Вы тут

Як навесці парадак у выдзяленні і асваенні зямельных участкаў?


Не ўсе зямельныя ўчасткі заносяцца ў спісы для правядзення аўкцыёну. Парушаюцца тэрміны іх асваення як інвестарамі, так і грамадзянамі. Назіраюцца выпадкі злоўжывання службовых асоб падчас выдзялення ўчасткаў пад забудову. Гэтыя і іншыя факты выяўлены Камітэтам дзяржкантролю і пракуратурай Гродзенскай вобласці.


Паставілі на паток

Ахвотных атрымаць участкі пад будаўніцтва не становіцца менш. Наадварот, гэта лічба павялічваецца, і сёння па вобласці чарга складае 8,5 тысячы чалавек. Катэгорыя тых, хто мае патрэбу, — 7,3 тысячы. Мясцовымі органамі ўлады прапанавана ўсяго 367 участкаў пад індывідуальную забудову, канстатуюць работнікі пракуратуры. Высокая запатрабаванасць назіраецца ў Гродзенскім, Ваўкавыскім, Лідскім, Навагрудскім, Слонімскім раёнах, горадзе Гродна.

Некаторыя службовыя асобы скарысталіся складанай сітуацыяй, каб сарваць куш. Прычым рабілі гэта сістэмна і нават паставілі на паток гандаль зямельнымі ўчасткамі. Як сцвярджае старшы памочнік пракурора Святлана Зайцава, шэраг вінаватых у такіх махінацыях ужо асуджаны. Сярод іх намеснік начальніка і галоўны спецыяліст аддзела ЖКГ Кастрычніцкага раёна Гродна. Іх схема была наступнай. Шукалі асоб, якія імкнуліся правесці адчужэнне зямельных участкаў, і выраблялі заведама лжывыя акты кансервацыі незавершаных жылых дамоў. Па сутнасці прадавалі іх другім асобам. Такім чынам было прададзена 15 участкаў. Атрыманыя грашовыя ўзнагароды дзялілі паміж сабой. Агульная сума склала 100 тысяч рублёў. Вінаватыя асуджаны. Вядзецца работа аб прызнанні здзелак куплі-продажу незаконнымі.

Па прыгаворы суда Бераставіцкага раёна вясной гэтага года прызнаны вінаватым спецыяліст землеўпарадкавальнай службы райвыканкама — ён абвінавачваецца ў тым, што за 1 тыс. 350 долараў паспрыяў уключэнню зямельнага ўчастка ў спіс свабодных. У маі 2017 года асуджаны начальнік землеўпарадкавальнай службы Гродзенскага гарвыканкама — за спрыяльнае вырашэнне пытання па выдзяленні ўчастка.

Там расце бур'ян

У асваенні ўчасткаў існуюць пэўныя тэрміны. У прыватнасці, на будаўніцтва жылога дома даецца тры гады, яшчэ на працягу трох гадоў дазваляецца праводзіць кансервацыю. У вызначаныя тэрміны можна ўкласціся, лічаць у пракуратуры. Але кантроль за гэтым з боку службовых асоб недастатковы. Некаторыя ўчасткі выдзелены яшчэ ў 90-я гады, але да гэтага часу не забудаваны.

У землеўпарадкавальнай службе вобласці паведамляюць: штогод пазбаўляюцца правоў на зямлю некалькі сотняў заяўнікаў. Напрыклад, у 2015 годзе было даследавана і адабрана 480 участкаў, у мінулым — 380. Сёлета — амаль 500. З іх пераразмеркаваны 180, і новыя ўладальнікі ўжо вядуць там забудову.

Але ў пракуратуры лічаць, што гэта работа вядзецца марудна. У Лідскім раёне сёлета выяўлены 81 «пратэрмінаваны» ўчастак. У Гродне — усяго 17. Але і па іх няма судовых рашэнняў аб спыненні правоў на зямлю і продаж яе з аўкцыёну. Між тым у Лідзе чаргу на атрыманне ўчасткаў складаюць 810 чалавек, а ў Гродне амаль 4,5 тысячы.

Як аказалася, многіх людзей не задавальняюць стан і месца ўчастка. Так, сёлета гродзенцам прапанавана 370 участкаў пад будаўніцтва жылля, але толькі палова згадзілася іх набыць. Калі чалавек некалькі разоў адмаўляецца ад прапанаваных участкаў, яго здымаюць з чаргі, паведамілі ў гарвыканкаме.

Найбольш буйныя мікрараёны індывідуальнай забудовы — гэта Зарыца і Баранавічы. Тут узводзяцца даволі салідныя катэджы, але разам з гэтым можна назіраць і карціну запусцення — многія ўчасткі не маюць агароджы, зараслі бур'янам, узведзены фундамент разбураецца, а кансервацыя не праведзена, што робіць гэтыя аб'екты небяспечнымі для насельніцтва, папярэджваюць работнікі пракуратуры.

Недасканалы падыход

Не ва ўсіх раёнах ёсць інфармацыя аб свабодных зямельных участках. Часам і даведацца аб гэтым няма ў каго, бо адсутнічаюць адказныя за гэты кірунак дзейнасці. Нізкі ўзровень падрыхтоўкі спраў прыводзіць да паўторнай дапрацоўкі матэрыялаў. Сёлета вернута 25% спраў і матэрыялаў толькі ведамаснай структурай.

Спецыялістамі Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці выяўлены факт, калі на працягу 1,5 года Гродзенскі гарвыканкам чамусьці не ўключаў у спіс свабодных чатыры ўчасткі папулярнага ў забудоўшчыкаў мікрараёна «Забалаць».

Участкаў для продажу магло б быць і больш, калі б больш актыўна вялася работа па ўцягванні ў абарот пустуючых зямель, лічаць кантралёры. Гэта дазволіла б знізіць кошт і актывізаваць індывідуальнае будаўніцтва. А таксама абмежаваць спекуляцыю ўчасткамі, якая, як вядома, узнікае ва ўмовах дэфіцыту.

Дача над возерам

Хоць будаўніцтва ў водаахоўных зонах забаронена, факты самавольных пабудоў не рэдкасць. Яны выяўлены на тэрыторыі многіх раёнаў вобласці. На прыбярэжных і водных аб'ектах узнікаюць бані, пірсы, альтанкі для асабістага карыстання. Ёсць выпадкі, калі на пірсах ставіліся металічныя дзверы на замку. А вось саміх уладальнікаў чамусьці знайсці было цяжка.

Многія аблюбавалі прыбярэжную паласу Воўпаўскага вадасховішча. Аб'екты тут растуць як грыбы пасля дажджу. Не паспелі знесці тры самавольныя пабудовы, як з'явіліся новыя. Восенню выяўлена больш за 30 самавольных пабудоў, у тым ліку лазняў і альтанак. Такія факты назіраюцца ў шэрагу сельсаветаў Гродзенскага раёна. У мінулым годзе пракуратурай выяўлены факты самавольнага будаўніцтва прычалаў і пірсаў на беразе Нёмана і Котры. Вінаватыя панеслі пакаранне. А вось рашэння аб добраўпарадкаванні гэтых зон для калектыўнага адпачынку сесія райсавета так і не прыняла, хоць на грамадскіх слуханнях гэта ідэя была падтрымана.

У аддзеле землеўпарадкавальнай службы Гродзенскага райвыканкама паведамілі, што ўсе самавольныя пірсы каля Нёмана будуць перададзены на баланс мясцовых сельвыканкамаў. Зараз вызначаецца іх кошт. Фермеру, які пабудаваў альтанку ў аграгарадку Азёры, прызначаны штраф у памеры 110 базавых велічынь.

Пушча пад забаронай

У Свіслацкім раёне мясцовы фермер пачаў будавацца на тэрыторыі Белавежскай пушчы. Па словах прадстаўнікоў улады, ён збіраўся ўзводзіць аграсядзібу, але пабудаваў пакуль толькі лазню. Маўляў, тут знаходзіцца былая сядзіба яго бацькоў. Між тым прыватнае будаўніцтва ў пушчы забаронена. Можна ўзводзіць, напрыклад, альтанкі. Але для агульнага карыстання і, безумоўна, па ўзгадненні з мясцовымі ўладамі. А тут вялося будаўніцтва адразу цэлага комплексу. Прытым ён узводзіўся не за ноч, а за працяглы перыяд. Далёка не кожнаму ўдаецца прыватызаваць прывабны куточак нацыянальнага парку.

Спецыялісты пракуратуры задаюцца пытаннем: куды глядзелі адказныя службы раёна, калі высякаліся дрэвы і будаваўся зруб? Ці не адбудзецца так, што пабудова ў нацыянальным парку ў хуткім часе будзе ўзаконена?

Як паведамілі прадстаўнікі ўлады, лазня на тэрыторыі сядзібы знесена, прыбрана таксама і агароджа, іх уладальнік атрымаў штраф. Што рабіць з домам, вырашаць мясцовыя ўлады. Органы пракуратуры патрабуюць разабрацца з гэтай сітуацыяй да канца года.

Анатоль Дарожка, старшыня КГК Гродзенскай вобласці:

— Выкананне законаў, якія рэгламентуюць зямельныя адносіны, не страчвае сваёй актуальнасці. Па-першае, гэта пытанне эканомікі, бо зямля павінна працаваць, і працаваць эфектыўна. І наогул, беларусы заўсёды з асаблівым пачуццём адносіліся да зямлі-карміліцы. Як яны будуць глядзець на ўладу, якая дапускае той жа самавольны захват зямлі, будаўніцтва аб'ектаў у забароненых водаахоўных зонах? Гэта ж усе бачаць! Як і тыя ўчасткі, што пустуюць не адно дзесяцігоддзе, зарастаюць бур'яном. Быццам уласнікаў знайсці немагчыма. І нікому да гэтага справы няма.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Хто будуе без дазволу?

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.