Вы тут

Фартух на кухні: засцерагае і ўпрыгожвае


Цікавае адмысловае аздабленне рабочай зоны на кухні штодзень стварае гаспадыні выдатны настрой і ўпрыгожвае інтэр'ер, падкрэслівае фасад кухоннага гарнітура.

Што такое кухонны фартух?

Фартухом (па аналогіі з элементам адзення хатніх гаспадынь) называюць частку сцяны паміж верхнімі і ніжнімі шафкамі кухоннага гарнітура. У прынцыпе, яго функцыянальнае прызначэнне цалкам адпавядае звыклай назве. Фартух для кухні засцерагае сцяну над плітой і ракавінай ад тлустых пырскаў, плям і пары. Часцей за ўсё аздобным матэрыялам закрываецца ўся сцяна ўздоўж стальніцы, але пры жаданні можаце абмежавацца невялікімі ўстаўкамі толькі ў зоне пліты і мыйкі.

Наколькі высокім павінен быць фартух на вашай кухні, залежыць ад дзвюх важных рэчаў: вашага росту і тыпу пліты. Невысокім людзям зручней верхнія модулі вешаць ніжэй, і прастора паміж шафкамі будзе невялікай.

Важна

Плануючы памеры фартуха, улічыце: ён павінен на некалькі сантыметраў заходзіць пад верхнія/ніжнія шафкі і стальніцу.

Стык паміж фартухом і стальніцай пажадана аздобіць плінтусам і апрацаваць сіліконавым герметыкам. Без яго вада можа зацякаць за падлогавыя шафкі: задняя сценка з ДВП з часам набрыняе і дэфармуецца, а на сцяне вольна разрасцецца грыбок.

Для афармлення фартуха не падыходзяць сітаватыя матэрыялы, напрыклад, неглазураваная плітка пад камень або вінныя коркі. У сітавінах збіраецца вільгаць і тлушч, мыць паверхню нязручна, бактэрыі адчуваюць сябе прывольна.

Ідэальна, калі паверхня будзе гладкая і роўная, без швоў і стыкаў, у якія могуць трапіць вільгаць і бруд.

Як аформіць фартух?

Выбіраючы аздабленне фартуха на кухні, вызначыцеся, якую ролю ён адыграе ў дызайне. Непрыкметнага фону для прыгожага гарнітура? Выбірайце нейтральнае аздабленне ў тон сцен або фасадаў. Інтэр'ер патрабуе яркага акцэнту? Сыграйце на кантрасце і ўсталюйце пано з яркім малюнкам.

Парада

Каб не памыліцца, спачатку вызначыцеся з фасадамі, стальніцай, аздабленнем сцен і падлогі (у ідэале вазьміце ўзоры), а потым вырашайце, якім рабіць фартух.

Незалежна ад матэрыялу самы ўніверсальны колер аздаблення – белы. Ён выдатна спалучаецца з любым кухонным гарнітурам і любымі аздобнымі матэрыяламі. Баіцеся, што цалкам белы фартух занадта сумны? Разбаўце яго яркімі ўстаўкамі з мазаікі, каляровай пліткі і керамічнымі дэкорамі з фотадрукам. Папулярныя і іншыя нейтральныя колеры – малочны, бэжавы, светла-шэры, адценне шампанскага і слановай косці.

Яркае аздабленне абавязкова патрабуе падтрымкі ў інтэр'еры: тэкстылі, абіўцы мэблі, малюнку на шпалерах, аксэсуарах. Кідкі фартух заўсёды ў цэнтры ўвагі і павінен быць ідэальна чыстым – любы бруд будзе кідацца ў вочы.

Калі бюджэт на рамонт кухні абмежаваны, можна набыць недарагі кухонны гарнітур з простымі фасадамі, нейтральныя шпалеры і падлогавае пакрыццё. Затое фартух выбраць даражэйшы і ператварыць яго ва ўпрыгажэнне інтэр'еру.

З чаго зрабіць фартух на кухні?

З керамічнай пліткі

Найлепшы варыянт па суадносінах кошту, якасці, выгады і даўгавечнасці. На фартухах часцей выкарыстоўваюць глазураваную керамічную/кафляную плітку, радзей – тонкі керамаграніт.

Вялікая перавага керамікі – наяўнасць разнастайных па дызайне калекцый на любы густ і кашалёк. Паверхня керамічнага фартуха можа імітаваць тэкстуру дрэва, каменя, металу, скуры, бетону. А значыць, вы атрымаеце стыльны, фактурны, цікавы інтэр'ер за разумныя грошы.

З фотапліткі

Можна абмежавацца фабрычнымі дэкорамі з фотадрукам (знайсці такія можна ў калекцыях большасці буйных вытворцаў пліткі) або зрабіць фотапано на заказ. Большасць плюсоў і мінусаў у гэтага віду аздаблення тыя ж, што і ў звычайнай керамічнай пліткі. Але звярніце ўвагу на некалькі істотных недахопаў:

* цана фартуха з фотапліткі значна вышэйшая за звычайныя калекцыі;

* недарагая фотаплітка з друкам метадам сублімацыі з часам цьмянее і выліньвае на сонцы, а дэколь абыдзецца ўдвая даражэй;

* фабрычныя фотадэкоры больш даўгавечныя, чым вырабленыя па індывідуальным заказе;

* не любіць агрэсіўных мыйных сродкаў, асабліва з абразіўнымі элементамі.

Са шкла

Прыгожае і практычнае аздабленне, якое па многіх уласцівасцях не саступае керамічнай плітцы. Падтрымліваць яго ў чысціні прасцей, чым прынята думаць, а гарачыня і вільгаць ніяк не адаб'юцца на яго вонкавым выглядзе. Для аздаблення фартуха на кухні выкарыстоўваюць трывалае ліставое шкло таўшчынёй 6 і 8 мм са спецыяльнай загартоўкай.

Фартух для кухні са шкла з фотадрукам каштуе значна даражэй за плітку і мазаіку, не кажучы пра пластык. Акрамя кошту вырабу шкляной панэлі, варта закласці яшчэ выдаткі на падгонку і прымерку малюнка, фотапробы, мантаж, выразанне адтулін пад разеткі і рэйлінгі і іншыя невідавочныя неспрактыкаванаму пакупніку паслугі. Мацней за ўсё на цану фартуха паўплываюць таўшчыня, тып, памеры шкла і спосаб нанясення малюнка. Самы бюджэтны варыянт – празрыстая панэль, сцяну за якой можна пафарбаваць альбо абклеіць прыгожымі шпалерамі.

Аліна БЯЛОВА

Працяг матэрыяла чытайце ў лістападаўскім нумары "Алесі".

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.