«Лінія выхаднога дня пашырае кола пытанняў і дае магчымасць аператыўна іх вырашаць», — лічыць намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкама Валянцін Семяняка.
На гэты раз у тэлефонным дыялогу з жыхарамі раёна ўзнікла тэма бадзяжных сабак. На тым канцы провада жанчына выказвала занепакоенасць ростам колькасці бяздомных жывёл у аграгарадку Міжэрычы. Гэта сітуацыя дастаўляе нямала клопатаў жыхарам вёскі.
Сапраўды, праблема такая існуе, пацвердзіў Валянцін Семяняка. І абвастраецца менавіта ў зімовы перыяд, калі састарэлых гаспадароў іх родныя забіраюць да сябе. Сабакі застаюцца без дагляду і дзічэюць. Гэта пагражае не толькі іншым свойскім жывёлам, але і людзям. Зняць пытанне на працягу тыдня даручана Каралінскаму сельвыканкаму сумесна са спецыялізаванай брыгадай раённага прадпрыемства ЖКГ.
— Не бывае такіх выхадных, каб нашы людзі не тэлефанавалі, — адзначыў Валянцін Міхайлавіч, — пытанні да ўлады заўсёды ёсць. У будны дзень не кожны мае час прыйсці ці прыехаць у райвыканкам. Асабліва з глыбінкі. Акрамя гэтага, у выхадны могуць узнікнуць сітуацыі, якія патрабуюць тэрміновых дзеянняў.
Значнае кола пытанняў датычыцца жыллёва-камунальнай гаспадаркі, вода- і цеплазабеспячэння. Падчас прамой лініі да Валянціна Семянякі паступіла скарга на недасканалую работу камунальных службаў, якія пасля замены цеплатрасы не прывялі ў належны стан агарод і агароджу. Зварот на прамую лінію даў плён — усё было прыведзена ў парадак. Не абыходзяць жыхары раёна і пытанні добраўпарадкавання агульных тэрыторый. Патэлефанаваў жыхар вёскі Чырвонае Сяло, які прасіў пасадзейнічаць у навядзенні парадку каля штучнага вадаёма ў іх населеным пункце. Як вядома, гэтымі пытаннямі павінен займацца сельскі Савет, што і было ўказана яго старшыні.
— Праблемы грамадзян бяру пад асабісты кантроль, — падкрэсліў Валянцін Семяняка. — Хоць і рэдка, але бываюць выпадкі, калі чалавек звяртаецца ў раённую службу, але яго праблема застаецца без увагі ці яе рашэнне не задавальняе. Вось і вымушаны зэльвенцы ісці да кіраўніцтва. Таму і сочым, каб спецыялісты працавалі больш аператыўна і памяталі пра галоўную задачу — дапамагчы чалавеку.
Па словах прадстаўніка выканаўчай вертыкалі, падобная мадэль узаемадзеяння з насельніцтвам дае эфект, таму што дазваляе выявіць значнае кола праблем і дэталёва ў іх разабрацца.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.
Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.