Вы тут

«Чуваць, як птушкі чысцяць галасы...»


У лістападаўскім нумары «Маладосці» ўпершыню прадстаўлены аўтары-пачаткоўцы: Артур Камароўскі з паэзіяй (падборка вершаў «Сны каштанавых алей») і Марыя Свіст з прозай (два невялічкія апавяданні: «Зноў пра курэнне» і «Механічныя ваганні»). Нягледзячы на малады ўзрост аўтараў (26 і 20 гадоў адпаведна), творы спелыя — абодвум пісьменнікам ёсць што сказаць.


Вершы Артура зачароўваюць рамантычнасцю, узнёсласцю, яркай вобразнасцю, бездакорным рытмічным малюнкам. Пачынаецца падборка цыклам пад назвай «Бясконцая калыханка для маёй дачушкі». Ён уключае чатыры калыханкі, якія сапраўды можна спяваць дзіцяці (вельмі добра кладуцца на музыку). Творы надзвычай пяшчотныя, напоўненыя любоўю і замілаваннем:

Закрылі вочкі гмахі-дзівакі —

ім вецер бае казкі пра нябёсы.

Што там для кожнай зоркі — гамакі,

і зорны пыл пад ногі сцеле плёсы.

Што аблачынкі там — як дзве рукі —

ім папраўляе месяц узгалоўкі.

Яшчэ вышэй — планеты, бы жукі,

і мудры Бог — чырвоная багоўка.

Завяршаецца цыкл чатырохрадкоўем, якое ўмоўна можна назваць «на абуджэнне»:

Чуваць, як птушкі чысцяць галасы,

І ўжо світанак гладзіць нас за вушка.

Бабуля-ноч сыходзіць за лясы.

Пара ўставаць, любімая дачушка.

І хоць больш правільна было б сказаць «па вушку», гэтая маленькая недакладнасць не псуе ўражання ад карціны, намаляванай з усёй шчырасцю маладога і светлага ўспрымання жыцця.

Аўтар — тонкі лірык, яму падабаецца быць сузіральнікам, адкрываць у сабе новыя глыбіні, у штодзённым існаванні — новыя сэнсы. Нягледзячы на тое, што, хутчэй за ўсё, у жыцці паэта будзе шмат момантаў, калі «…так стане балюча, што захочацца далей жыць. / І так стане няёмка, што сыходзіць вясною — рана…» — яму хочацца пажадаць таго, што ён сам напісаў: «Толькі ты абяцай, што напішаш. Ты проста пішы...».

Апавяданні Марыі Свіст падобныя да замалёвак з натуры. Іх героі — звычайныя людзі, якіх дзясяткамі можна сустрэць побач: у краме, у транспарце, па дарозе на працу. Яна ж здолела распавесці пра кожнага з іх так інтрыгоўна, што міжволі чакаеш надзвычайнай развязкі. Падаецца, што яны хаваюць у сабе нейкую таямніцу альбо глыбокую драму, прынамсі, на тое ў тэксце сустракаюцца намёкі: «Прыватныя крамкі — перажытак мінулага, але наўрад ці Насту гэта хвалюе. Яна сядзіць за касай, апранутая ў чырвоную форменную куртку з чужога пляча, валасы прыбраны ў хвост; і, прабіваючы чужыя дарагія цыгарэты, яна ўсё так жа глядзіць з выразам незразумелай перавагі». Сама ж таямніца застаецца за кадрам, чытач мусіць здагадацца сам.

Назіральнасць аўтара, уважлівасць да дэталяў, уменне стварыць інтрыгу і трымаць увагу чытача — усё гэта дае падставы спадзявацца, што з-пад пяра М. Свіст калісьці выйдуць навелы, вострасюжэтныя дэтэктывы, раманы...

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.