Вы тут

Натхненне + імправізацыя


Якім павінен быць прэтэндэнт на званне «Студэнт года»? Абаяльным, творчым, артыстычным, іранічным, знаходлівым, здольным да экспромта і імправізацыі? Выдатным аратарам ці, можа быць, глыбокім філосафам? Ён павінен прыгожа спяваць і танцаваць? Умець зладзіць на сцэне міні-спектакль? У фінале рэспубліканскага конкурсу, які сабраў дзесяць пераможцаў рэгіянальных этапаў, усяго было напоўніцу: і таленту, і артыстызму, і гумару...


Для Аляк­санд­ры Рад­ко­віч род­ная мо­ва — не пус­ты гук.

«Канкурсант Ян КАВАЛЁЎ на першы погляд нічым не адрозніваецца ад іншых удзельнікаў, але пры дэталёвым разглядзе бачна, што адрозненні ёсць, і яны істотныя... Ян у свае 19 гадоў ужо мае афіцыйную ўзнагароду — медаль «За служэнне Радзіме з дзяцінства», атрыманы ім у 17 гадоў! Перамогу на рэспубліканскім конкурсе «Феміда-2015!» Ад студэнта трэцяга курса філалагічнага факультэта Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Яна Кавалёва ўсе пачулі пакладзены на музыку «самы шчыры аповед пра сябе за ўсю гісторыю конкурсу»:

«Добрый вечер, леди, джентельмены! Ковалёв. Мозырянин. Студент. / Я спою о себе с этой сцены / Без вранья. Это важный момент. / С детских лет я был парень, что надо / Петь стал рано, все спали еще / Пел я так, что из детского сада выводили меня за плечо.

Ян Ка­ва­лёў: «Са­мы шчыры апо­вед пра ся­бе за ўсю гіс­то­рыю кон­кур­су».

Магілёўскую вобласць прадстаўляў у фінале курсант 4 курса факультэта міліцыі Магілёўскага інстытута Міністэрства ўнутраных спраў Максім ПАТАРАНКА:

— Мяне завуць Максім, і ў гонар мяне назвалі самыя крутыя рэчы ў свеце. Мяркуйце самі... Пісьменнік Максім Горкі, кулямёт, мужчынскі часопіс... Нават Пугачова назвала свайго мужа так, як завуць мяне. Я вельмі камунікабельны і абаяльны хлопец. Доказ таму: калі я сёння здаваў куртку ў гардэроб, гэта мілая прыязная жанчына дала мне свой нумарок. Акрамя футбола, я займаюся боксам. З'яўляюся майстрам спорту. Вы, напэўна, падумалі, што ўсе баксёры — тупыя? Тупыя... Але не ўсе. Жартую, вядома... Вы, напэўна, задаяце сабе пытанне: «Як такая шматгранная асоба вырашыла стаць міліцыянерам?» Усё проста: я раскажу вам адну гісторыю. Аднойчы ў дзяцінстве я гуляў з цудоўнай дзяўчынкай. Яна мне вельмі падабалася. Калі мы ішлі па вуліцы, яна ўбачыла, што кацяня не можа злезці з дрэва. Папрасіла выклікаць дзядзечку-міліцыянера, які дапаможа. А я адказаў: «Не трэба, я сам спраўлюся!». І калі дзядзечка-міліцыянер зняў і мяне, і кацяня з дрэва, я цвёрда вырашыў, што хачу выратоўваць і абараняць людзей!»

«Мой навуковы дэвіз: немагчымае — гэта тое, што патрабуе крышачку больш часу», — блістала ў інтэлектуальным конкурсе студэнтка 5 курса лячэбнага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ірына ЖЭРКА. Для дзяўчыны крыніцай натхнення з'яўляюцца людзі, знаёмыя і незнаёмыя, нават выпадковыя сустрэчныя. «Сапраўдная мудрасць у тым, каб зразумець, чаму кожны з тых, хто сустрэўся, можа цябе навучыць».

Гонар універсітэта грамадзянскай абароны МНС абараняла далікатная мілавідная дзяўчына, студэнтка 3 курса факультэта тэхнасфернай бяспекі Аляксандра Саўчук, і яе выгляд ну ніяк не ўпісваўся ў вобраз мужнага ратавальніка. Але знешняя безабароннасць самой Сашы аказалася вельмі падманлівай. За яе плячыма вучоба ў патрыятычным класе і восем гадоў заняткаў усходнімі адзінаборствамі. Рух наперад, воля да перамогі і мэтанакіраванасць у Аляксандры ў крыві. А яе песня была прысвечана якраз дзяўчатам у форме, і ў ёй рэфрэнам гучалі словы «...І ў МНС патрэбна прыгажосць, усмешкі, зачараванне...»

Тры гадзіны фінальнага шоу праляцелі імгненна. Журы не прымусіла сябе доўга чакаць і пасля невялічкай музычнай паўзы, якую запоўнілі гурты Nаvіbаnd і РRОвакацыя, абвясціла тройку пераможцаў. Трэцяе месца па выніках усіх выпрабаванняў прысудзілі студэнту другога курса факультэта эканомікі і бізнес-кіравання Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Руслану НОВІКАВУ. «Я чалавек творчы, таму і гляджу на свет праз прызму мастацтва, — канстатуе хлопец. — Ніколі нельга губляць аптымізму і пачуцця гумару. Дабрыню, шчырасць, бескарыслівасць і спагадлівасць цаню ў людзях больш за ўсё. Лічу, што ў жыцці чалавек не павінен спыняцца на дасягнутым».

На другім месцы аказаўся курсант Магілёўскага інстытута МУС Максім ПАТАРАНКА. «Я не толькі будучы вартавы правапарадку, які «ЗАЎСЁДЫ Ў ФОРМЕ», але і вельмі цікавая, творчая асоба, якая марыць стаць сапраўдным ГЕНЕРАЛАМ!», — жартуе ён сам пра сябе.

А перамога дасталася ў гэты вечар прадстаўніцы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы: уладальніцай ганаровага тытула «Студэнт года — 2017» стала другакурсніца філалагічнага факультэта Аляксандра РАДКОВІЧ. Трэба зазначыць, што ў апошнія гады студэнты купалаўскага ўніверсітэта стала ўваходзілі ў фінале ў «прызавую тройку» — займалі і трэцяе, і другое месцы. Але ўдача ўсміхнулася менавіта Аляксандры. Дзяўчына прызналася, што збіралася паўдзельнічаць у прэстыжным рэспубліканскім конкурсе толькі праз год, бо лічыла, што ёй яшчэ трэба трошкі падрасці ў сацыяльным плане, набрацца вопыту, але на факультэце сказалі: «Трэба!» «Без падтрымкі ўніверсітэта, маіх аднакурснікаў, у мяне б нічога не атрымалася, — запэўнівае яна. — Увогуле, кожны з фіналістаў быў варты перамогі!»

А можа быць, зусім невыпадкова ў конкурсе, які быў аб'яднаны сёлета тэматыкай «Беларусь — крыніца натхнення», перамагла ўдзельніца, для якой родная мова — не пусты гук і не самарэклама на сцэне. «З пытаннем, ці ўжываю я беларускую мову штодня, сутыкаюся пастаянна, — канстатуе Аляксандра. — Каб беларуская мова гучала часцей, мы рэалізуем у нашым універсітэце праект «Рух. Гук. Слова», у якім моладзь можа рэалізоўваць сябе ў розных кірунках: гэта могуць быць і танцы, і песні, і красамоўства...»

Сама пераможца ярка заявіла аб сваіх прамоўніцкіх здольнасцях на міжнародным конкурсе «Цыцэроній». Яна з'яўляецца стыпендыяткай Фонду міру. Адзначана прызам у конкурсе грацыі і артыстычнага майстэрства «Гарадзенская беларусачка». Займаецца чарлідынгам, спявае... Але паспаць, як усе студэнты, асабліва падчас сесіі, таксама любіць... Прызнаецца, што два самыя складаныя для яе прадметы — «мовазнаўства» і «гістарычная граматыка беларускай мовы». Сярэдні бал яе паспяховасці — 8,45.

У людзях Аляксандра цэніць, перш за ўсё, шчырасць, бо яе не купіш ні за якія грошы. Другая якасць — гэта ўпэўненасць у сабе, бо яна патрэбная як у паўсядзённым жыцці, так і ў асабліва адказныя моманты. І трэцяя якасць — гэта творчасць. «Люблю творчых асоб, яны заўсёды натхняюць мяне на новыя адкрыцці, — прызналася яна. — Жыццё даецца чалавеку на тое, каб тварыць, і я хачу, каб людзі не сядзелі на месцы склаўшы рукі».

Сваю формулу поспеху ў фінале Аляксандра сфармулявала так: «Натхненне плюс імправізацыя. Я старалася быць адкрытай і шчырай з публікай. І гэта надало мне сіл для перамогі...»

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.