Вы тут

Як сталіца будзе адзначаць навагоднія святы


Маштабныя зніжкі, тоны цукерак і пятнаццаціхвілінны салют.

Афіцыйным стартам святочнага сезона можна лічыць 15 снежня. Менавіта да гэтага дня горад будзе цалкам упрыгожаны, запаліцца маляўнічая ілюмінацыя, і пачнуць працаваць калядныя кірмашы. Насычаная праграма разлічаная аж да сярэдзіны студзеня: за гэты перыяд у сталіцы пройдзе некалькі сотняў мерапрыемстваў, а ў навагоднюю ноч можна будзе павесяліцца на 22 пляцоўках у розных месцах горада.


Галоўная ёлка краіны з удзелам Прэзідэнта, арганізаваная для дзяцей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, пройдзе 22 снежня, а 27 снежня ў Белдзяржцырку адбудзецца прадстаўленне для падапечных акцыі «Нашы дзеці». Як расказаў намеснік начальніка ўпраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Аляксандр ШАСТАКОЎ, традыцыйнае шэсце Дзядоў Марозаў у гэтым годзе запланавана на 17 гадзін 23 снежня. Больш за 800 казачных персанажаў пройдзе ад Плошчы Незалежнасці да пляцоўкі каля Палаца спорту, завершыцца шэсце танцавальным флэшмобам. Назіраць за святочнай падзеяй таксама можна будзе на вялікіх экранах, усталяваных у цэнтры горада. Дарэчы, сёлета ў ёй таксама прымуць удзел прадпрыемствы сталіцы. Калі патрапіць на казачны парад не атрымліваецца, хвалявацца не варта: у Верхнім горадзе з 25 снежня па 5 студзеня штодня ў 17.00 і ў 20.30 будзе праходзіць прадстаўленне «Навагодняя прыгода ў краіне чараўніцтва».

Што датычыцца навагодняй ночы, то асноўная пляцоўка развернецца каля Палаца спорту, свята будзе доўжыцца з 23 да 4 гадзін раніцы. Феерверк-шоу, працягласцю 15 хвілін, пачнецца ў 1.30.

Работа елачных кірмашоў — іх у сталіцы будзе больш за 200 — стартуе 22 снежня. Спецыяльна да свят крамы горада правядуць больш за 2,5 тысячы акцый па зніжэнні цэн. Цяпер праходзіць конкурс на найлепшае афармленне гандлёвага аб'екта: падаць заяўкі можна да 15 снежня, вынікі конкурсу будуць падведзеныя напярэдадні Новага года. 25, 31 снежня і 7 студзеня магазіны будуць адкрыты паводле рэжыму працоўнага дня, 1 студзеня мінімальны перыяд работы прадуктовых крамаў з 10 да 17, нехарчовыя ж па рашэнні кіраўніцтва могуць быць зачынены на дадатковы выхадны. У перыяд правядзення навагодніх карпаратываў час работы аб'ектаў грамадскага харчавання, за выключэннем тых, якія знаходзяцца ў жылых дамах, можа быць падоўжаны да 6-й раніцы.

— Для жыхароў сталіцы ўжо нарыхтавана 2,5 мільёна бутэлек шампанскага і ігрыстых вінаў, больш за 500 тысяч набораў цукерак. Цана на салодкі падарунак вагаецца ад 4,5 да 50 рублёў, у залежнасці ад яго складу і аб'ёму, — адзначыў намеснік начальніка аддзела арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Аляксандр ФРАЛОЎ.

Усе месцы масавага збору людзей будуць ахоўваць супрацоўнікі міліцыі, там, дзе збярэцца больш за 500 чалавек, будуць усталяваныя пункты пропуску. МУС нагадвае, што на пляцоўкі забаронена праносіць небяспечныя прадметы і алкаголь, грамадзяне ў стане моцнага ап'янення на свята таксама не будуць дапушчаныя. Трэба памятаць, што піратэхнічныя сродкі нельга падрываць у грамадскіх месцах, для сваёй жа бяспекі іх варта купляць у ліцэнзійных крамах. ДАІ горада рэкамендуе ўстрымацца ад паездкі на ўласным транспарце да месцаў мерапрыемстваў.

І скарыстацца такой парадай можна без боязі, абяцаюць, што грамадскі транспарт у святочныя дні будзе працаваць як гадзіннік. Ужо пушчаныя дадатковыя саставы 1-га і 100-га аўтобусаў. Метро ў навагоднюю ноч будзе працаваць да 4 раніцы, пад прыбыццё апошняга цягніка будзе падладжана работа наземнага транспарту. Начальнік арганізацыі пасажырскіх перавозак дзяржаўнай установы «Сталічны транспарт і сувязь» Аляксандр КАПЦЮХ запэўніў, што час чакання транспарту будзе складаць не больш за 20 хвілін.

Азнаёміцца з падрабязнай праграмай святочных мерапрыемстваў можна на сайце Мінгарвыканкама.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».