Вы тут

Вершы пад розны настрой


Проза. У старым добрым пераліку лепшых беларускіх творцаў, якія пішуць для дзяцей і падлеткаў (Людміла Рублеўская, Алесь Бадак, Раіса Баравікова ды інш.) штогод маюць з’яўляцца імёны новых аўтараў. Адзін з моцных прэтэндэнтаў на «месца пад сонцам» — Кацярына Мядзведзева, якая дэбютавала сёлета з кнігамі «Разламашкі майстра Люфта» і «Ключ ад ёлачнага куфра».


Казка «Шкляны, алавяны, драўляны», апублікаваная ў «Полымі», падмацоўвае цікавасць да гэтай пісьменніцы. Твор не новы (аднайменную назву мела кніга Мядзведзевай, выдадзеная ў 2009 годзе ва Украіне), аднак на беларускай мове друкуецца ўпершыню. Галоўная гісторыя нагадвае казку «Рапунцэль», у тым ліку яе перапрацоўку студыяй Уолта Дыснея (2010). Каб адаптаваць твор да сучаснага ўспрымання, і беларуская аўтарка, і стваральнікі мультфільма звярнулі ўвагу на блізкія сюжэтныя матывы, хаця абедзве версіі казкі прыкметна адрозніваюцца. У творы Кацярыны Мядзведзевай галоўную гераіню Бурштыну трымае ў вежы кароль: дзяўчына на цэлы дзень даруе бессмяротнасць таму, хто першым убачыць яе раніцай. Казку пра Бурштыну чытае Ванда — дзяўчынка, якая марыць пра малодшую сястру. Яе мара звязвае казку і рэчаіснасць: Бурштына ў развязцы аказваецца стрыечнай сястрой Ванды і завітвае да яе разам з маці.

«Шкляны, алавяны, драўляны» — цудоўная, утульная гісторыя для дзяўчат-падлеткаў. Можна ўгледзець тут і ўказанні на класічныя гендарныя праблемы: у каралеўскім палацы ўсе жанчыны — альбо служкі, альбо вязні, Бурштына робіцца дарослай толькі тады, калі замест звыклага паслушэнства пачынае асэнсоўваць свой лёс, задаваць пытанні і, зрэшты, прымаць самастойныя рашэнні. Менавіта свабода робіць дзяўчыну шчаслівай, і дзеля свабоды, паводле казкі, можна паступіцца нават каханнем...

Паэзія. Пейзажная лірыка Фёдара Гурыновіча імпануе рэалістычнасцю, шматлікімі дэталямі з сялянскага побыту. Адметны верш «Спас»: аўтар, з аднаго боку, перадае ўрачысты святочны настрой, услаўляе слодыч мёду як дзівоснага боскага дарунка, а з іншага боку, паказвае, наколькі грэбліва пчаляр ставіцца да пчолак, што бачыцца выдатнай метафарай у сацыяльным аспекце. Да святкавання 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Румыніяй і Беларуссю ў часопісе прадстаўлены творы шасці румынскіх аўтараў. Цікавыя вершы можна адшукаць у падборках Георге Пыржы і Марына Сорэску.

Навуковыя публікацыі. Для чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй і культурай савецкага часу, карысным будзе артыкул Сяргея Лебедзева «Феномен літаратуры савецкай эпохі ў кантэксце мастацкай культуры ХХ стагоддзя», дзе вызначаюцца агульныя тэндэнцыі ў развіцці мастацтва 1917 — 1991 гадоў.

* * *

Проза. Маргарыта Латышкевіч прапануе тры новыя апавяданні: «Дом», «Латарэя» і «Кайданы Гіменея». Здаецца, дзве апошнія рэчы (сатырычныя і, адпаведна, павучальныя) закрываюць гумарыстычны цыкл у творчасці аўтаркі. Пасля першага апавядання падаецца немагчымым, каб пісьменніца з глыбокім задавальненнем распрацоўвала анекдатычныя сітуацыі і верыла ў існаванне настолькі абмежаваных, недалёкіх, смешных і дробных людзей, як бязвольны перад маладой жонкай Тасік альбо пяцідзесяцігадовы Андрэй Сямёнавіч, які спадзяецца выйграць кватэру ў латарэю. «Дом» — апавяданне больш высокага іншага кшталту — сацыяльнабытавое, псіхалагічнае. Бабуля выхоўвае ўнука Цімура, мама Даша часам прыходзіць да іх у госці і падаецца Цімуру вінаватай школьніцай — «можа, таму, што была такая маладая і худзенькая, можа, таму, што так змушана ўсміхалася і не ведала, як з Цімурам трымацца, як размаўляць і ці ўвогуле можна яму паціскаць руку».

Маўляніча апісаны сямейны побыт у старым двухпавярховым доме: дом поўны старых рэчаў і ўспамінаў пра мінулае, адзінае ратаванне для хлопчыка — гэта кнігі. У плане псіхалагічным чытач выдатна ўяўляе жыццё нікому не патрэбнага падлетка, які не мае сяброў і бацькоў, а паміж ім і бабуляй існуе адпаведная ўзросту немалая дыстанцыя. Калі мама Даша не хоча браць сына ў нарэшце знойдзенае сямейнае шчасце, хлопчык разумее, што старая, халодная кватэра — гэта яго наканаванне, дом, які ён ніколі не выбіраў. Хворая бабуля, маленькая мама Даша, самотны тоўсты хлопчык — вядомыя літаратурныя тыпы, але ў апавяданні яны літаральна ажываюць, бо гэта той выпадак, калі аўтар добра ўяўляе жыццёвую сітуацыю і абмалёўвае яе ўпэўненымі штрыхамі.

Паэзія. З якім настроем пішуцца вершы? Бажэна Мацюк «раней пісала толькі ў час адчаю, а цяпер вучыцца быць паэтэсай радасці і надзеі». Калі ласка: верш «Нам» па матывах бурапеннай камсамольскай паэзіі, 5  клічнікаў на 12 радкоў: «У коле жыцця мітусіцца / Давайце! Ды памяць няхай / Натоліць натхнення крыніца — / Адзіны бацькоўскі наш край!».

Цяжка сказаць, ці варта паэту арыентавацца менавіта на гэты кірунак літаратурнай вучобы: паэзія мае быць разнастайнай, у тым ліку на эмацыянальным узроўні. Лепшыя радкі Бажэны Мацюк не аптымістычныя, а лірычныя: поспех там, дзе шчырасць, дзе ў страфу не лезуць літаратурныя штампы, а значыць, там, дзе аўтарка не проста прыгожа разважае, а піша пра істотнае, найперш пра бацькоў і каханне.

Магістрантка БДУ магла б адказаць на першапачатковае пытанне наступнымі радкамі: «Заплюшчы вочы / Глядзі на чужы боль / Ён даўно ўнутры / Ён даўно не просіць літасці». Свет яе вершаў не вельмі добразычлівы: мора крыві, унутраныя дэманы, боль, пакуты... У жыцці шмат страшнага, пагрозлівага, і наша цела (сэрца, рэбры, вантробы) нагадвае пра смерць («я — прывід што на некаторы час / атрымаў у падарунак цялеснасць»). Вершы вельмі зладжаныя, кожны радок асэнсаваны (нічога агульнага з графаманіяй), а далей — ужо справа чытача, ці імпануе яму той ці іншы твор:

Глядзі як пад столлю збіраюцца страхі

Летуценна забіваюцца ў павуцінне і скуголяць

Выкручваюцца вырываюцца выкрываюцца

Усё што ты можаш — заплюшчыць вочы

І застацца

(«Невыносна»)

Рубрыка «Пераклады» прапануе пазнаёміцца з сучаснай польскай паэзіяй. Тут варта звярнуць увагу на выдатны верш Вальдэмара Міхальскага «Усё ўнутры нас» і творы Катажыны Саўчук, дзе цікавасць да мінулага, павага да чалавека не маніфестуюцца, а проста жывуць у радках...

Публіцыстыка. Многія вядомыя пісьменнікі працавалі і працуюць у раённым друку. Сярод іх — Валерый Гапееў, які расказвае пра выбар прафесіі і пра тое, як ставіцца да працы, згадвае прынцыпы журналістыкі. Валерый Гапееў мае вялікі досвед, таму не заўсёды давярае вяскоўцам-інфарматарам, заўважае і хітрыкі некаторых мясцовых кіраўнікоў. А яшчэ шаноўны аўтар з павагай ставіцца да чытачоў, любіць сваю працу і адчувае адказнасць за яе.

* * *

Проза. Праблема імклівай урбанізацыі, якая прыпала на другую палову ХХ стагоддзя, дагэтуль застаецца недастаткова асэнсаванай у беларускай літаратуры. Пакінутыя вёскі, парушаныя сем’і — адзін з аспектаў гэтай праблемы, які найбольш цікавіў айчынных творцаў. Пры гэтым па-за ўвагай заставаўся складаны перыяд адаптацыі нядаўніх сялян да гарадскога жыцця, які суправаджаўся набыццём новай асабовай ідэнтычнасці, зменай светапогляду, жыццёвых прынцыпаў, а таксама вельмі часта — імкненнем адмежавацца ад вясковага мінулага, пазбыцца «вясковай» мовы... Час ад часу гэтыя праблемы абмяркоўваюць мовазнаўцы і культуролагі ў навуковых артыкулах ды эсэ. У літаратуры да гэтай надзвычай актуальнай тэмы звярнулася Ірына Шатыронак у аповесці «Чужы дом».

Надрукаваны ў часопісе ўрывак прысвечаны пераезду сям’і Жоўткаў у горад і першым сутыкненням з суседзямі, спробам прыстасавацца да новага ладу жыцця. На прыкладзе сям’і з чатырох чалавек пісьменніца паказвае, як людзям даводзіцца адмаўляцца ад сялянскіх звычак і надзвычай трывалых поглядаў, як складана перажываць адчуванне ўласнай другаснасці і непрымання з боку іншых. Кожны эпізод яркі, выключнае веданне побыту спалучаецца з разуменнем псіхалогіі вясковага чалавека. Твор атрымліваецца рэалістычны, дынамічны, тут няма зацягнутасці апісанняў, кожны фрагмент падпарадкаваны агульнай логіцы. Калі ўся аповесць напісаная на адпаведным узроўні, то мае быць прыкметнай з’явай у сучаснай літаратуры, у асэнсаванні савецкага мінулага.

Чытач, які цікавіцца сучаснай літаратурай, зверне ўвагу ў тым ліку на апавяданні дацкай пісьменніцы Наі Марые Аіт, прысвечаныя сямейным стасункам (перакладчыца Юлія Бялавіна).

 Паэзія. Творы Людмілы Шаўчэнкі, Алены Міхаленкі, Святланы Быкавай — светлая лірыка, дзе прысутнічаюць пейзажныя і рэлігійныя матывы, успаміны пра блізкіх людзей і цяжкое адчуванне зняволенасці ў цеснай клетцы.

Творы Аляксандра Лісняка значна адрозніваюцца ад жаночай паэзіі. Яго вершы — непасрэдны, шчыры водгук на рэчаіснасць, бо аўтар мае ўласны погляд на жыццё і гісторыю краіны і выказвае яго часам рэзка, без страху некага пакрыўдзіць, перасцерагае, абвяргае пашыраныя, але памылковыя меркаванні.

Публіцыстыка. Сярод лепшых артыкулаў нумара — успаміны Зінаіды Якаўлевай пра сустрэчу з сапраўдным геніем — маладым філосафам, які напісаў выдатную кнігу пад назвай «Гуманізм» і выдаў за свой кошт тыражом 300 асобнікаў. Паколькі кніга не выклікала цікавасці ў беларускім навуковым асяроддзі, усе філасофскія праекты Максіма Маеўскага засталіся непрачытанымі, а неўзабаве герой кардынальна змяніў сферу дзейнасці... Сярод артыкулаў варта таксама адзначыць публікацыю Генадзя Кажамякіна, прысвечаную ліставанню Уладзіміра Караткевіча з Юрыем Гальперыным, і невялікае даследаванне Аляксандра Бярозкі, прысвечанае жанру выніковай споведзі ў літаратуры.

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».