Вы тут

Тэлефонная дыета


Хадзілі з мужам у Купалаўскі тэатр на «Школу падаткаплацельшчыкаў». За пяць хвілін да заканчэння антракту вярнуліся на свае месцы на балконе. Зірнулі ўніз — а там свецяцца сотні экранаў мабільных тэлефонаў. Калі шчыра, у тэатры я такога ўбачыць не чакала. На спектаклі ж практычна ўсе прыходзяць парамі. Антракт — самы час абмеркаваць убачанае. Але людзі штосьці старанна шукалі ў сваіх тэлефонах. Забываліся на галоўнае: усё, што важна, адбываецца побач з намі.


— Мам, так немагчыма гуляць! Ты быццам бы са мной, але раптам камусьці па тэлефоне адказала, зараз ты Ані па ўроках штосьці сказала. Так нельга ў гульні!

— Чаму?! Гэта ж жыццёва. Гульня ж сапраўдная, як у жыцці.

— Не!!! Калі гуляеш, ты нічога не
заўважаеш, ты проста гуляеш і н-а-с-а-л-о-д-ж-в-а-е-ш-с-я!!!

А нядаўна ў Фэйсбуку з'явілася чыстасардэчнае прызнанне маёй аднагрупніцы. «Злы вірус, практычна на тыдзень выпала з жыцця. Краем вока (левым, бо правае запаленае і чырвонае) ад няма чаго рабіць назіраю, як паралельна вакол бурліць віртуальнае жыццё. І ў мяне проста перадоз ад чужых фотаздымкаў, ад патоку ўваходных паведамленняў. Хачу ўзяць сабе за правіла адкрываць сацсеткі толькі ў вызначаны час. А што прайшло незаўважаным — значыць няважна. Усё, з сённяшняга дня тэлефонная дыета! Мне не падабаецца, што гэта прамавугольная штука захоплівае вялізны кавалак майго рэальнага жыцця». А ў якасці напаміну сабе і астатнім Алеся прымацавала кранальны ролік. Яго, на маю думку, абавязана паглядзець не толькі кожная сучасная мама, але і тата.

Пачынаецца той ролік з таго, што маладая жанчына перад навагоднім ранішнікам прасуе сукенку для дачушкі і пры гэтым размаўляе па тэлефоне. Дзяўчынка ў гэты час сядзіць побач на канапе і сумуе. За абедам мама замест таго каб паўтарыць вершык з малой, не адрывае вачэй ад манітора ноўтбука. Пакуль едуць на ранішнік, таксама штосьці чытае ў мабільным...

«А зараз верш прачытае Машачка Іванова». Мама падрыхтавалася запісваць выступленне дачушкі на мабільны тэлефон. Дзяўчынка пачынае чытаць завучаныя радкі пра зіму... «Вольга Пятроўна, — раптам звяртаецца да выхавальніцы, — можна я іншы вершык раскажу».

«Мама дома, мамы нет, мама вышла в интернет. / Мама смотрит в интернете, как дела на белом свете. / Кофе пьет, глазами водит, что там в мире происходит. / Мама, я тебе скажу: в мире я происхожу!!!»

Гэты ролік паглядзела ўжо шмат маіх знаёмых. Адна з іх кажа, што яе муж цяпер жартуе: «Даша дома, Даши нет, Даша вышла в интернет». Смех смехам, але мне чамусьці ўспомнілася гісторыя двухгадовай даўнасці. Памятаеце, як жыхарку Баранавіч пазбавілі бацькоўскіх правоў з-за празмернага захаплення камп'ютарам. Не, яна не злоўжывала алкаголем, як гэта часта бывае. Проста дні і ночы напралёт сядзела ў сацыяльных сетках. Пры гэтым зусім не клапацілася пра сына. Магла нават забыцца разбудзіць яго ў школу. Зімой хлопчык мог прыйсці на ўрокі ў лёгкай кофце без майкі, абутак не заўсёды быў па сезоне. І ўсё гэта — з-за інтэрнэт-залежнасці... Калі шчыра, у галаве не ўкладваецца, як інтэрнэт можа быць даражэйшы за ўласнае дзіця...

— Мама, я хачу піць. — Пачакай, я занятая.

— Мамачка, давай пагуляем. — Пагуляй сам, мне няма калі.

— Мамачка, паглядзі. — Не замінай, не да цябе цяпер. Будзеш ныць, без падарунка застанешся...

На носе Каляды і Новы год. Клапатлівыя бацькі старанна рыхтуюць сваім дзецям падаруначкі пад ёлку. Гэта несумненна цудоўна. Але не варта забывацца за ўсёй перадсвяточнай мішурой, што самы каштоўны падарунак — час, праведзены з тымі, хто побач.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».