Вы тут

Галоўныя выклікі аўтамабільнага 2018 года


Адыходзячы аўтагод стаў даволі насычаным як для Беларусі, так і для свету ў цэлым. Змяніліся пакаленні дзясяткаў як бюджэтных, так і прэміяльных мадэляў, умацаваліся пазіцыі недарагіх аўтамабіляў на рынку, што зноў паказала на нізкую плацежаздольнасць пакупнікоў. Вядома, запрацаваў доўгачаканы завод «БелДжы», з'явіўся вельмі цікавы беларускі красовер — увогуле, падзеямі год дакладна не абдзелены. Затое да 2018-га ёсць некалькі пытанняў, тры самыя важныя з якіх сфармуляваў журналіст «Звязды».


Што будзе з Gееlу?

Фота БЕЛТА.

Напэўна, гэта адно з галоўных пытанняў у аўтасферы Беларусі. Нагадаем, што ў лістападзе бягучага года адбылося ўрачыстае адкрыццё новага завода СЗАТ «БелДжы», у мерапрыемстве прыняў удзел і Аляксандр Лукашэнка. У 2018 годзе плануецца выйсці на новы ўзровень лакалізацыі дэталяў — калі зараз ён складае крыху больш за 31%, то налета павінен быць больш за 52%. Гэта значыць пярэдні і задні масты, колавыя дыскі, сістэмы АBS і ЕSР, а таксама сядзенні будуць беларускай зборкі, што
з'яўляецца цалкам дасягальным паказчыкам, аднак далёка не самым істотным.

Плануецца, што ў 2018-м з канвеера сыдуць 25 тысяч аўтамабіляў — каля 22 тысяч пойдзе на Расію, астатнія некалькі тысяч — на продаж у Беларусі. У будучыні плануецца павялічыць магутнасці да 120 тысяч. Каб прадпрыемства было рэнтабельным, трэба прадаваць як мінімум 35 тысяч аўто за год. Больш за тое, завод будзе вырабляць аўтамабілі Gееlу ў асноўным для расійскага рынку. І вось тут узнікае сур'ёзнае пытанне.

А наколькі рэальныя такія планы? Бо, як вядома, попыт нараджае прапанову. Паспрабуем адсачыць па той жа Расійскай Федэрацыі. У 2017 годзе самай папулярнай кітайскай маркай стаў Lіfаn. Па даных аналітычнага агенцтва «Аўтастат», за мінулыя 10 месяцаў гэтага года прадалі 13 094 аўто брэнда. Другое месца — Сhеrу, кампанія рэалізавала 4692 аўтамабілі, адставанне ад лідара проста велізарнае. А вось на трэцім месцы — якраз Gееlу з паказчыкам у 1872 машыны.

Больш за тое, агенцтва адзначае, што продажы Gееlу ў Расіі ў параўнанні з 2016 годам упалі на 53,4%. Інакш кажучы, для поўнага выканання плана беларуска-кітайскай кампаніі трэба будзе прадаць 22 тысячы аўтамабіляў у Расійскай Федэрацыі, а гэта значыць — павялічыць цяперашні паказчык больш чым у 11 разоў. Сцвярджаецца, што ў прадпрыемства ёсць дакладная бізнес-стратэгія, якая дазволіць дамагчыся гэтага. Праз 12 месяцаў убачым.

Як зменіцца беларускае заканадаўства?

Яшчэ з верасня 2017 года дэпутаты сталі абмяркоўваць магчымыя змены ў заканадаўстве ў аўтамабільнай сферы. Нагодай сталі скаргі людзей, якія сфармуляваны дастаткова выразна. Першае — ёсць аўтаўладальнікі, якія двойчы на год плацяць дарожны падатак пры праходжанні тэхагляду, напрыклад таксісты. Ёсць жа ўладальнікі новых машын, якія плацяць пошліну адзін раз на два гады, але адразу ў двухразовым памеры. Акрамя таго, усе плацяць аднолькава, нягледзячы на адлегласці, якія праязджае кіроўца. Прынцып несправядлівы.

Другая прэтэнзія заключаецца ў наступным: чалавек ездзіць на машыне, праходзіць тэхагляд і плаціць дзяржпошліну, а калі ён яе прадасць, то новы ўладальнік абавязаны будзе прайсці і выплаціць усё нанова, нават калі папярэдні зрабіў гэта за тыдзень да яго. Сутнасць у тым, што падатак прывязваецца да ўладальніка, а не да аўто.

Трагедыя каля сталічнага гандлёвага цэнтра, калі пад коламі грузавіка загінула дзіця, абвастрыла сітуацыю. Стала вядома, што той аўтамабіль ужо два гады як не праходзіў тэхагляд. Пазней з'явілася сур'ёзная лічба: амаль палова аўтамабіляў у Беларусі ездзіць без тэхагляду. Чаму? Танней заплаціць штраф, чым дзяржпошліну.

У 2018 годзе гэтае пытанне плануецца вырашыць канчаткова. Дэпутаты ўжо працуюць над праектам указа, згодна з якім дзяржпошліну могуць замяніць на транспартны збор з магчымасцю памесячнай аплаты. Чакаем.

Электрычнасць рэальна заменіць паліва?

Новы 2018 год пакажа, наколькі жыццяздольная ідэя электрамабіляў. Чаму можна зрабіць такую выснову? Ёсць галоўная прычына — сталі прыходзіць трывожныя навіны пра кампанію Tеslа.

Нагадаем, гэтая арганізацыя ў 2006 годзе прадставіла аўтамабіль Mоdеl S, які карэнным чынам змяніў уяўленне аб электрамабілях. Пакуль найбуйнейшыя аўтагіганты распрацоўвалі тэхналагічныя маторы і старанна скарачалі расход паліва, Tеslа паказала аўтамабіль, які ў залежнасці ад камплектацыі і электрычнага сілавога агрэгата можа праехаць на адной зарадцы больш за 600 кіламетраў. Дзівосная лічба, таксама як і паказчык разгону да 100 кіламетраў за гадзіну. У максімальнай камплектацыі такі аўтамабіль можа пераадолець гэтую адзнаку за 2,7 секунды. Такім чынам звычайны электрычны седан стаў у адзін шэраг з суперкарамі. Неймаверна!

Пасля гэтага многія аўтамабільныя карпарацыі пачалі работу над уласнымі электрамабілямі — і сёння на рынку нават ёсць з чаго выбіраць. Але праблема ў тым, што электрамабілі да гэтага часу застаюцца недаступнымі не толькі для большасці беларусаў, але і для многіх кіроўцаў у свеце, паколькі цэны вельмі высокія. Так, ёсць варыянты ад іншых кампаній — напрыклад Fоrd і Nіssаn — і кошты даволі сярэднія, але ў іх ёсць вялікая праблема — ёмістасць акумулятараў дазваляе праязджаць 100—150 кіламетраў максімум. Гэта значыць, каб даехаць з Мінска ў Брэст, трэба зарадзіць аўто тры разы — каму і навошта гэта трэба?

Што да трывожных навін пра Tеslа, то іх некалькі. Першая — агенцтва Rеutеrs паведаміла, што 90% аўто кампаніі выпускаюцца з дэфектамі, хоць у кампаніі гэта адмаўляюць. Другая — рэкордныя страты кампаніі за трэці квартал 2017-га — амаль 620 мільёнаў долараў, паведамляе Wаll Strееt Jоurnаl. Трэцяя — зборка новага бюджэтнага аўтамабіля Mоdеl 3 значна адстае ад графіка, што дэманструе нестабільную бізнес-мадэль.

І фінальная дэталь. Замест таго каб вырашыць цяперашнія праблемы, Tеslа паказала два новыя аўтамабілі — электрацягач і родстар. Калі кампанія здолее выбрацца з гэтай сітуацыі, то 2018 год зможа стаць прарыўным для ўсёй галіны, паколькі трэнд задае менавіта яна. Але падзе Tеslа — можа спыніцца і галіна.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: У пошуках будучыні

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.