Вы тут

Як знайсці дзедаву магілу пад Берлінам?


Мае бацька і дзед у вайну былі ў партызанах Старобінскага злучэння. Па расказах таты, Хаміцэвіча Адама Васілевіча 1924 года нараджэння, яны разам з яго бацькам Хаміцэвічам Васілём Герасімавічам знаходзіліся ў час вайны ў складзе партызанскага злучэння імя Аляксандра Неўскага. Тата назваў і атрад. На жаль, я яго забыў. Памятаю толькі, што атрад называўся па нейчым прозвішчы. Калі не памыляюся, гэта быў атрад Бандараўца.

Дапамажыце, калі ласка, знайсці даведку, што мае дзед і тата былі партызанамі. Пры жыцці тата не хацеў, каб мы варушылі тую вайну. Дзед загінуў пад Берлінам. Вельмі хацелася даведацца, дзе ён пахаваны. Была пахавальная, але яна згубілася. Тата праслужыў, калі ўлічваць і партызанскі атрад, з 1943-га па 1949 год.

І яшчэ. Тата мне расказваў, што, калі яго прызвалі ў войска, ім зацікавіўся асобы аддзел. У маладога байца была вайсковая падрыхтоўка. Пасля праверкі, што атрымаў яе ў партызанскім атрадзе, яго пакінулі ў спакоі. Тата быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі, медалямі за Варшаву, Берлін, за Перамогу. Памёр 27 лютага 2007 года.

З павагай да «Звязды» ваш падпісчык Мікалай Адамавіч ХАМІЦЭВІЧ, вёска Доўгае Салігорскага раёна.


Каб атрымаць даведку аб удзеле ў партызанскім і падпольным руху на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, трэба звярнуцца ў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, дакументаў аб праходжанні службы ў дзеючай Чырвонай арміі Нацыянальны архіў не мае, можна паспрабаваць звярнуцца ў Цэнтральны архіў Міністэрства абароны ў Расійскай Федэрацыі (Маскоўская вобласць, горад Падольск, вуліца Кірава, 74).

Даведка аб удзеле ў партызанскім і падпольным руху на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны выдаецца на бязвыплатнай аснове для ўдзельнікаў партызанскага і падпольнага руху, іх блізкіх сваякоў (муж, жонка, дачка, сын) ці для арганізацыі, якой неабходна даць інфармацыю па запыце. Як удакладнілі ў аддзеле выкарыстання дакументаў і інфармацыі архіва, патрэбная папера выдаецца на працягу двух тыдняў пасля пісьмовага звароту.

Пісаць трэба на імя дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь па адрасе: 220114, горад Мінск, праспект Незалежнасці, 116. У запыце неабходна пазначыць прозвішча, імя, імя па бацьку таго, на каго неабходная даведка (калі гаворка пра жанчыну, тады і дзявочае прозвішча). Апроч гэтага — месца нараджэння, месца пражывання (на 22.06.1941), назву партызанскага фарміравання і/ці падпольнай групы (арганізацыі), час удзелу ў партызанскім ці падпольным руху, пазначыць раён дзеяння (населены пункт, вобласць), прозвішчы каманднага і радавога складу.

Застаецца дадаць, што заявы падаюцца на беларускай ці рускай мовах. Пісьмовыя запыты грамадзян павінны змяшчаць: прозвішча, імя, імя па бацьку або ініцыялы чалавека, адрас яго пражывання (месца знаходжання) і/ці месца працы (вучобы), подпіс.

Што датычыцца пошукаў месца пахавання дзеда, вы (або вашы маладзейшыя родныя ці сваякі) могуць паспрабаваць правесці ўласнае расследаванне праз інтэрнэт. Міністэрствам абароны Расійскай Федэрацыі шмат гадоў таму быў створаны Абагульнены камп'ютарны банк даных, якія змяшчаюць інфармацыю аб абаронцах Айчыны, якія загінулі ці зніклі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ў пасляваенны перыяд (АБД «Мемарыял»).

На сайце можна знайсці інфармацыю пра званне загінулага, часці, у якой ён служыў, дату і прычыну смерці (забіты, памёр ад ран, знік без вестак) і месца пахавання. Там нават выкладзены адсканаваныя копіі ўсіх апрацаваных дакументаў-першакрыніц, што змяшчаюць інфармацыю аб персаналіях. Гэтыя дакументы дазваляюць з вялікай дакладнасцю ідэнтыфікаваць загінулых.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.