Вы тут

Песні‐кветкі ў славу Багдановіча


Уладзімір Мулявін разам з «Песнярамі» ствараў гэтую праграму да 100-годдзя Максіма Багдановіча. Яе прэм’ера адбылася ў Нью-Ёрку ў кастрычніку 1991 года ў Бібліятэцы Аб’яднаных нацый. Але адразу па вяртанні «Песняроў» з ЗША «Вянок» прадставілі ў Беларусі: менавіта 9 снежня, у дзень 100-гадовага юбілею паэта, чые словы натхнілі на стварэнне песень. Усяго іх 15. У гэтым цыкле прагучала «Вераніка» Ігара Лучанка і «Зорка Венера» Сымона Рак-Міхайлоўскага, якія ўжо былі папулярныя да таго часу і сталі разынкамі праграмы разам з новымі творамі, сярод якіх былі яшчэ «Слуцкія ткачыхі» і «Лявоніха» — іх таксама ўпадабалі слухачы, гэтыя песні гучалі потым. Таму што з часу прэм’еры ў Беларусі цыкл «Вянок» цалкам не гучаў.


І вось пасля таго першага і адзінага выканання ў снежні 1991 года праграма «Вянок» адноўленая і будзе прадстаўлена ў Мінску цалкам, адпаведна задуме Уладзіміра Мулявіна. Аднаўленне праграмы запатрабавала шмат намаганняў. Па-першае, нотны матэрыял праграмы не захаваўся. Але калі ёсць моцнае жаданне нешта зрабіць, то абставіны спрыяюць: унікальны аўдыязапіс праграмы, зроблены падчас репетыцыі, знайшоўся ў Маскве — у прыватнай калекцыі прыхільніка ансамбля «Песняры» Уладзіміра Пазняка. Гэты запіс дае ўяўленне аб праграме «Вянок» у яе поўным аб’ёме. Гэтая стужка ў алічбаваным варыянце была прадастаўлена Нацыянальнаму акадэмічнаму народнаму аркестру Беларусі імя І. Жыновіча. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко стварыў аранжыроўкі ўсіх 15 песень цыкла «Вянок». Іх ужо можна было пачуць: праграма выконвалася 9 верасня 2017 г. на плошчы каля Мінскай ратушы і была прымеркавана да святкавання 950-годдзя беларускай сталіцы. Ці шмат хто яе пачуў тады?

Але цяпер ёсць магчымасць паслухаць цэласны твор, якім з’яўляецца праграма «Вянок», паслухаць, як прыгожа гучаць і ў ХХІ стагоддзі песні, створаныя на знакамітыя вершы Максіма Багдановіча. Гэта ўсё дзякуючы працы, праведзенай Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Беларусі імя І. Жыновіча, і Аляксандру Крамко, які выступіць у якасці дырыжора. У канцэрце бяруць удзел запрошаныя выканаўцы: Ян Жанчак, экс-саліст гуртоў «Лявоны», і «Песняры» п/к Леаніда Барткевіча, салісты гурта «Спадчына» Вячаслаў Ісачанка (вакал), Андрэй Шчыткавец (бас-гітара) і Сяргей Шкурдзэ (ударныя), саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча, лаўрэат міжнародных конкурсаў Андрэй Коласаў, таксама вакальны гурт «Дыямент» у складзе Наталлі Шэрсцень, Таццяны Лаўрэнцьевай і Уладзіслава Даніловіча. Але нават калі не цяпер, то «Вянок» можа прыйсці ў кожны дом: рыхтуецца кампакт-дыск з запісам цыкла ў выкананні ансамбля «Песняры», да працы над якім спрычыніўся колішні музыкант «Песняроў» Мікалай Няронскі.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.