Вы тут

Як выявіць праблемы са шчытападобнай залозай


Колькасць некаторых захворванняў шчытападобнай залозы прырастае, аднак злаякасных пухлін больш не становіцца.

Для выяўлення праблем у шчытападобнай залозе мы ўсе здаём агульны аналіз крыві, па якім урач мяркуе, ці трэба нам абследавацца далей — рабіць ультрагук залозы і здаваць аналіз крыві на тырэатропны гармон (ТТГ). Дарэчы, калі вы вырашылі абследавацца самастойна, не выкідвайце грошы на вецер — не высвятляйце проста так пералік вялікай колькасці паказчыкаў. Калі з ТТГ і на ўльтрагуку ўсё ў парадку, можна спаць спакойна. Праз два гады ўсё можна паўтарыць.


Сёння ва ўсіх раёнах краіны ёсць магчымасць правядзення ўльтрагукавога даследавання шчытападобнай залозы, у многіх даступнае гарманальнае даследаванне тыроіднага статусу, на абласным узроўні — біяпсія, сцынтыграфія, а ў Рэспубліканскім цэнтры медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння могуць быць выкананы ўсе неабходныя даследаванні ў цяжкіх для дыягностыкі выпадках.

Абавязкова рэкамендуецца абследавацца дзецям, жанчынам, якія плануюць цяжарнасць, і цяжарным. Вузлавая паталогія бывае ў тым ліку ў пажылых, якія не супраць часам самастойна палячыцца ёдавымі прэпаратамі. Аднак рабіць гэта ні ў якім разе нельга! Вузлы тады пачынаюць працаваць больш актыўна, чым сама залоза, узнікае тырэатаксікоз, які вельмі цяжка лечыцца з узростам.

Калі раптам выяўлены вузел, не варта панікаваць. Далёка не ўсе вузлы трэба аперыраваць. Большасць паталогій шчытападобнай залозы лечыцца медыкаментозна. У Брэсцкай вобласці, напрыклад, укараняецца ўжо эндаскапічны метад хірургічнага лячэння дабраякаснай вузлавой паталогіі шчытападобнай залозы — ён мае добры касметалагічны эфект, дазваляе не мець рубцоў на шыі, адзначае намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Вольга САЛКО.

Аперацыі праводзяцца на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Пры неабходнасці пацыента накіроўваюць у Рэспубліканскі цэнтр пухлін шчытападобнай залозы, размешчаны на базе Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера, або ў аддзяленне эндакрыннай хірургіі РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. Пацыенты з дыфузным таксічным валляком атрымліваюць лячэнне радыеактыўным ёдам у дзвюх установах — Мінскім гарадскім онкадыспансеры і Гомельскім абласным клінічным анкалагічным дыспансеры.

Наша краіна адносіцца да эндэмічнай зоны па дэфіцыце ёду, таму ў нас заўсёды асаблівая ўвага ўдзялялася праблеме паталогіі шчытападобнай залозы, асабліва эндэмічнаму валляку. Найбольш актуальнай розная паталогія шчытападобнай залозы стала пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, калі было праведзена вельмі шмат скрынінгавых даследаванняў па выяўленні захворванняў гэтага органа, у тым ліку раку.

Асноўныя праблемы са шчытападобнай залозай звязаны з дэфіцытам або лішкам ёду ў арганізме, а таму важна наладзіць адпаведным чынам харчаванне. У першую чаргу ўжываць морапрадукты, марскую капусту, наогул, гатовыя прадукты айчыннай вытворчасці — усе яны выпускаюцца з ёдаванай соллю. З 2000-х у Беларусі аднавілася работа па ліквідацыі дэфіцыту ёду з выкарыстаннем найбольш эфектыўных метадаў масавай прафілактыкі. Паводле ацэнкі міжнародных экспертаў, ёдаваная соль мае значныя перавагі для такога кшталту прафілактыкі, бо практычна ўсе выкарыстоўваюць соль рэгулярна і прыкладна ў адной і той жа колькасці. Якасць такога прадукту лёгка кантраляваць на ўсіх этапах вытворчасці і паставак, продажу і спажывання. Даступнасць ёдаванай солі дазволіла нам усім атрымліваць з ежай дастатковую колькасць гэтага элементу. І гэта прывяло да змяншэння колькасці новых выпадкаў і вузлавога, і эндэмічнага валляку. Аднак колькасць пацыентаў з набытым гіпатырэозам вырасла за 2000—2015 гады больш як у сем разоў. Адзначаўся і рост у два разы захваральнасці на аўтаімунны тыраідыт.

— Аўтаімунныя захворванні шчытападобнай залозы маюць шмат прычын, пачынаючы ад уздзеяння шкоднага наваколля і заканчваючы ўжываннем ежы з вялікай колькасцю нітратаў, — кажа Вольга Салко. — Для таго каб выявіць паталогію як мага раней, неабходна абследавацца і быць уважлівымі да свайго самаадчування. Стан здароўя залозы можа абумовіць праблемы з сардэчным рытмам, выклікаць мігальную арытмію, перашкаджае дабівацца аптымальных лічбаў ціску пры артэрыяльнай гіпертэнзіі. Раздражняльнасць, плаксівасць, санлівасць, патлівасць таксама павінны насцярожыць.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вельмі важны гармон

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».