Вы тут

У самым старажытным у краіне драўляным будынку размесціцца экспазіцыя


Унікальны помнік архітэктуры знаходзіцца ў дворыку былога Брыгіцкага манастыра і датуецца другой паловай ХVІІІ стагоддзя. Зараз тут вядуцца работы па яго кансервацыі. Пасля цэлага комплексу аднаўленчых мерапрыемстваў старажытны лямус будзе даступны для гараджан і турыстаў.


Можна сказаць, што работы пачаліся своечасова, бо фундамент прасеў і двухпавярховы драўляны будынак пачаў нахіляцца набок. Таму ў першую чаргу заняліся гэтай праблемай. Было яшчэ некалькі абцяжваючых абставін, кажа навуковы кіраўнік аб'екта, архітэктар інстытута «Гроднаграмадзянпраект» Алена Шчасная. Напярэдадні разабралі цагляныя коміны, унутраныя перагародкі і пашкоджаныя бэлькі перакрыцця, якія надавалі будынку прасторавую жорсткасць. Да таго ж і некаторыя кроквы на вуглах былі падгнілыя.

— Трэба было выраўняць лямус так, каб ён не абваліўся, — кажа Алена Шчасная, — улічваць яшчэ і вугал страхі, а яна па вышыні амаль 5 метраў. Таму задзейнічалі адразу шэсць дамкратаў, адзін з якіх не вытрымаў цяжару і зламаўся. Будынак практычна вісеў у паветры, але гэта было патрэбна для выканання бутавага падмурка і замены ніжняга шэрагу брусоў, пашкоджаных гніллю і спарахнелых на вуглах.

Пасля таго, як падвялі падмурак, заняліся сценамі. Каркас з абодвух бакоў замацавалі вертыкальнымі брусамі, каб выцягнуць яго і выраўняць. Такі страхавы пояс засцерагае сцяну ад нераўнамернага ўсаджвання. Ён часовы — праз некаторы тэрмін яго здымуць. Замененыя брусы з часам набудуць такі жа серабрыста-шэры колер, як і ўвесь будынак. Шчыліны на наступны год будуць замазаны смалой з апілкамі. Лямус нядрэнна захаваўся, хоць і прастаяў больш за 200 гадоў, — лічаць архітэктары.

Цікава, што драўляныя лямусы будаваліся без металічных матэрыялаў. Праўда, на працягу існавання будынка яго ўзмацнялі цвікамі і скобамі. Калі яны з'явіліся — невядома. Рэстаўрацыя таксама без гэтага не абыдзецца, бо сцены трэба замацаваць як след. Потым лішнія цвікі прыбяруць. А вось металічныя пруты пад падлогай і паміж паверхамі застануцца, але іх не будзе відаць.

— Прыходзіцца ратаваць будынак усімі магчымымі спосабамі, — прызнаецца Алена Шчасная, — прымяняць сучасныя тэхналогіі, дзе патрэбна. Раней такіх не было, можа і не спадзяваліся тыя будаўнікі, што звычайная гаспадарчая пабудова прастаіць некалькі стагоддзяў...

Такі вялікі драўляны лямус у Гродне — адзіны ў краіне, адзначае загадчык кафедры архітэктуры жылых і грамадскіх будынкаў БНТУ, прафесар Сяргей Сергачоў. Хоць некалі іх было шмат у Заходняй Беларусі, асабліва на Піншчыне. Існаваў прыгожы лямус у Ашмянскім раёне. Яшчэ адзін захаваўся на былой сядзібе Міцкевічаў у Баранавічах. Слова «лямус» нямецкага паходжання і перакладаецца як «домік з гліны». Пабудова мела гаспадарчае прызначэнне, там захоўваліся прадукты, прылады працы, збожжа, а на другім паверсе маглі жыць работнікі. Будаваліся лямусы на панскіх альбо манастырскіх сядзібах, звычайна ў паркавай зоне, таму мелі прыгожае аздабленне балюстрадамі, галерэямі, аркамі, лоджыямі, калонамі. У драўляных канструкцыях ёсць свая логіка і прыгажосць, падкрэслівае Сяргей Сергачоў.

Лямус у Гродне стаяў запусцелы каля 30 гадоў. Нейкі час ён быў прыстасаваны пад жытло, аб чым сведчыць печ. Верагодна, яе дабудавалі пасля адыходу адсюль манахінь у 50-я гады.

Налета плануецца завяршыць рамонтныя работы. Новы выгляд дэталяў будзе максімальна набліжаны да арыгінала — вокны, дзверы, падлога. Гэта будзе карпатлівая праца, і ўжо ёсць дамоўленасць з майстрам, які гэта зробіць. Нават дах заменяць такой жа дранкай, якая была раней. Праект рэканструкцыі вядзецца ў рамках пагаднення паміж міністэрствамі культуры Беларусі і Польшчы. Сродкі выдзяляюцца польскім Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны і гродзенскай каталіцкай дыяцэзіяй. Работы вядуць беларускія будаўнікі сумесна з польскімі спецыялістамі.

— Гэта складаны аб'ект, — адзначае Алена Шчасная, — бо ён такі адзін на ўсю Беларусь. Гэта будынак-экспанат. Да таго ж мы павінны даць яму новае прызначэнне і захаваць былую веліч.

Як паведаміў ксёндз Гродзенскай каталіцкай епархіі Аляксандр Сасноўскі, у лямусе будзе размешчана музейная экспазіцыя гісторыі Гродзенскай епархіі з розных касцёлаў — кнігі, службовае адзенне святароў, начынне храмаў.

Паступова манастырскаму корпусу будзе вернуты былы выгляд. Прадоўжыцца аднаўленне мураванай агароджы з вежамі па вуглах. Дзве аналагічныя вежы захаваліся на вуглах комплексу па вуліцы Карла Маркса. А вось адзін з будынкаў, прыбудаваны да манастырскай агароджы ў ХХ стагоддзі, плануецца разабраць. На яго месцы зробяць уезд і ўваход. Сюды змогуць пад'ехаць аўтобусы з турыстамі. Запусцелы ландшафт двара зменіць манастырскі сад. Наведванне музея і тэрыторыі манастыра — праект не камерцыйны, запэўніў ксёндз. І выставы, і лямус будуць даступныя кожнаму наведвальніку.


Брыгіцкі манастыр пабудаваны ў стылі барока ў ХVІІ стагоддзі. Доўгі час насельніцамі яго былі сёстры ордэна шведскай святой Брыгіты. У пачатку ХХ стагоддзя комплекс перадалі манахіням-назарацянкам. Многія гродзенцы атаясамліваюць будынак манастыра з клінікай для душэўнахворых, якая тут месцілася больш за 40 гадоў. Толькі ў 90-я комплекс вярнулі Гродзенскай дыяцэзіі, пасля чаго апошняя ўзялася за рамонт памяшканняў былой клінікі. Хоць манастырскія памяшканні апусцелі, брыгіцкі касцёл не спыняў сваёй дзейнасці. Дарэчы, гэта адзіны храм у Гродне, дзе службы вядуцца на беларускай, літоўскай, польскай і англійскай мовах. Таксама ёсць служба для глуханямых. Галоўнай святыняй касцёла з'яўляюцца мошчы святога Клімента, рымскага салдата, які загінуў у ІV стагоддзі. Доўгі час гараджане лічылі яго нябесным апекуном Гродна.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Лямус: ад склепа да музея

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?