Вы тут

І ў пчол бываюць паразіты


Цяжка знайсці хатнюю жывёлу ці насякомае, якія маглі б параўнацца з пчалой па колькасці карысных прадуктаў, што яна дае чалавеку. Але яна ж і самая слабая істота, вельмі капрызная ў адносінах да тэмпературы, вільгаці і г.д. У яе шмат ворагаў – захворванні, розныя паразіты і шкоднікі. Шанец на выжыванне ў пчол ёсць – у сям’і. Разам яны ўтвараюць цэласны арганізм, у якім ад 25 да 100 тыс. асобін. Менавіта гэта дае пчолам магчымасць выжыць у экстрэмальных умовах, змагацца з паразітамі, ворагамі і захворваннямі, адны з якіх знішчаюць дарослых насякомых альбо паразітуюць на іх, другія губяць расплод, трэція разбураюць васковыя пабудовы гнязда, чацвёртыя крадуць і паядаюць мёд і пяргу і г.д. Каго ж можна назваць асноўнымі пчалінымі паразітамі?

Падраздзяляюцца паразіты на ўнутраных (муха сенатаінія, пчаліная гарбуха, ніткаваты чарвяк) і вонкавых (лічынкі майкі, кляшчы). Першыя развіваюцца і паразітуюць унутры пчалы альбо лічынкі, а другія – на яе покрыве.

Сярод унутраных паразітаў найбольш распаўсюджаны клешч вароа, які наносіць вялікую шкоду (выклікае захворванне вараатоз). Пчаляры пераважна праводзяць планавую апрацоўку супраць кляшча перад зімоўкай: у жніўні – палоскамі (пралангуючае дзеянне), у кастрычніку-лістападзе – дапаможнымі сродкамі (пры адсутнасці расплоду). Выбар прэпарату для веснавой апрацоўкі залежыць ад наяўнасці кляшча на пчолах. У большасці прымяняюцца прэпараты на аснове кіслот – "Мураўінка", "Бівітал" і г.д. Метады барацьбы з кляшчом удасканальваюцца штогод. Тым не менш, гібель пчол ад яго пакуль значная.

Клешч вароа на пчале, які наносіць вялікую шкоду.

Сенатаініёз – інвазійнае захворванне лётных пчол – выклікаецца лічынкамі мухі сенатаініі. Звычайна муха чакае сваю ахвяру на даху вулля. Нападае і адкладвае лічынкі яна пераважна на пчол, якія вяртаюцца з нектарам. Лічынкі прагрызаюць покрыва пчалы, трапляюць у яе арганізм і там развіваюцца, потым выходзяць вонкі і зарываюцца ў зямлю. Пчала гіне на 3-5-ы дзень пасля пападання лічынкі ў яе цела.

Для прафілактыкі і барацьбы з сенатаініяй на дах вулля ставяць вялікія белыя талеркі ці іншы белы посуд з вадой. Мухі садзяцца туды і, як вынік, гінуць у вадзе. Калі паразітаў вельмі шмат, на пчальніку выкарыстоўваюць хімічныя спосабы. Напрыклад, на дах вулля кладуць белыя лісты паперы, змазаныя клейстарам з атрутай.

Муха сенатаінія.

Значную шкоду прыносіць пчолам і лічынка жука майкі – трыангуліна (выклікае мелеоз). Дарослыя жукі, кароткакрылыя, чорнага або сіняга колеру, сустракаюцца ў красавіку-маі на хмызняках. Раз у некалькі гадоў распаўсюджанне гэтага паразіта набывае вялікія маштабы. Таму пчаляру неабходна ведаць сімптомы мелеозу і прымаць меры па яго стрымліванні.

Жука майка звычайная.

Пакуль устаноўлена шкоднасць двух відаў майкі – звычайнай і стракатай. Іх самкі адкладаюць у зямлю яйкі (да 4000 шт.), з якіх праз 30-40 дзён выходзяць лічынкі-трыангуліны. Гэта дробныя, але вельмі рухомыя істоты даўжынёй 2 мм, з трыма кіпцікамі на кожнай лапцы (адсюль і іх назва). Яны выпаўзаюць з зямлі і ўзбіраюцца на расліны (крыжакветныя, складанакветныя і інш.), адкуль нападаюць на пчол, упіваюцца галавой у міжчленікавыя перапонкі цела і смокчуць тканкавыя сокі. Трыангуліны выклікаюць у насякомых моцныя сутаргі, а часта і смерць. На пчале бывае звычайна па 1–2 трыангуліны, але ў асобных выпадках – да 15 асобін. Заражэнне на пчальніку часам дасягае 10%.

Меры барацьбы з майкай:

а) збіранне і вынішчэнне дарослых жукоў;

б) прымяненне вадкасці "Фроу" або метылсаліцылату "Клешч".

Ёсць і іншыя паразіты пчол, але яны менш распаўсюджаны і прыносяць менш шкоды.

Пра іншых ворагаў пчол чытайце ў наступным нумары часопіса.

Васіль КАВАЛЕЦ,

старшыня Салігорскага міжраённага аб’яднання “Бортнік”

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».