раз абмяняцца меркаваннямі аб перспектывах развіцця музейнай дзейнасці, музейнай педагогікі, убачыць практычны вопыт, — падкрэсліла важнасць мерапрыемства Алена Ануфровіч, дырэктар рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. — Першы такі семінар прайшоў у 1990 годзе, апошнім часам мы наведалі Валожынскі раён Мінскай вобласці, Мінск, Гродна, Брэст, Віцебск. Наогул, рэгіёны выбіраюцца
не выпадкова, улічваецца цікавы вопыт, напрацоўкі, ідзе адбор самага лепшага, магчымасць практычна папрацаваць на базе музеяў устаноў адукацыі, абмяняцца меркаваннямі. Сёння ў Магілёўскім рэгіёне і двух дзён будзе мала, каб паглядзець усё.

Увогуле па краіне пры ўстановах адукацыі функцыянуе 1,5 тысячы музеяў. «Гэта цэнтры духоўнага і патрыятычнага выхавання, — адзначыла загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра Кравец. — Мясцовы матэрыял наглядна лепш успрымаецца. Школьны музей павінен пастаянна папаўняцца, і трэба да гэтага актыўна далучаць дзяцей. Свае веды яны потым дэманструюць у розных конкурсах. Выхаванцы пераймаюць апантанасць сваіх кіраўнікоў, вучацца любіць свой край і цаніць яго здабыткі. Школьныя музеі — гэта яшчэ і добрыя прафарыентацыйныя цэнтры. Музей хлеба на Гомельшчыне, Музей касманаўтыкі ў Тамашэўскай школе на Брэстчыне і іншыя дапамагаюць глыбока ўнікнуць у сутнасць той ці іншай прафесіі і па-сапраўднаму захапіць школьніка.

— У звычайным музеі дзеці нешта паглядзелі і забылі. А тут яны ўдзельнічаюць у рэканструкцыі, вядзенні фондавай работы, вучацца апісваць экспанат, правільна ўносіць яго ў акты, рабіць запісы ў інвентарныя кнігі, — дадае загадчык аддзела краязнаўства і пошукавай работы цэнтра творчасці ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблавыканкама Святлана Барысенка. — Вучань тут раўнапраўны ўдзельнік працэсу. Гэта яшчэ сістэма экскурсій і паходаў, сумесныя чаяванні пасля — цэлы свет наогул. Сваё заўсёды бліжэй. І нават пасля школы выпускнікі цікавяцца, як там справы. Гэта — назаўсёды.

І самай прыемнай і доўгачаканай навіной для кіраўнікоў школьных музеяў стала тое, што нарэшце падпісаны сумесны дакумент паміж міністэрствамі адукацыі і культуры, дзе цалкам агаворваецца нарматыўна-прававая база музеяў устаноў адукацыі.

— Яшчэ некалькі гадоў таму ў вобласці рабіліся спробы на аснове некаторых школьных музеяў зрабіць раённыя краязнаўчыя. І нам прыйшлося дапамагаць ім змагацца за права застацца пад гэтым небам, — паведаміла Святлана Барысенка. — Апошняе Палажэнне аб школьных музеях было адменена законам аб музеях і музейным фондзе ў 2005 годзе, і 12 гадоў мы віселі ў паветры без нарматыўна-прававой базы. Цяпер мы больш упэўнена глядзім у заўтрашні дзень.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Музей, з якога пачынаецца Радзіма

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.