Вы тут

Калі спорт ператварыўся ў інструмент палітыкі


Або быў такі заўсёды?

На мінулым тыдні ў інфармацыйныя стужкі сусветных сродкаў масавай інфармацыі ўварвалася гучная навіна — Расія адхілена ад удзелу ў зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 года. Алімпійскі камітэт гэтай краіны пакараны з-за масавых парушэнняў антыдопінгавых правілаў, але «чыстыя» спартсмены ўсё ж такі змогуць выступіць на Гульнях, праўда, толькі пад нейтральным сцягам. Грамадскасць захліснула маса меркаванняў, заяў, здагадак, шуміха не заканчваецца і сёння.


У гісторыі алімпійскага руху такое здарылася ўпершыню (каб краіну адхілілі з-за допінгу), хоць усе ведаюць, што выпадкі, калі адразу цэлыя дзяржавы не ўдзельнічалі ў самых маштабных спартыўных спаборніцтвах свету, ужо бывалі, праўда, прычыны таму часцей за ўсё насілі палітычны характар. Сёння ўспамінаем самыя яркія і маштабныя байкоты і скандалы ў гісторыі алімпійскага руху.


Публічная дэманстрацыя палітычнага пратэсту была ўласціва Алімпійскім гульням фактычна першапачаткова. А вось першы свядома арганізаваны байкот па ініцыятыве Міжнароднага алімпійскага камітэта адбыўся напярэдадні Алімпіяды ў Антверпене ў 1920 годзе. Па афіцыйна абвешчаных палітычных матывах — у якасці пакарання за развязванне Першай сусветнай вайны — на Алімпіяду не былі запрошаныя спартсмены Германіі і яе краін-саюзніц. Не было ў Антверпене і спартсменаў з Савецкай Расіі — МАК, несумненна, па палітычных прычынах, не задаволіў заяўку Усевобуча (усеагульнае ваеннае навучанне) аб допуску дэлегацыі на Гульні.

У ходзе падрыхтоўкі да наступных Алімпійскіх гульняў у Парыжы ў студзені 1924 года пры пасрэдніцтве Французскага працоўнага спартыўна-гімнастычнага саюза аргкамітэт парыжскай Алімпіяды перадаў у Вышэйшы савет па фізічнай культуры РСФСР афіцыйнае запрашэнне СССР на Гульні. Аднак гэтым разам адмова паступіла ўжо з расійскага боку: РСФСР палічыла непрымальнай падобную — праз пасрэдніка — форму адносін з алімпійскім рухам. Аналагічныя беспаспяховыя спробы прыцягнення савецкіх спартсменаў да ўдзелу ў алімпійскім руху рабіліся з боку некаторых НАКаў і іншых спартыўных арганізацый і пазней — напярэдадні Х Алімпіяды ў Лос-Анджэлесе і Гульняў 1940 года, якія не адбыліся з-за вайны. У выніку савецкі спорт быў прадстаўлены толькі на ХV Алімпійскіх гульнях 1952 года ў Хельсінкі.


Алімпійскія гульні ў Мехіка 1968 года запомніліся студэнцкімі байкотамі. За дзесяць дзён да старту на плошчу Трох Культур выйшлі 15 тысяч чалавек. Асноўным лозунгам дэманстрантаў быў «Мы не хочам Алімпіяды, мы хочам рэвалюцыі!» Улады ўвялі ў сталіцу войскі, правялі масавыя арышты і ўжылі празмерную сілу для разгону натоўпу. Ніякіх санкцый з боку МАК не было, арганізацыя заявіла, што ўсё тое, што адбылося — унутраная справа Мексікі.

Таксама Гульні ў Мехіка адзначыліся байкотамі асобных спартсменаў.


Мюнхенская Алімпіяда 1972 года працягнула сумную эстафету байкотаў: тады на цырымонію ўзнагароджання дэманстратыўна не выйшла зборная ЗША па баскетболе, якая прайграла фінал зборнай СССР. Пасля гульні амерыканская зборная падала афіцыйны пратэст на дзеянні суддзяў (а менавіта: на даданне трох секундаў пасля паўторнага запуску табло, у якія, дарэчы, беларус Іван Ядэшка прынёс «золата» Савецкаму Саюзу).

Цырымонія ўзнагароджання тройчы адкладалася, у выніку каманда СССР атрымала медалі праз суткі пасля матча ў гандбольнай зале і без балельшчыкаў. Сярэбраныя ўзнагароды ЗША цяпер захоўваюцца ў адным з банкаў (па іншых звестках, у галоўным офісе МАК) у Лазане. А капітан баскетбольнай зборнай ЗША Кені Дэвіс нават напісаў у завяшчанні, каб ніхто з нашчадкаў ніколі не згаджаўся на атрыманне гэтага яго медаля.

Акрамя таго, у Мюнхене быў здзейснены тэрарыстычны акт супраць зборнай Ізраіля. Пасля гэтага частка СМІ і грамадскасці стала патрабаваць спыніць Алімпіяду ў знак жалобы па ахвярах тэракта, але МАК прыняў рашэнне, што спыненне Гульняў будзе азначаць перамогу тэрарыстаў і знакам, што ім удалося сарваць Гульні. Таму было вырашана абмежавацца толькі правядзеннем жалобнай цырымоніі ў алімпійскай вёсцы і памінальнай службай на галоўным стадыёне, а ўжо на наступны дзень Алімпійскія гульні працягнуліся.

Сярод 122 сцягоў краін-удзельніц на стадыёне быў прыспушчаны толькі сцяг Ізраіля, а самі ізраільскія алімпійцы, не робячы ніякіх гучных заяў, ноччу пакінулі Германію і вярнуліся дадому. Гульні таксама пакінулі некаторыя спартсмены з Алжыра, Нідэрландаў, Філіпін і ЗША.


На 80-я гады ХХ стагоддзя прыйшоўся пік палітычнага супрацьстаяння ў ходзе халоднай вайны, што не проста адбілася на Алімпіядзе ў Маскве і Лос-Анджэлесе, гэтыя Гульні адзначыліся самымі гучнымі і шматлікімі байкотамі за ўсю гісторыю алімпійскага руху.

Ідэя байкоту ў знак пратэсту супраць уводу савецкіх войскаў у Афганістан у снежні 1979 года нарадзілася на сустрэчы НАТА. Пазней прэзідэнт ЗША Джымі Картэр выказаўся за прыпыненне сувязяў з СССР і прапанаваў МАК перанесці Алімпіяду ў іншую краіну. МАК адхіліў гэтую ідэю. Дачакаўшыся нармальнага завяршэння гульняў зімовай Алімпіяды ў амерыканскім Лэйк-Плэсідзе, Джымі Картэр выставіў Савецкаму Саюзу ўльтыматум: калі савецкая армія да 20 лютага не пакіне Афганістан, ЗША будуць байкатаваць маючыя адбыцца ў Маскве летнія Гульні. Як вядома, ультыматум быў праігнараваны.

Увогуле маскоўскую Алімпіяду-80 у той ці іншай форме байкатавалі спартсмены з 64 дзяржаў, праўда, пэўная іх частка з эканамічных, а не палітычных прычын, а, напрыклад, Іран, Мазамбік і Катар проста не былі запрошаныя МАК. Урады Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Іспаніі дазволілі сваім Алімпійскім камітэтам самастойна прымаць рашэнні аб удзеле ў Алімпіядзе. У выніку большасць спартсменаў са згаданых краін на Гульні ўсё ж такі прыехалі ў індывідуальным парадку.

На цырымоніі адкрыцця і закрыцця Алімпіяды 16 зборных ішлі не пад нацыянальнымі сцягамі, а пад алімпійскім. Пры ўручэнні медалёў атлетам з гэтых краін гучалі не нацыянальныя гімны, а алімпійскі гімн.


Летнія Алімпійскія гульні 1984 года ў Лос-Анджэлесе байкатаваліся ўсімі краінамі сацыялістычнага лагера (акрамя Румыніі, Югаславіі і КНР). Афіцыйнай прычынай стала адмова арганізатараў Алімпіяды-84 даць гарантыі бяспекі спартсменам з СССР і іншых краін Варшаўскага пагаднення.

Тагачасны прэзідэнт МАК Хуан Антоніа Самаранч актыўна спрабаваў пераканаць савецкае кіраўніцтва змяніць сваё рашэнне, але не дасягнуў поспеху.

Адначасова з паведамленнем аб рашэнні СССР байкатаваць Гульні было абвешчана аб правядзенні ў дзевяці краінах сацблока міжнародных спаборніцтваў «Дружба-84». Спаборніцтвы праводзіліся па ўсіх алімпійскіх відах спорту, акрамя футбола і сінхроннага плавання, а таксама па трох неалімпійскіх відах — самба, тэнісе і настольным тэнісе. У «Дружбе-84» прынялі ўдзел спартсмены больш чым з 50 краін, як тыя, хто байкатаваў Гульні ў Лос-Анджэлесе, так і тыя, хто не выступаў з пратэстам. На турніры было ўсталявана некалькі дзясяткаў сусветных рэкордаў.

У выніку двух узаемных байкотаў Алімпійскіх гульняў з боку СССР і ЗША тагачасным прэзідэнтам МАК Самаранчам былі ўнесены дадатковыя артыкулы аб сур'ёзных санкцыях у дачыненні да НАК краіны, якая паспрабуе выступіць з байкотам. Такі ўчынак можа пагражаць дыскваліфікацыяй адпаведнай зборнай на адну або некалькі будучых Алімпіяд.


У Алімпіядзе 2000 года ў Сіднеі прынялі ўдзел усе члены МАК — за выключэннем Афганістана, які байкатаваў Гульні. Тэакратычны рэжым Талібану забараніў спорт увогуле, ліквідаваў НАК краіны і адхіліў запрашэнне МАК. Прысутнасць спартсменаў-афганцаў стала немагчымая.



Да тэмы

Пад нейтральным сцягам звычайна разумеюць алімпійскі сцяг, які ўпершыню быў узняты на Алімпіядзе-1924 у Антверпене. Сёння ўдзел спартсменаў пад сцягам МАК практыкуецца ў двух выпадках: калі краіна знаходзіцца ў працэсе станаўлення або калі НАК краіны часова выключаны са складу МАК за тыя ці іншыя парушэнні. Па першай прычыне ў Сіднеі-2000 выступілі нейтральныя спартсмены з Усходняга Тымора, у Лондане-2012 — з Паўднёвага Судана і Нідэрландскіх Антыльскіх астравоў. Другая прычына ў розныя гады замінала апрануцца ў нацыянальныя колеры алімпійцам з Кувейта, Эквадора, Індыі і Шры-Ланкі. А на Алімпіядзе-2016 у Рыа-дэ-Жанэйра выступіла асобная зборная бежанцаў — таксама пад алімпійскім сцягам.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?