Вы тут

Развагі пасля завяршэння 57-й Венецыянскай біенале


Сёлета, з 10 мая па 26 лістапада, адбываўся адзін з найбуйнейшых мастацкіх форумаў сучаснасці, удзел у якім узялі 84 краіны і больш за 200 мастакоў як у індывідуальных экспазіцыях, так і нацыянальных павільёнах. Дэвіз Венецыянскай біенале сёлета «VIVA ARTE VIVA» з італьянскай мовы тлумачыцца як «Няхай жыве жывое мастацтва». Гэта можна разумець у вельмі шырокім гуманістычным сэнсе далучанасці свабоднага наватарскага мастацтва да розных жыццёвых праблем, рэалій і актуальных ідэй.


«Wallformation» нямецкага мастака Франца Эрхарда Вальтера, якога назвалі лепшым мастаком біенале.

Куратар сёлетняй біенале, прадстаўніца парыжскага мастацкага Цэнтра Пампіду Хрысцін Масэль, так сфармулявала сваё разуменне актуальных задач экспазіцыі: «Сёння ў свеце, поўным канфліктаў і ўзрушэнняў, мастацтва належыць да найбольш каштоўнай часткі таго, што робіць цяпер чалавек. Мастацтва — першааснова для адлюстравання індывідуальнага выказвання, свабоды і вырашэння фундаментальных пытанняў. Мастацтва — апошні бастыён, сад культывавання ідэй, вышэйшых за дробна-асабістыя інтарэсы. Яно выступае ў якасці недвухсэнсоўнай альтэрнатывы індывідуалізму і абыякавасці».

Згодна з куратарскім планам, у дзвюх асноўных экспазіцыйных зонах «Арсенале» і «Джардзіні» былі размешчаны шматлікія творчыя праекты, якія прэтэндавалі не толькі на гарачыя сімпатыі гледачоў, але і на ўзнагароды міжнароднага журы. У горадзе таксама працавалі яшчэ шматлікія выставачныя пляцоўкі мастацкіх інавацый, што на доўгі час пераўтварыла Венецыю ў непаўторны экспазіцыйны комплекс, разлічаны на самыя розныя густы і прыхільнасці.

Пераможцамі Біенале-57 сталі прадстаўнікі нямецкага павільёна Анне Імхоф, Сюзан Пфефер і інш., якія стварылі шматгадзінны перформанс «Фаўст» псіхалагічна-сацыяльнага кшталту, а галоўную ўзнагароду «Залаты леў» атрымаў таксама нямецкі мастак — Франц Эрхард Вальтэр — за тэкстыльную інсталяцыю «Wallformation», якую можна не толькі разглядаць, але і ўступаць з ёю ў неабмежаваную крэатыўную гульню. Як бачым, абвострана-праблемныя і канструктыўна-канцэптуальныя задачы, вырашаныя на пераканаўчым вобразным узроўні, атрымліваюць у наш час найвышэйшае міжнароднае прызнанне.

Але толькі бясспрэчнымі нямецкімі перамогамі не вычэрпваецца разнастайнасць і шматзначнасць творчых дасягненняў удзельнікаў гэтага вялікага творчага праекта. У яго яўна акрэсліліся розныя супрацьлеглыя эстэтычныя полюсы.

У павільёне Італіі разгарнулася драматычная экспазіцыя «Мір магіі», аўтары якой Раберта Куохі і інш. прадставілі сваё бачанне катастрафічнага стану сучаснай цывілізацыі, у якой жыццё чалавека губляе гуманістычную вартасць. Англійская мастачка Філіда Барлаў у сінкрэтычных мастацкіх аб’ектах «Дзівацтвы» бачыць выйсце з сучасных калізій культуры ў дыялогу з архаічнымі часамі. Марк Брэнфорд у амерыканскім павільёне на кантрасце з крыштальна-белымі мурамі інтэр’ера экспанаваў кампазіцыйную тэкстыльную паўсферу, якая сімвалізуе агромністую сучасную «балячку» ад крыўдаў, нанесеных грамадствам цемнаскурым ці розным меншасцям і неардынарным супольнасцям.

Бадай, самым аптымістычным творам сярод яскрава-кантрасных інсталяцый была кампазіцыя Шэйлы Хікс «Штурм каляровага муру». Твор складаўся са шматлікіх вясёлкавых шарападобных пляцёнак, якія напаўнялі прастору адной з выставачных залаў «Арсенале» непадробным адчуваннем невычэрпнай творчай энергіі, якую нясе ў сабе сучасны тэкстыльны матэрыял. Увогуле, трэба адзначыць, што зварот да самых розных натуральных матэрыялаў, якія патрабуюць рукатворнай апрацоўкі, побач з відэаінсталяцыямі, музычным суправаджэннем, мастацкімі перформансамі ды іншымі мадэрністычнымі тэхналогіямі, характарызуе сёлетнюю біенале як сінтэтычны сплаў традыцыйнага і свабодна-эксперыментальнага ў шчырых аўтарскіх самавыказваннях.

«Конская праблема» ад мастачкі з Аргенціны Клаўдыі Фантэс.

Гэта дазволіла прадстаўнікам самых розных маладых і менш вядомых у мастацкім свеце краін выступаць з арыгінальнымі і самастойнымі творамі, якія значна дапоўнілі панараму мастацкага дыялогу розных рэгіёнаў свету.

Напрыклад, мастак Пэтрыт Халілай з Рэспублікі Косава быў адзначаны журы за прачуленыя тэкстыльныя кампазіцыі, звязаныя з успамінамі вясковага дзяцінства на Балканах. Павільён Новай Зеландыі зачароўваў агромністай відэапанарамай, якая набліжала да тых часоў, калі англійскія перасяленцы і першабытныя абарыгены толькі пачыналі шукаць шляхі ўзаемаразумення. Павільён Мальты разгарнуў вялікую экспазіцыю пад дэвізам «Homo melitentis», дзе былі прадстаўлены самыя розныя віды мастацтва, якія развіваюцца на гэтым добраўпарадкаваным востраве і прысвечаны розным сферам жыцця свабоднага і міралюбнага грамадства.

Асобна ад удзельнікаў сёлетняй біенале, але ў агульным рэчышчы актуальных эстэтычных праблем, разгарнуў сваю грандыёзную персанальную выстаўку «Скарбы з карабля “Неверагодны”, які затануў» англійскі мастак Дэміян Херст у трохпавярховым Палацы Грасі. Ён пераканаў у тым, што творчы дыялог з культурай Старажытнага свету цалкам наспеў і можна звяртацца да яго ў сучаснай скульптурна-інсталяцыйнай пластыцы ў самых розных парадыйных, ірацыянальных ці неакласічных формах.

У гэтым міжнародным кантэксце беларускае мастацтва прадстаўлена ўжо чацвёрты раз. Сёлета мастак Раман Заслонаў разам з прадзюсарам Віктарам Лабковічам і рэжысёрам Сяргеем Талыбавым прапанавалі ў адной невялікай венецыянскай галерэі відэаінсталяцыю «Стол», дзе ў розных «настольных» і «застольных» міні-сцэнах задзейнічаны розныя акцёры.

На наш погляд, беларускія мастакі прафесійна цалкам падрыхтаваныя, каб і надалей шукаць шляхі значна большай інтэграцыі ў міжнародным мастацкім жыцці і рэгулярна выстаўляцца ў Венецыі. Тут не можа быць вузка акрэсленых межаў, мэтаў, відаў і форм мастацкай творчасці. Агромністы вопыт правядзення біенале сведчыць пра тое, што ў сучаснай арт-дзейнасці няма месца кансерватызму, другаснасці, беспраблемнасці, нігілістычнай самаізаляцыі ад клопатаў і спадзяванняў сучаснай цывілізацымі. Мастацтву даецца права і магчымасць быць жыватворнай крыніцай новых ідэй. Варта жыва адгукнуцца на такія актуальныя запатрабаванні часу. Для гэтага ў нашых шматлікіх айчынных мастакоў розных пакаленняў ёсць усе магчымасці: неабмежаваныя здольнасці, каштоўныя традыцыі ад архаікі да мадэрнізму, прафесійная далучанасць да ўсіх відаў выяўленчай, дэкаратыўнай і дызайнерскай творчасці. Нішто не можа быць прычынай, каб заставацца ў зацішшы і самазаспакоенасці ад агульнага творчага руху.

Тамара ФАМЕНКА

Загаловак у газеце: Глабальныя мастацкія прыгоды

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.