Вы тут

Каштоўны падарунак


З Ксеняй як пагаворыш па тэлефоне — настрой на некалькі гадзін сапсуеш дакладна. Таму званіць ёй стараюся як мага радзей, хоць сумленне часам і тузае: сяброўка ўсё ж, колькі гадоў — яшчэ са школьных алімпіяд — знаёмыя. Вітаюся, пытаю дзяжурнае: «Як справы?» І тут пачынаецца... Жыццё не задалося, надвор'е дрэннае, чарговы кавалер сышоў, з бацькамі паразумення няма, на працы ўсе дурні беспрасветныя. Усё гэта я колькі разоў чула, таму спакойна выслухоўваю спіч, кажу зноў жа дзяжурнае: «Ну, ты там трымайся» і з пачуццём выкананага абавязку кладу трубку.


Гэтым разам усё было яшчэ горш. Ксеня сабралася... паміраць. На маё дзяжурнае: «Як справы?» слабенькім такім голасам адказала: «Давай дзе-небудзь сустрэнемся, а то, можа, больш не прыйдзецца...» Едучы ў той жа вечар да яе ў Малінаўку, я ўвесь час думала, што магло здарыцца, бо, калі бачыліся летам, Ксеня выглядала вельмі нават добра. Яна тады з'ездзіла на мора (праўда, скардзілася, што вартай кампаніі не было, сядзела ў нумары і плакала), была загарэлая, з новай прычоскай... Яна адчыніла дзверы бледная, без макіяжу, ледзь чутна сказала: «Праходзь». Сядзела на канапе, падціснуўшы ногі, кутаючыся ў нейкую бясформенную шэрую кофту, расказвала пра сваю бяду. Абмацала на плячы нейкі гузачок, тут жа панеслася ў паліклініку, здаваць аналізы ды па ўрачах. Тэрапеўт супакоіла: звычайны жыравік. Але, бачачы трывогу пацыенткі, якая ўвесь час недаверліва перапытвала, ці праўда, што няма небяспекі, выпісала накіраванне да анколага.

Вось над гэтым накіраваннем Ксеня і гаравала. Да спецыяліста яна не пайшла, паставіла сабе «дыягназ» сама і ў свае сорак два пачала падводзіць вынікі і ставіць кропкі. Я, шчыра, у той вечар старалася яе ўсяляк разварушыць. Але ні разумныя словы, ні спробы жартаваць, ні нават выпіты ў значнай колькасці каньяк не дапамаглі. Выйшаўшы з яе самотнай кватэры ў золкую цемру, некалькі разоў смачна ўдыхнула цяжкога вільготнага паветра, спрабуючы прагнаць паганыя думкі і не менш паганы настрой.

Раптам нехта гукнуў мяне па імені. Азірнулася: даганяе жвавая кабета з палкамі для скандынаўскай хадзьбы. Наталля Яўгенаўна, з якой калісьці разам працавалі і з якой не бачыліся ўжо гадоў пяць, прыветліва ўсміхалася, тлумачыла: «Я ж тут жыву недалёка. Цэлы дзень сёння бегала: у басейн схадзіла, у паліклініку, да свекрыві зайшла, прадукты ёй занесла, есці наварыла, прыбралася... Позна ўжо, але думаю: не, пайду прайдуся ўсё-ткі. Нельга сабе паблажкі рабіць...»

Наталлі Яўгенаўне без малога семдзесят. Праўда, убачыўшы на вуліцы такую дагледжаную маладжавую пані, наўрад ці хто пра гэта здагадаецца. Як і пра тое, які пакручасты лёс, якія выпрабаванні выпалі на долю жанчыны. Яна і расказвала пра гэта нам, сваім маладзейшым калегам лёгка, нібы прачытала ў якой кнізе, а не сама пражыла-прагаравала хвіліну за хвілінай, год за годам.

Яна выйшла замуж па тагачасных мерках позна — было ўжо за трыццаць. Шукала свайго, адзінага — знайшла: пажаніліся па вялікім узаемным каханні. Шчаслівыя сужэнцы ўжо чакалі першынца, але лёс распарадзіўся па-свойму: грып, ускладненні — дзіця так і не нарадзілася. Бяда, кажуць, адна не ходзіць — праз паўгода ў мужа, якому толькі споўнілася трыццаць два, проста на працы спынілася сэрца. Пахавала, адплакала, з галавой паглыбілася ў работу, якая была адзіным выратаваннем ад тугі і самоты. Старалася, бралася за самыя складаныя заданні...

Таму, калі ў 86-м выбухнуў Чарнобыль, на месца падзей адправілі менавіта яе (працуе аператыўна, сям'і няма — так меркавала начальства). Тады мала хто ведаў пра рэальную небяспеку той аварыі, і па палескіх вёсках, адкуль тэрмінова адсялялі людзей, яна гойсала ў кашулі з кароткімі рукавамі, у лёгкай хусцінцы на галаве... Вынік той камандзіроўкі даў сябе адчуць літаральна праз год — страшны дыягназ, доўгае лячэнне ў Мінску, Маскве, за мяжой і немагчымасць нават спадзявацца калі-небудзь мець дзіця.

Ёй, праўда, заўсёды было пра каго клапаціцца. Пахаваўшы ў хуткім часе бацьку, пераехала ў кватэру да маці, якая засталася адна. Маці аднойчы проста не ўстала — адняліся ногі. Ляжачай пражыла яшчэ дзесяць гадоў, і ў дачкі нават думкі ніколі не ўзнікла здаць яе на які сацыяльны ложак. Калі маці не стала, яна сама ўжо была на пенсіі, хоць працягвала працаваць... А свякроў, у якой быў толькі адзін сын, з якім Наталля пражыла свае шчаслівыя паўтара года, дажыла да глыбокай старасці, і ўвесь гэты час нявестка даглядала яе, не зважаючы на ўласны ўзрост і балячкі, якіх з кожным годам не меншае...

Распытаўшы пра мае справы, расказаўшы пра свае надзённыя клопаты, якіх, як заўсёды шмат, Наталля Яўгенаўна сказала мне сваё кароннае, што гаворыць на развітанне пры кожнай сустрэчы: «За ўсімі сваімі важнымі справамі не забывайся пра сябе, не забывайся жыць. Бо, калі Бог даў жыццё, не трэба гэтым каштоўным падарункам грэбаваць...»

Здаецца, менавіта ў той золкі вечар я па-сапраўднаму зразумела, што яна мела на ўвазе.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

Пералік рэчаў, забароненых да праносу, змешчаны на ўваходзе ў кантрольна-прапускны пункт.

Эканоміка

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Электронны гандаль у нашай краіне працягвае расці. 

Грамадства

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

У Машы Афанасій жыве каля года. Такі незвычайны падарунак ёй зрабіў сябар.