Вы тут

Чым сёння жыве Бешанковіцкі раён?


Бешанковіцкі раён знаходзіцца ў цэнтры Віцебскай вобласці, блізка ад трасы на Мінск. У апошнія гады ён актыўна развіваецца.


Гэта стала тэмай для кароткай размовы карэспандэнта «Звязды» са старшынёй Бешанковіцкага райвыканкама Андрэем Булаўкіным.

— Сёлета інфармацыйнай нагодай для СМІ стала адкрыццё ў Бешанковічах прадпрыемства фармакалагічнай спецыялізацыі. Інвестары — прадстаўнікі некалькіх краін. Якія дывідэнды ад гэтага праекта атрымлівае раён? Ёсць яшчэ прыклады інвестыцый?

— Вытворчасць на сумесным таварыстве з абмежаванай адказнасцю «Націвіта» ажыццяўляецца згодна з дзяржаўнай праграмай развіцця фармацэўтычнай прамысловасці краіны. Прадукцыя будзе насіць імпартазамяшчальны характар і арыентавана на экспарт. Такім чынам, дывідэнды атрымае не толькі рэгіён, але і ўся краіна.

У канцы мінулага года ўвялі ў эксплуатацыю аб'екты навукова-вытворчага корпуса. Сёлета ў ліпені адкрылі высокатэхналагічную вытворчасць. Аб'ём укладзеных інвестыцый — каля 10 мільёнаў еўра. Прадпрыемствам да канца года запланаваны выпуск лекавых сродкаў па поўным цыкле. Усяго прадугледжана стварэнне каля 100 працоўных месцаў. Такім чынам, за жыхароў раёна можна толькі парадавацца.

І гэта — не адзіны інвестыцыйны праект на нашай тэрыторыі. У будаўніцтва турыстычнага комплексу «Свячанка» Белгазпрамбанк уклаў каля 15 мільёнаў рублёў. Кампанія «Вітконпрадукт» будуе і рэканструюе цэхі жевёлагадоўчага прадпрыемства. Аб'ём інвестыцый — каля 5,6 мільёна рублёў.

— Андрэй Анатолевіч, ахарактарызуйце, калі ласка, аграрны сектар эканомікі раёна.

— Плошча нашых сельскагаспадарчых угоддзяў — 47,4 тысячы гектараў. Цэнтральнае звяно АПК забяспечвае вытворчасць раслінаводства і жывёлагадоўлі. Дзейнічаюць сем сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Сёлета гаспадаркі раёна сабралі больш за 35 тысяч тон збожжа. Намалацілі каля 2,7 тоны рапсу.

У раслінаводстве мы бачым перспектыўным развіццё за кошт павелічэння аб'ёмаў унясення мінеральных угнаенняў, абнаўлення пасяўнога матэрыялу, ажыццяўлення сяўбы элітным насеннем (не менш чым на 20% пасеваў). Плануем павялічыць валавыя зборы пшаніцы і трыцікале.

— Наколькі задзейнічаны турыстычны патэнцыял Бешанковічаў і іх наваколля?

— Для пачатку некалькі цікавых фактаў. У Бешанковічах праходзіў адзін з найбуйнейшых кірмашоў у Расійскай імперыі — Петрапаўлаўскі. Ён вядомы з XVІІ стагоддзя. Сюды з'язджаліся купцы і дзелавыя людзі з Падзвіння, Падняпроўя, Мінска і Брэста, Слуцка і Слоніма, Вільні, іншых гарадоў і пасёлкаў. А таксама — з замежных дзяржаў.

Падчас вайны 1812 года на тэрыторыі раёна адбылася адна з найбуйнейшых бітваў — пад вёскай Астроўна (25—27 ліпеня). Тут рускія войскі мужна супрацьстаялі перавышаючым сілам французаў. Але вымушаныя былі адступіць да Смаленска. У гонар гэтай падзеі ў Астроўне ўсталяваны памятны знак.

Яўрэйскія могілкі ў Бешанковічах лічацца адным з найбуйнейшых у Беларусі яўрэйскіх пахаванняў. Яно налічвае больш за 1000 магільных камянёў. Самы ранні датуецца 1772 годам. Вядуцца работы па наданні ім статусу гісторыка-мемарыяльнага месца.

Яшчэ адным турыстычным аб'ектам з'яўляецца мемарыяльны комплекс «Узрэчча». Тут пахавана больш за 200 савецкіх салдат і афіцэраў. Яны аддалі жыцці падчас фарсіравання Заходняй Дзвіны 25 чэрвеня 1944 года. Восем з іх — Героі Савецкага Саюза.

У раёне 25 турыстычных маршрутаў. Яны рознай накіраванасці, тэматыкі, працягласці і спосабаў праходжання. Штогод усё больш гасцей наведваюць наш край. І многае робіцца, каб яны пажадалі да нас прыехаць зноў. Найлепшая рэклама — добрыя ўражанні турыстаў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Пра бізнес, вёску і турызм

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».