Вы тут

Парламентарыі прапанавалі змены ў заканадаўства аб прыватызацыі


Работа над заканадаўствам — справа даволі складаная, яна патрабуе шмат часу, пільнасці і, безумоўна, грунтоўнага досведу. Звычайна праект закона — вынік сумеснай працы профільнага ведамства і парламентарыяў. Але апошнія і самі карыстаюцца заканадаўчай ініцыятывай і ўласнымі намаганнямі распрацоўваюць нарматыўныя дакументы. Учора ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу дэпутаты разгледзелі і прынялі ў першым чытанні такі праект закона.


Яго ўнеслі Леанід БРЫЧ і Сяргей Зямчонак, намеснікі старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы. Гэты дакумент прапануе змены і дапаўненні ў Закон «Аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці і пераўтварэнні дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы».

Як растлумачыў журналістам Леанід Брыч, «асноўнай ідэяй названага законапраекта стала рэалізацыя палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны да 2020 года». Дэпутаты прапануюць унесці ў заканадаўства шэраг навацый:

— Па-першае, прыбралі планавасць аб'ектаў прыватызацыі, бо тое, што існуе ў цяперашнім законе, як паказвае жыццё, не зусім сябе апраўдвае. Па-другое, пачатковы кошт продажу прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў, гэтак жа, як і акцый гаспадарчых таварыстваў дзяржаўнай уласнасці, вызначаецца па рыначных цэнах у парадку, які ўстанаўліваецца Саветам Міністраў.

Акрамя гэтага, некаторыя палажэнні Закона «Аб прыватызацыі...» прыведзены ў адпаведнасць з Законам «Аб гаспадарчых таварыствах».

— Самае важнае, ключавое — гэта памяншэнне тэрміну іскавай даўнасці (па прыватызацыйных здзелках у Беларусі. — Аўт.) з дзесяці да трох гадоў, — дадаў дэпутат. — Мы лічым, што гэта пасадзейнічае больш эфектыўнай карпарацыйнай кіруемасці арганізацыі з дзяржаўным удзелам і абароніць уласнасць інвестараў.

Адам КАВАЛЬКА, член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, прадставіў у другім чытанні праект закона, што ўносіць дапаўненні ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь:

— Раней у нас быў прабел у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, бо сведка не меў права на адваката. Вельмі часта былі выпадкі, калі сведка пераходзіў у падазраванага або нават у абвінавачваемага. Таму было прынята рашэнне Канстытуцыйнага суда, каб усё-такі даць права сведку мець адваката.

Міністр юстыцыі Алег СЛІЖЭЎСКІ выступіў дакладчыкам па праекце закона, які ратыфікуе Канвенцыю аб міжнародным парадку спагнання аліментаў на дзяцей і іншых формаў утрымання сям'і. Адказваючы на пытанні прадстаўнікоў СМІ, кіраўнік ведамства запэўніў, што гэта Канвенцыя для нашай дзяржавы адыграе значную ролю ў тым, што датычыцца абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей.

— Сёння складваецца сітуацыя, калі ў дачыненні да шэрагу еўрапейскіх дзяржаў (калі бацькі, абавязаныя выплачваць сродкі на ўтрыманне дзяцей, пражываюць там. — Аўт.) дастаткова складана спагнаць аліменты, — звярнуў увагу міністр. — Калі даўжнік па аліментах, напрыклад, бацька дзіцяці, пражывае на тэрыторыі краіны Еўрапейскага саюза або на тэрыторыі ЗША, дзеючая на сёння Канвенцыя 1956 года, на жаль, не прадугледжвае абавязковай працэдуры прызнання судовых рашэнняў па спагнанні аліментаў, вынесеных у нашай краіне, на тэрыторыі іншых дзяржаў.

Канвенцыя 2007 года, якая цяпер запрацуе і ў нас, якраз і заклікана ў такіх выпадках гарантаваць абавязковую працэдуру прызнання і выканання судовага рашэння.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дэпутацкая ініцыятыва ў дзеянні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.