Вы тут

Як атрымаць прафесійную музычную адукацыю ў Беларусі?


У гэтыя дні віншаванні прымае Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі. Але папраўдзе віншаваць трэба ўсіх тых, хто любіць хадзіць на канцэрты: да гэтага юбілею прымеркаваны шэраг выступленняў замежных і айчынных выдатных музыкантаў. Фактычна ўся снежаньская афіша музычных імпрэз натхнёная гэтым святам. Яго могуць лічыць сваім выкладчыкі і студэнты, выпускнікі і партнёры, якіх вельмі шмат у акадэміі музыкі ў розных кутках свету. І нават тыя, хто яшчэ толькі марыць прыйсці ў гэтыя сцены ў якасці навучэнца. З думкай пра іх існуе і музычная навука, таму падчас Міжнароднай навуковай канферэнцыі ў гэтыя дні абмяркоўвалі актуальную тэму «Прафесійная музычная адукацыя на сучасным этапе: традыцыі і навацыі. Да 85-годдзя Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі».


Рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Кацярына Дулава ўдакладняе:

— Архіўныя матэрыялы даюць інфармацыю пра больш ранні перыяд утварэння кансерваторыі: указ, датаваны 1925 годам, сведчыў, што было прынята рашэнне аб стварэнні Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. А ўжо сам факт адкрыцця і пачатак функцыянавання ўстановы датуецца 1932 годам. Мяркую, што яшчэ да пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя было ўяўленне аб неабходнасці стварэння сістэмы прафесійнай музычнай адукацыі ў Беларусі.

Зараз мы можам доказна гаварыць пра тое, наколькі разнастайным і цікавым было культурнае і тэатральнае жыццё ў нашай краіне ў розныя перыяды яе гісторыі: у ВКЛ ці Рэчы Паспалітай, падчас знаходжання ў межах Расійскай імперыі, у гады існавання сучаснай беларускай дзяржавы.

І раней былі ўстановы адукацыі, якія адначасова выконвалі функцыю культурных цэнтраў: калегіумы, музычныя тэхнікумы ў Віцебску, Мінску, Магілёве. Гэта аcобная тэма: наяўнасць падрыхтоўчага этапу, стварэнне музычнага асяроддзя, таго ж Беларускага музычнага таварыства. Адметны сам факт, што ў няпростыя часы, калі толькі ішло станаўленне эканомікі новай дзяржавы, думкі, у тым ліку дзяржаўных людзей, былі звязаны з культурай.

...Важнай акалічнасцю ў гэтым працэсе стала запрашэнне выдатных дзеячаў савецкай — расійскай — музычнай культуры і адукацыі для таго, каб выхоўваць нашы нацыянальныя кадры. Сёння мы ганарымся, што многія з вядучых прафесараў Беларускай акадэміі музыкі былі першымі вучнямі выдатных дзеячаў Санкт-Пецярбургскай, Маскоўскай кансерваторый, такіх, як вучань Рымскага-Корсакава Васіль Залатароў. Пазней з'явілася практыка навучання найлепшых выпускнікоў нашай школы пры кансерваторыі ў вядучых ВНУ Расіі, каб яны потым вярталіся і выхоўвалі наступнае пакаленне беларускіх музыкантаў.

Падыход быў акадэмічны, але, з другога боку, у нас адкрыўся адзін з вядучых кірункаў — факультэт народных інструментаў: ён развіваецца, і цікавасць студэнтаў да спецыяльнасцяў, звязаных з народным выкананнем, не згасае. Тады ж прыходзілі працаваць выдатныя майстры, самародкі, як тыя ж Жыновіч ці Жыхараў...

У цяперашні час па кожнай спецыяльнасці ў нас ёсць не проста майстар, а яго творчая школа. Гэта самы лепшы варыянт развіцця выканальніцкага кірунку, калі ёсць выдатны педагог (напрыклад, піяніст, скрыпач), які вядзе сваіх вучняў і перадае ім майстэрства: як здабываць гук, як інтэрпрэтаваць твор або той ці іншы стылявы кірунак. Таму нармальным з'яўляецца пытанне: «У каго ты вучыўся?»... Адзначаю піетэт, што існуе ў нашых выхаванцаў у адносінах да педагога, які падчас вучобы становіцца блізкім чалавекам...

Але за апошнія 3—4 гады больш за 20 чалавек з ліку нашых выпускнікоў працаўладкаваны ў Акадэміі музыкі. Ужо можна казаць, што мы фарміруем уласныя адукацыйныя традыцыі.

Сёння з задавальненнем магу гаварыць пра фартэпіянную школу, якую фарміруюць Ігар Алоўнікаў, Юрый Гільдзюк, Уладзімір Дулаў, Уладзімір Няхаенка. У нас працуе Ніна Шарубіна, якая вядзе вакальную справу. Ёсць школа харавога майстэрства, якую стварыў Віктар Роўда і традыцыі якой працягвае загадчык кафедры харавога дырыжыравання Інэса Бадзяка, школа выканання на духавых інструментах на чале з прафесарамі М. М. Волкавым, У. П. Скараходавым, Б. У. Нічковым, школа спеваў, найстарэйшым прадстаўніком якой з'яўляецца народная артыстка СССР, прафесар Т. М. Ніжнікава, школа выкананне на беларускіх цымбалах, заснаваная І. І. Жыновічам, традыцыі якога плённа развівае сёння народны артыст Беларусі, прафесар Я. П. Гладкоў, і многія іншыя.

Для аматараў музыкі цікавы сённяшні дзень айчыннага мастацтва, тыя, хто прыйдзе на змену майстрам. Але тут майстэрства набываюць нават у маладосці, сведчанне гэтага — юбілейная афіша, сярод імёнаў — лаўрэаты міжнародных конкурсаў. Нашы музыканты. Зоркі!..

Поўную версію інтэрв'ю з Кацярынай Дулавай чытайце ў газеце «ЛіМ».

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пад фанфары

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.