Вы тут

На шляху да вечнага


Праз сваю непаўторную паэзію Максім Багдановіч сцасцігаў таямніцу і прызначэнне мастацтва ў свеце. Глыбіннае асэнсаванне прыгажосці жыцця выяўлена ў паэтычных вобразах, якія працягваюць жыццё ў сэрцах людзей ужо шмат дзесяцігоддзяў, аднак адзін з найбольш яскравых прыкладаў выяўлення канцэпцыі мастацтва паводле Максіма Багдановіча знаходзім менавіта ў празаічным творы — апавяданні «Апокрыф» 1913 года, створаным у форме прыпавесці.


Максім Багдановіч, 1911 год, Яраслаўль.

Складанасці жыцця і лёсу народа асэнсоўваюцца праз рэлігійны сюжэт. Максім Багдановіч звярнуўся да стылізацыі: своеасаблівае ўзнаўленне тэксту Евангелля з падзелам на вершы. Хрыстос вандруе па беларускай зямлі разам са святымі Юр’ем і Пётрам. Апранутыя вельмі проста, яны падобныя да сялян, занятых цяжкай працай на палетках у час жніва. Але сярод іх ёсць музыка, які адчувае сябе непатрэбным, лішнім чалавекам на зямлі. Хрыстос суцяшае яго: не існуе непатрэбных заняткаў і лішніх людзей, больш за тое, мастацтва неабходна ў жыцці кожнага чалавека. Праз словы-павучанні Хрыста выказаны погляды на мастацтва і Максіма Багдановіча: «Штодзённымі клопатамі поўніцца жыццё людское. Але калі зварухнецца душа чалавека, — толькі песня здолее спатоліць яе». Малады творца марыць абудзіць сэрцы людзей і раскрыць прыгажосць, што існуе побач з намі. Нагадвае, што ад самага свайго нараджэння чалавеку ўласціва адчуваць гармонію, абапіраючыся на ўнутранае пачуццё.

«Апокрыф» Максіма Багдановіча ілюструе спрэчкі аб ролі мастацтва ў жыцці народа, якія пастаянна ўзнікалі сярод беларускіх адраджэнцаў пачатку ХХ стагоддзя. Пётра сцвярджае, што цяжкая праца ў гаротным жыцці селяніна не пакідае месца для эстэтычнай асалоды. «Вучыцелю, — прамаўляе ён, — у гэтай краіне ёсць людзі, каторым няма чаго есці. Ці ж не сціснецца ад сораму сэрца таго чалавека, каторы, шукаючы скарынкі хлеба, прыйдзе з песняй да іх?». На думку Хрыста, несправядліва ў народа адбіраць права радавацца жыццю праз далучэнне да прыгажосці: «Ты, шкадуючы галодных людзей, асудзіў песню, але галодныя людзі не асудзілі яе». У вобразе Пётры прасочваецца нават пэўная аскетычная скіраванасць, дзе прыгажосць ёсць спакуса, як гэта было ў часы сярэднявечча. Кіруючыся асноўнымі пастулатамі сярэднявечнай філасофіі, лагічна згадаць, што ўявіць духоўныя пошукі чалавека па-за межамі царквы было немагчыма.

У «Апокрыфе» голасам Хрыста былі агучаныя неўміручыя радкі: «Я ж кажу вам: добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?». У песні жнеек, тых самых, якія склалі гэтую песню і ведаюць, чаго варты хлеб, чуюцца словы: «Няма лепш цвяточка над васілёчка». Так, у творчасці жыве душа народа, яго надзеі і расчараванні, радасць і смутак.

Аўтар па-філасофску разважае над ідэяй чыстай красы, адарванай ад штодзённых матэрыяльных памкненняў і патрэб чалавека. Краса і карысць, паводле Максіма Багдановіча, не павінны супрацьстаяць. У іх суладдзі і ёсць гармонія жыцця: «І адказаў яму Хрыстос: няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць той спажытак для душы». І гаспадар нівы «сказаў у сэрцы сваім»: «Хлеб адбіраюць у мяне гэтыя сінія кветкі, бо поўнаважкія каласы маглі б узрасці тут заміж васількоў. Але яшчэ з малалецця краса іх прыйшлася мне да душы. І таму я не вырву з каранём іх і не выпляню, як усякае благое зелле. Няхай растуць і радуюць, як у маленстве, сэрца маё». Нездарма «сінявокі васілёк» стаў своеасаблівым сімвалам нацыянальнага адраджэння, паэтычнай кветкай Беларусі.

Светлы, нават амаль малітоўны спакой робіцца сэнсавым вынікам твора: «далей ужо моўчкі ішлі яны. І босыя ногі Хрыста пакідалі на цёплым, мяккім пылу дарогі сляды». Аднак апошні верш гучыць як своеасаблівы зварот да чытача, што выказвае сваю занепакоенасць: «Але гора вам, людзі, бо даўно ўжо затапталі вы іх. Амін». Максім Багдановіч пакутліва разважае аб бездухоўнасці, якая пануе ў свеце, нагадвае, што без духоўнага адраджэння не будзе нацыянальнага.

Што натхніла Максіма Багдановіча звярнуцца да формы апокрыфа, дакладна сказаць немагчыма. Аднак менавіта яна была абраная для глыбінных разваг і высноў, для сцвярджэння вобраза васілька як адбітка душы народа. Безумоўна, душа Максіма Багдановіча па-хрысціянску адчувала свет, хрысціянскія матывы выразна гучаць і ў вершах, са сваёй адметнай вобразнасцю і сімвалічнасцю. У вершы «Цемень» мы знаходзім радкі:

Але вось цераз цемень маланка блішчыць,

Асвячае мне вобраз Хрыста... яго крыж...

Ажываеш, здаецца, душою гарыш.

Але толькі ж чаму так малы гэты час?!

Зноў навокал цемень. Свет зірнуў і пагас.

Не глядзіць на мяне ясны вобраз Хрыста.

Над зямлёю імгла, у душы пустата.

Верш заканчваецца адчуваннем тугі, безвыходнасці, што мы можам лёгка зразумець, бо ведаем аб хваробе і пакутах Максіма з-за сухотаў…

Найвышэйшая каштоўнасць хараства ў жыцці глыбока асэнсавана ў творчасці Максіма Багдановіча. Літаратурныя творы мастака слова раскрываюць веру ў чалавека, яго характар і духоўную моц. Вытокі духоўнасці, веры мы знаходзім у пошуках красы, прыгажосці, памкненні да агульначалавечых каштоўнасцяў, павагі і братэрскай любові да чалавека.

Ала ІВАШКЕВІЧ, навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.