Вы тут

Джаз як любоў і каханне


У панядзелак упершыню ў Віцебску выступілі зоркі джаза з Нью-Ёрка. Сярод іх — уладальнік прэміі Grammy, знакаміты саксафаніст Майран Уолдэн (Myron Walden).


Яшчэ ў 6 гадоў ён захапіўся джазам. Скончыў прэстыжную Манхэтанскую школу музыкі (Manhattan School of Music). Выступае з першымі велічынямі сусветнага джаза. Адказваючы на пытанні нашага карэспандэнта, музыкант прызнаўся, што джаз для яго форма выказвання:

 — У ім я магу быць самім сабой. Менавіта джаз вельмі блізкі этнічнай культуры афраамерыканцаў... Нарадзіўся я ў Маямі. Мае бацькі не маюць ніякага дачынення да музыкі.

 А што да тых, хто побач штодня? Пытанне наконт таго, ці павінна жанчына, якая яму спадабаецца, любіць джаз, выклікала ўсмешку. Майран узгадаў, што са сваёй будучай жонкай, з якой жыве каля 12 гадоў, пазнаёміўся пасля аднаго выступлення. Апошнім застаўся незадаволены, але дзяўчыне ўсё спадабалася.

— Праўда, яна прызналася, што пачула толькі канец канцэрта. Але яе і гэта ўзрушыла. І яе шчырасць, і ўсмешка мяне кранулі да глыбіні душы. З таго моманту зразумеў, што яна і ёсць тая адзіная — на ўсё жыццё! — працягвае джазмен.

Як кажуць, без цяжкасцяў перакладу пагутарылі і з аўтарам кампазіцый, якія прагучалі на віцебскім канцэрце. Арк Аўруцкі эмігрыраваў у ЗША. Ён — кантрабасіст, кампазітар і бэндлідар, лаўрэат джазавых фестываляў і аўтар шматлікіх міжнародных джазавых праектаў. За апошнія 12 гадоў супрацоўнічаў з самымі вядомымі джазменамі. У яго творчай скарбонцы і чатыры сольныя альбомы. Скончыў аспірантуру Ратгерскага ўніверсітэта (ЗША), дактарантуру Універсітэта Ілінойс па класе кантрабаса.

— Да 2005 года шмат гастраляваў па былым СССР: ад Уладзівастока да Санкт-Пецярбурга. І ўсюды слухалі джаз з задавальненнем. Бывае, што сярод слухачоў тут ёсць тыя, хто стала жыве ў Амерыцы. І, наадварот, нашы, якія, напрыклад, у Нью-Ёрку прыйшлі на канцэрт… Джаз — музыка інтэрнацыянальная. Няма розніцы: еўрапейскі джаз або амерыканскі. Гэта музыка з’явілася на стыку дзвюх культур — афрыканскай і еўрапейскай. Нарадзілася ў Новым Арлеяне, яе «карані» — з вулічных карнавальных шэсцяў, — разважае Арк Аўруцкі.

У Віцебску ў зале Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, дзе выступілі музыканты, не было свабодных месцаў. Людзі розных узростаў бурнымі апладысментамі дзякавалі музыкантам. Пасля канцэрта было шмат ахвотных фатаграфавацца побач з джазменамі. Да гэтага яны выступілі ў Гомелі і Мінску. Потым збіраліся ў Кіеў… Як ні дзіўна, адным з нямногіх гарадоў СССР, дзе праводзіліся джазавыя фестывалі, быў менавіта правінцыйны Віцебск. І сюды прыязджалі самыя вядомыя на той час савецкія музыканты. Не выключана, што гэтая традыцыя будзе адроджана.

Аляксандр ПУКШАНСКІ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.