21 Верасень, пятніца

Вы тут

Дызайнер Віталь Орцюх: Спыніўся на тэматыцы слуцкіх паясоў


Біятланісты змянілі касцюмы, але чаму мы так і не ўбачылі іх галоўную «разыначку»?

У сёлетнім сезоне беларускія страляючыя лыжнікі паўсталі перад грамадскасцю ў нечаканых колерах — цяпер нашых спартсменаў на трасе можна ідэнтыфікаваць па камбінезонах васільковага колеру. Стваральнікам такіх касцюмаў выступіў беларускі дызайнер Віталь Орцюх, да гэтага яго работы — лагатыпы, знакі, фірмовыя стылі — можна было ўбачыць падчас чэмпіянату свету па футзале 2015, чэмпіянату Еўропы па канькабежным спорце 2016, на пластыкавых картках самага буйнога банка краіны і ў многіх іншых сферах (іх можна паглядзець на сайце дызайнера vіtаlіkа.bу). Сёння ён расказвае, чаму абраў менавіта такі колер для формы нашых спартсменаў, што лягло ў аснову арнаменту, намаляванага на камбінезонах, і якія тэндэнцыі дыктуюць моду ў сучасным біятлоне.


У складзеным выглядзе форма змесціцца ў звычайным паштовым канверце

Віталь пачынае свой расказ пра вялікую справу, адзначаючы, што прапанову папрацаваць над стварэннем формы для нашых біятланістаў успрыняў, як велізарную ўдачу.

— Рэдка выпадае магчымасць зрабіць штосьці значнае для аднаго з маіх любімых відаў спорту. Кожны сезон сачу за гонкамі, адзначаю, якая форма, чаму мне падабаецца. Як, напэўна, кожны дызайнер, думаў: «Вось бы мне даручылі такую справу, я б зрабіў яшчэ лепш!» І вось у мінулым сезоне мне раптам паступіла такая прапанова. Было нечакана, але я ні імгнення не сумняваўся і ўзяўся за работу. Распрацаваў эскіз, ён спадабаўся, але аказалася, што форма для спартсменаў ужо пашытая, а мая задача толькі ў тым, каб размясціць на ёй лагатыпы спонсараў і неяк надаць нацыянальны каларыт. Зрэшты, мы пастараліся зрабіць усё магчымае і ў гэтай сітуацыі.

Эскізы і ідэі засталіся. Сёлета Віталю прапанавалі зрабіць форму ўжо з нуля. З боку федэрацыі было толькі адно пажаданне: яна не павінна быць абавязкова зялёнага або чырвонага колеру, пажадана выкарыстаць васільковы.

— Такое лаканічнае тэхзаданне мяне парадавала. Вопыт дызайну ў спартыўнай сферы ўжо быў. Вынік спадабаўся, ды і ўвесь працэс стварэння таксама. Сітуацыя з біятлоннай формай склалася па-іншаму. Пасля зацвярджэння праекта ён стаў жыць сваім жыццём, яго адаслалі ў выглядзе малюнка вытворцам у Маскву, а што з ім там адбывалася, я і не ведаў. Часам, з вялікімі прамежкамі, ад іх даходзілі рэдкія просьбы: выслаць арнамент у вектары, беларускі сцяг, апісанне колераў. Упершыню я ўбачыў форму, калі яна ўжо была гатовая і прыбыла ў Мінск літаральна за тыдзень да старту біятлоннага сезона.

Віталь не хавае, што першыя ўражанні ад яе выгляду засталіся неадназначныя.

— Першае, што мяне ўразіла, гэта яе памер: у складзеным выглядзе форма была нерэальна маленькая. Здаецца, яна магла б змясціцца ў звычайным паштовым канверце. Тканіна вельмі эластычная, тонкая, але ў той жа час досыць цёплая. Аднак гэта было адзінае прыемнае здзіўленне. На вытворчасці некаторыя элементы спрасцілі, а некаторыя і зусім выдалілі.

Выбар адзення на новы сезон — вялікая латарэя

Дызайнер адзначае, што заўсёды адсочваў тэндэнцыі ў сусветным біятлоне. У мінулым сезоне яму больш за астатняе падабалася адзенне французскіх біятланістаў.

— Яны выкарыстоўвалі такі дзіўны колер, нейкі прыглушаны, складаны сіне-зялёны, не яркі, але з першага погляду ён адрозніваўся ад усіх іншых. Многія спрабавалі вылучыцца, таму шылі яркую форму, а французы зрабілі ўсё вельмі стрымана і цэласна. Колер не меў дачынення да французскага сцяга, але адзін у адзін супадаў з колерам плашак з прозвішчамі біятланістаў, якія паказваюць унізе экрана падчас тэлевізійнай трансляцыі. Таму карцінка з французамі на экране выглядала гарманічна і эстэтычна. Дарэчы, сёлета яны выступаюць у той жа самай форме. Павінен адзначыць, што яшчэ некалькі зборных засталіся ў леташніх касцюмах: амерыканцы, палякі. Наогул, выбар формы на новы сезон — вялікая латарэя, бо ў якім адзенні будуць іншыя каманды, ніхто не ведае. Сёлета большасць каманд аказалася ў сіне-блакітным, мы ў іх ліку. Шчаслівы квіток выцягнулі шведы: іх роўна-жоўтыя камбінезоны нельга не заўважыць, а нашы ад іншых «сініх» адрозніваюцца светлымі каленямі і локцямі.

Ідэя з арнаментам была на паверхні, Віталь адзначае, што нават напружвацца не прыйшлося.

— Арнамент, вышыванка — гэта цяперашні трэнд. Але ж не хацелася проста выкарыстоўваць геаметрычны ўзор, падобны на арнамент са сцяга, гэта мне здавалася занадта ўжо прамалінейна. Хацелася чагосьці вытанчанага. Спыніўся на тэматыцы слуцкіх паясоў — нашага несумнеўнага культурнага багацця. Пачытаў, паглядзеў, вывучыў — і ўжыў іх прынцыпы і рэальныя ўзоры на форме. Арнаментальныя палосы змаляваў з пояса, які захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук. Мне спадабалася на гэтым поясе чаргаванне палос геаметрычнага і расліннага арнаменту і прысутнасць у арнаменце васілька. Бо менавіта гэтая кветка, па вобразным выразе Максіма Багдановіча, стала тым элементам, які ператварыў першапачатковыя персідскія вырабы ў наш нацыянальны здабытак. Васільковы колер, як я ўжо казаў, вызначыў старшыня Федэрацыі. І вельмі дарэчы. Мне прыйшла гэтая думка падчас прагляду індывідуальнай гонкі на першым этапе Кубка свету. Убачыў касцюм балгарскай зборнай, які, па ідэі, мог бы быць і нашым, калі б не ўстаноўка адысці ад колеру сцяга. А ўявіце, які быў бы канфуз, калі б беларусы і балгары выступалі ў аднолькавых камбінезонах...

Дызайнер расказвае, што наогул з'яўляецца прыхільнікам ідэі, каб прадстаўнікоў усіх відаў спорту адной краіны апранаць прыкладна ў аднолькавыя касцюмы.

— Гэта спросціць жыццё балельшчыкам. Бліжэй за ўсіх да гэтага падышлі італьянцы: іх спартсмены часцей за ўсё выступаюць у ярка-сінім. Скуадра Адзура — блакітная эскадра. Галандцы звычайна ў аранжавым у гонар каралеўскай дынастыі. Было б выдатна і нашай краіне заснаваць падобную традыцыю.

Думаў толькі аб адным, каб зрабіць адзенне, годнае нашых спартсменаў

Віталь кажа, што, ствараючы форму блакітнага колеру, не баяўся сутыкнуцца з крытыкай.

— Я турбаваўся толькі пра тое, каб нашы касцюмы не аказаліся падобнымі на шведскія. Але, на шчасце, шведы сваімі жоўтымі камбінезонамі знялі гэтыя пытанні. З нагоды крытыкі: сцішваю сябе прымаўкай: «У бясплоднае дрэва палкі не кідаюць». Даўно зразумеў: што б ты ні зрабіў — заўсёды будуць незадаволеныя. Думаў толькі аб адным: каб зрабіць форму так, як я яе сабе ўяўляю, каб зрабіць яе годнай нашых спартсменаў, каб выказаць у ёй усё сваё захапленне і павагу да іх. Хацелася, каб у нашых біятланістаў была не проста спартыўная форма, а натхнёная творчай энергіяй сіла продкаў і роднай зямлі.

Акрамя ўзораў са слуцкага пояса, на нашай форме выкарыстаны і ромбападобны арнамент, які нагадвае вышыўку крыжыкам.

— Ім аформлены каўнер і манжэты. Гэта зроблена ў традыцыях нашых продкаў, якія афармлялі такой вышыўкай краі адзення, каб пад яго не праніклі злыя духі. Спадзяюся, нашых спартсменаў гэта таксама захавае ад злога вока і іншых непрыемнасцяў.

Майстар кажа, што яшчэ ў працэсе стварэння формы быў гатовы да пытання пра тое, што на адзенні, якое носяць дзяўчаты, кветачкі — гэта добра, а вось на мужчынскай форме...

— Насіць слуцкія паясы мелі права толькі мужчыны. Больш за тое, жанчын не дапускалі нават да працэсу іх вытворчасці. Максім Багдановіч даў волю паэтычнай фантазіі, апяваючы слуцкіх ткачых, якіх на самай справе не было. Таму яшчэ вялікае пытанне, на кім гэтыя кветачкі больш дарэчныя.

Пры стварэнні камбінезона трэба ўлічыць галоўны момант — неабходна, каб біятлонная форма была перш за ўсё зручнай для саміх спартсменаў.

— Я адказваў толькі за знешняе афармленне, пра тэхналагічны бок клапаціліся вытворцы. Пры першым поглядзе на гатовую форму мяне здзівіла, што на локцях і верхняй частцы рукавоў няма спецыяльных пупырышак, якія памяншаюць слізгаценне. Звычайна яны робяцца празрыстымі і падобнымі на бурбалкі ва ўпаковачнай плёнцы. Калі падчас індывідуальнай гонкі Надзея Скардзіна заслужана часта трапляла на экран буйным планам, можна было бачыць, што на локцях яе касцюма па-над графікай нанесеныя цёмныя кропкі. Гэта значыць спартсменам прыйшлося дапрацоўваць форму самастойна? І яшчэ адна памылка выявілася падчас гонак. Калі мне перад пачаткам работы для прыкладу далі фатаграфіі нашай маладой біятланісткі ў форме, куртка ў яе была надзетая навыпуск. Я зыходзіў з таго, што так спартсмены яе і носяць. Менавіта на гэтай частцы курткі, якая павінна быць бачная з-пад камізэлькі з нумарам, і размяшчаўся галоўны элемент усяго касцюма, так званая «галава» слуцкага пояса з вялікім арнаментальным букетам. Меркавалася, што выглядаць гэта будзе так, як быццам з-пад камізэлькі сапраўды звісае край пояса. Гэта было галоўнай «разыначкай» майго праекта, але аказалася, што ніхто з спартсменаў не носіць куртку навыпуск. Такім чынам, атрымалася, што самая прыгожая, самая каштоўная частка афармлення касцюма засталася схаванай пад камізэлькай і штанамі. І гэта прыгажосць засталася ўнутраным зместам нашых спартсменаў, іх асабістым багаццем, якое не выстаўляецца напаказ.

Заўсёды сустракаю і развітваюся са сваёй зімой не па календары, а па біятлонным сезоне. Мая зіма звычайна доўжыцца ад Эстэрсунда да Ханты-Мансійска (у гэтым сезоне — да Цюмені). А яшчэ, біятлон — гэта вельмі прыгожа! Ён мне нагадвае адну рэч — маляўнічы, яркі і вясёлы калейдаскоп. Яго можна павольна паварочваць, і тады малюнак паступова мяняецца. А калі страсянуць — мяняецца да непазнавальнасці. Так і ў біятлоне: падчас бегу сітуацыя мяняецца павольна і паступова, а пасля стральбы — можа змяніцца да непазнавальнасці. І васільковыя касцюмы са светлымі каленямі апынуцца раптам далёка наперадзе ўсіх астатніх, шэра-бура-малінавых!

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!