Вы тут

Домік для Бобіка і не толькі могуць змайстраваць слуцкія бытавікі


«Зрабіце мне будку для сабакі!» — з такой незвычайнай просьбай звярнулася ў цэнтральны Дом быту адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкая фабрыка пашыву адзення» пажылая жанчына адной з вёсак раёна. «Гаспадар памёр, дзеці жывуць далёка, а дом майго Бобіка зусім разваліўся. Дапамажыце, калі ласка, разлічуся з вамі як мае быць», — папрасіла жанчына.


Ды­рэк­тар ААТ «Слуц­кая фаб­ры­ка па­шы­ву адзен­ня» Аляк­сандр ВА­ЛА­ТО­ВІЧ ня­даў­на ўзна­га­ро­джа­ны ме­да­лём «За пра­цоў­ныя за­слу­гі».

«Добра, дапаможам вам, не гаруйце», — супакоілі кабету. Жытло для сабакі зрабілі прасторнае, дыхтоўнае, з двайным дном, каб не мёрз хвастаты ў моцныя маразы. Жанчына засталася задаволеная.

— Будка для сабакі — для нашых майстроў не праблема. Нашы ўмельцы могуць зрабіць прафесійны рамонт і ў доме, і ў кватэры, — запэўніў дырэктар таварыства Аляксандр Валатовіч.

Аляксандр Мікалаевіч працуе ў сферы бытавога абслугоўвання 34 гады, у тым ліку кіраўніком — 29 гадоў. Мае шматлікія граматы, падзякі, а нядаўна ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі».

— Мы аказваем больш як 17 відаў бытавых паслуг, — кажа Аляксандр Валатовіч. — Імкнёмся, каб асноўны спектр іх быў сканцэнтраваны ў цэнтральным будынку. Невялікія свабодныя плошчы здаём прадпрымальнікам. Яны рамантуюць гадзіннікі, ювелірныя ўпрыгажэнні, складана-бытавую тэхніку, мабільныя тэлефоны, робяць ключы.

Слуцкія бытавікі першымі пачалі афарбоўку аўтамабіляў. Такой паслугі пакуль няма ні ў адным раённым камбінаце Беларусі. Яна карыстаецца попытам як у жыхароў, так і ў прадпрыемстваў, арганізацый.

Кожны год тут укараняюцца новыя формы абслугоўвання насельніцтва. Напрыклад, у цэнтральным офісе адкрылі развітальную залу. У жыцці кожнага з нас здараюцца трагедыі — паміраюць родныя, блізкія. Але не ў кожнага ёсць магчымасць прыняць людзей, якія хочуць развітацца з нябожчыкам. І многія здымаюць залу на пэўны час. Працуе яна кругласутачна. Побач — цэх рытуальных паслуг, дзе можна набыць усё неабходнае, каб дастойна правесці чалавека ў апошні шлях. Работнікі прадпрыемства самі ад пачатку да канца робяць вянкі, кошыкі з кветкамі, жалобныя стужкі.

Ніколі не пустуе і пральня самаабслугоўвання. Тут можна памыць рэчы, пасцельную бялізну ды іншае самім. Няма часу — гэта зробяць за кліента работнікі. Дарэчы, такога кшталту паслугі вельмі запатрабаваны за мяжой. Набываюць яны ўсё большую папулярнасць і ў Беларусі. Сапраўды, выгадна: не трэба дома паліць электраэнергію, траціць свой час. Сюды, дарэчы, прывозяць спецадзенне прадпрыемствы, карыстаецца паслугай і футбольны клуб «Слуцк». Акрамя таго, у камбіната ёсць і вялікая пральня, размешчаная ў асобным будынку.

Літаральна нядаўна ўстанавілі новае абсталяванне для хімчысткі, якое працуе на вадародным растваральніку, што дазволіць павялічыць пералік паслуг.

На прадпрыемстве ёсць людзі — сапраўдныя унікумы, з якіх бяруць прыклад астатнія. Напрыклад, Марыі Шчарбачэні 76 гадоў. Працуе жанчына ў цэху шыцця адзення. Прызнаецца, што не ўяўляе сябе без работы, без калектыву. «Цяпер вельмі прыгожыя мадэлі ў нас распрацоўваюць. А раней па блаце даставала часопіс мод «Бурда» і шыла па ім адзенне знаёмым і дзецям».

У цэху ўстаноўлена «разумная» швейная машынка. Пры ўключэнні яна вітае швачку і жадае добрага працоўнага дня. Дробязь — а настрой узнімае.

Юныя ма­дэ­лі дэ­ман­стру­юць но­выя па­лі­то, якія шы­юць на прадпрыемстве.

У сельскай мясцовасці працуе 21 стацыянарны комплексны прыёмны пункт, дзе аказваюць не менш за 11 паслуг. У аддаленых і малаколькасных вёсках арганізавана выязное абслугоўванне адпаведна з графікам — не менш як раз на два тыдні. Машына прыходзіць нават туды, дзе пражывае 3—7 чалавек. Людзі могуць здаць у рамонт, у чыстку любую рэч. Пасля выканання заказу яе даставяць назад.

Комплексны прыёмны пункт аграгарадка Вясеі абслугоўвае дзевяць населеных пунктаў.

Карыстаюцца попытам пашыў і рамонт адзення, абутку, бытавой тэхнікі, паслугі цырульніка і рытуальныя паслугі. Людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, састарэлыя і наогул усе, каму не стае часу прыехаць у прыёмны пункт, могуць заказаць цырульніка дадому. Наведваецца майстар і ў мехмайстэрні адкрытага акцыянернага таварыства «Вясейскі Пакроў» паводле адпаведнага дагавора з гаспадаркай.

— Мы заўсёды ўдзельнічаем у святах вёсак, па ўзгодненым графіку выязджаем разам са спажыўкааперацыяй у населеныя пункты, — кажа начальнік участка па аказанні бытавых паслуг у сельскай мясцовасці Ала Люцко. — Заключаем таксама дагаворы на аказанне паслуг з суб'ектамі гаспадарання.

— Якія цяжкасці ў сельскіх бытавікоў у параўнанні з гарадскімі калегамі? — пацікавілася ў яе.

— Ніякіх адрозненняў. Хіба што жыццё стала крыху даражэйшае і людзі вымушаны эканоміць. Напрыклад, пачалі купляць больш дарагі і якасны абутак, каб менш рамантаваць.

Разам з тым аказанне паслуг на сяле стратнае, адзначыў Аляксандр Валатовіч.

— Не вельмі ахвотна ідуць сюды прадпрымальнікі. Але мы разумеем, што вяскоўцы павінны мець магчымасць задаволіць свае бытавыя патрэбы. Таму вымушаны перакрываць гэтую стратнасць паслугамі, якія аказваем у горадзе. Імкнёмся працаваць прыбыткова, рэнтабельна, павялічваць аб'ёмы паслуг.


Лілія ПУЛКО, начальнік упраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва Мінскай вобласці:

— У кожным раёне вобласці на базе раённых камбінатаў бытавога абслугоўвання арганізаваны дыспетчарскія пункты па прыёме заказаў і працуе адзіны кароткі нумар — 167. Па ім людзі могуць атрымаць кансультацыю пра паслугі, якія аказваюцца ў раёне, цэны на іх. Для зручнасці насельніцтва поўны комплекс паслуг павінен быць сканцэнтраваны ў адным месцы. Таму адпаведныя прадпрыемствы Мінскай вобласці развіваюць іх у цэнтральных дамах быту. Раённыя камбінаты прапануюць ад 11 да 20 відаў паслуг.

У апошнія гады дамы быту змяніліся як звонку, так і ўнутры, ператварыліся ў абноўленыя шматфункцыянальныя цэнтры. Павышаецца якасць абслугоўвання, уводзяцца новыя віды паслуг, набываецца сучаснае абсталяванне. Напрыклад, у Бараўлянскі дом быту купілі спецыяльную машыну, якая мые, сушыць, расчэсвае дываны. Чалавеку не трэба самому везці грувасткую рэч, яе забіраюць транспартам, а потым вяртаюць гаспадару. Гэтая паслуга добрая тым, што не трэба выклікаць дадому чысцільшчыка, які прымяняе хімічныя рэчывы, і, пакуль дыван сохне, хатнія імі дыхаюць.

У вобласці ёсць чатыры вышывальныя камп'ютарныя машыны, якія могуць аздобіць рэч любымі ўзорамі. Напрыклад, у Нясвіжы па заказе вышываюць на рагу «канверта» імя немаўляці, якое толькі нарадзілася.

У сельскай мясцовасці бытавыя паслугі аказваюць 247 комплексных прыёмных пунктаў, якія належаць раённым камбінатам бытавога абслугоўвання. У аддаленыя і малаколькасныя вёскі выязджаюць па графіку спецыяльныя машыны. Гэта дазваляе прымаць і па меры выканання дастаўляць спажыўцу заказы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by



Як наблізіць бытавыя паслугі да сельскага спажыўца?

Ці створаных умоў ужо дастаткова? Каб высветліць гэта, мы пагаварылі з людзьмі, у задачу якіх і ўваходзіць развіццё названай сферы.

Намеснік старшыні Ельскага раённага выканаўчага камітэта Генадзь ЛАПАЦЕНКА:

— Я не сказаў бы, што ў нашым раёне бытавыя паслугі аказваюцца не ў поўнай меры. У нас вельмі добры камбінат бытавога абслугоўвання з дасведчаным кіраўніком. Менавіта дзякуючы намаганням гэтага чалавека ў нас сапраўды высокі вынік працы як у вобласці, так і ў краіне. Таму я сказаў бы, што некаторым раёнам нават ёсць чаму ў нас павучыцца. Калектыў камбіната невялікі — 27 чалавек, і ў раёне яшчэ 8 комплексных прыёмных пунктаў. А тыя людзі, якія працуюць у сельскай мясцовасці, прымаюць заяўкі на паслугі. Нават не магу сказаць, што яшчэ дадаткова можна прапанаваць. Дарэчы, наколькі мне вядома, нараканняў з боку насельніцтва на бытавое абслугоўванне няма. Безумоўна, можна разважаць, што адкрыццё, скажам, дамоў быту ў дробных населеных пунктах дасць працоўныя месцы, аднак як гэта акупіць? А адкрываць, каб усё проста стаяла, — навошта? Глядзіце: у нас 65 населеных пунктаў, але толькі ў чатырох пражывае больш за 500 чалавек. Таму выезду аўтамабіляў цалкам дастаткова. Ды і людзі ведаюць, як гэта працуе, — для іх складзены зручны графік.

Начальнік аддзела эканомікі Бялыніцкага раённага выканаўчага камітэта Алена СЕЛІВЕСТРАВА:

— Літаральна нядаўна прынята рашэнне раённага выканаўчага камітэта ад 5 кастрычніка 2017 года «Аб бытавым абслугоўванні сельскіх населеных пунктаў». І гэтым рашэннем мы зацвердзілі графік выязнога абслугоўвання пры наяўнасці заявак. Я лічу, што мы аператыўна рэагуем на пажаданні жыхароў, а гэтым рашэннем нам удалося ахапіць усе сельскія населеныя пункты. Выезд машын з кваліфікаванымі людзьмі — гэта ідэальны варыянт. Навошта трымаць у кожнай вёсцы штат супрацоўнікоў? Па-першае, гэта немагчыма, а па-другое, няма неабходнасці. Сістэма, якая зараз працуе, выдатная. Скаргаў у нас няма. Як і зваротаў, у якіх просяць дадаць нейкую паслугу, — пералік і так даволі шырокі.

Дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Мінскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання» (г. Заслаўе) Наталля ТОЗІК:

— Зараз у нас ўсё ідэальна, пытанняў насамрэч хапае. У вялікім горадзе, буйным раённым цэнтры прасцей, а вось у прысталіччы шмат праблем. Хоць бы таму, што не ў кожным населеным пункце ёсць комплексны прыёмны пункт, у якім на месцы аказваюцца бытавыя паслугі. Ёсць праблема інфармаванасці насельніцтва. У гэтым годзе мы ўвялі даведачны нумар 167, па якім можна задаць любое пытанне, даём аб'явы ў раённай прэсе. Аператары службы, на жаль, сутыкаюцца з просьбамі, якія не ўваходзяць у нашу кампетэнцыю: скажам, людзі просяць звязаць іх з энергазбытам, пытаюцца, ці можна некуды «прыстроіць» шчанюкоў і гэтак далей. Але гэта нашы людзі, мы ўсім спрабуем дапамагчы.

Што датычыцца асартыменту паслуг, то прапануем максімальную колькасць варыянтаў. Напрыклад, у Мінскім раёне не хапала спецыялістаў па рамонце бытавой тэхнікі — імпартных тэлевізараў, пральных машын. Што мы зрабілі? Заключылі дагаворы ўзаемнага супрацоўніцтва з прыватнымі арганізацыямі. І работа вядзецца па такой схеме: наш аўтамабіль забірае з вёскі той жа тэлевізар, вязе ў Мінск майстру, пасля спраўную тэхніку вяртаем чалавеку. Грошы за працу атрымлівае прыватнік, мы ж атрымліваем грошы за перавозку. Такі вось прыклад партнёрства. Аналагічныя дагаворы ў нас ёсць і па хімчыстцы.

Старшыня Жодзішкаўскага сельвыканкама Смаргонскага раёна Святлана КУЧАРАВА:

— Калі шчыра, я нават не ведаю, што яшчэ прыдумаць, — настолькі ўсё прадумана ў Смаргонскім раёне. У нас два камбінаты бытавога абслугоўвання, выхадныя ў іх толькі нядзеля і панядзелак. Усё можна заказаць, паколькі большасць тавараў ёсць у продажы. Што датычыцца бліжніх населеных пунктаў, то туды пастаянна выязджаюць аўтамабілі, у якіх ёсць усё неабходнае для людзей. Мы прымаем заяўкі, пасля чаго машына развозіць усё па вызначаным маршруце. Вядома, бывае і такое, што чагосьці няма. Аднак пытанне вырашаецца ўжо праз тыдзень, дастаткова аформіць паперу — і ўсё аператыўна падвязуць. Зусім неабавязкова ў кожным населеным пункце мець свой камбінат або падобны пункт. Яны патрэбныя толькі там, дзе пражывае шмат людзей. А ў той жа вёсцы — прыязджае машына, здаеш рэчы ў хімчыстку або на папраўку і чакаеш, калі ўсё гатовае прывязуць. Ці трэба пашырыць асартымент паслуг? Я лічу, што ўсяго хапае. А калі не хапае, то мы прывязём.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Домік для Бобіка і не толькі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».