Вы тут

«Ты любіш чытаць газету «Звязда»? — «Люблю...»


У гэтым дыялогу ўсё правільна, усё па-беларуску!

Ад дарожна-транспартных здарэнняў не застрахаваны, на жаль, ніхто, і смешнага ў іх, вядома ж, нічога, калі за справу не бярэцца мастак...

На тым малюнку — машына (за рулём — юнак, лічба на шапцы 2018), можна сказаць, збівае свайго старэйшага сабрата (з лічбай 2017). Ды яшчэ і крычыць: «Куды прэш, стары? Жыць надакучыла?»

Не ведаю, як каму, а мне гэты малюнак нагадаў трохі сумнае:

Апошнія лісткі ў календары...

Сыходзіць год — самотны і стары.

Значыць, самы час «аддаваць даўгі» — друкаваць лісты, у якіх, як быццам, нічога такога... І тым не менш.


«Я жыву за 50 кіламетраў ад Мінска і бываю там часта, — піша спадарыня Тамара Кулеш з Вілейшчыны, — праведваю сыноў, сяброў. Мне падабаецца ехаць, бачыць новыя мясціны, новыя твары... Карацей, я з задавальненнем баўлю час у горадзе і такім чынам уношу перамены ў сваё жыццё, збіраю ўражанні.

Не так даўно, напрыклад, — успамінае спадарыня Тамара, — вярталася дамоў. Усе месцы ў аўтобусе былі занятыя «ў адпаведнасці з купленымі білетамі». Але ж перад самым адпраўленнем у салон зайшлі яшчэ дзве пажылыя жанчыны. «Некалі, — думаю, — ім адразу ўступілі б месца. А цяпер... Моладзь сядзіць, уткнуўшыся ў свае смартфоны — нікога і нічога вакол не бачыць...» Толькі пра гэта падумала, як адзін з маладых пасажыраў устаў, тое ж, моўчкі (рухам рукі), загадаў хлапцу ў навушніках. Жанчыны селі, а ў мяне пасвятлела на душы.

Усю дарогу дамоў, — працягвае спадарыня Тамара, — я з удзячнасцю думала пра гэтага мужчыну, пра яго бацькоў. У мяне нават з'явілася надзея, што не ўсё так дрэнна: добрая ў нас моладзь...»

Звярніце ўвагу — для таго, каб адзін чалавек прыйшоў да гэтай высновы, другому не спатрэбілася, можна сказаць, нічога. Ён зрабіў тое, што павінен быў: нічога дзіўнага.

Але ж мы знаходзім яго — нават там, дзе няма. У грамадскім транспарце, у крамах, на вуліцах з цікавасцю, напрыклад, прыслухоўваемся і прыглядаемся да тых, хто размаўляе ці чытае па-беларуску, пытаемся ў іх, а чаму? Хоць, здавалася б, што тут дзіўнага: свая краіна, свая мова. Ёй бы жыць-панаваць на гэтай зямлі. Але ж...

«Так склалася, — піша спадар Яўген Шастакоў з Гомеля, — што ў нашай краіне наша, беларуская, мова не займае пакуль належнага месца. І зойме яго не хутка, нават тады, калі да справы далучацца новыя, куды большыя сілы...»

«Праблема з мовай і сапраўды вельмі сур'ёзная», — сцвярджае спадар Шастакоў. І расказвае аб трох уласных, вельмі важных для сябе сустрэчах, звязаных з першай дзяржаўнай...

Такім чынам, сустрэча першая. «Аднойчы я, тады пяцігадовы, разам з бацькамі (сям'я рускамоўная) стаяў ля будынка школы і спакойна глядзеў на дзяцей... Як раптам з брамкі суседняй хаты выскачылі трое... босых хлопчыкаў, узбеглі на ледзяную горку, з крыкам з'ехалі ўніз і зніклі за той жа брамкай. «Трушкі», — з павагай прамовіў нехта з дарослых.

Прайшло некалькі месяцаў. Сям'я гэтых Трушкоў (усіх братоў было пяцёра) пасялілася на нашай вуліцы, мы пазнаёміліся з Віктарам, маім будучым аднакласнікам, і нават паразмаўлялі, хоць разумелі, відаць, не ўсё. Я, напрыклад, спытаў у Віці: «Вы здесь живёте?» Хлопчык адказаў: «Нявож». Я паспрабаваў удакладніць, гэта «да» або «нет»? Адказам было маўчанне. Тады я пайшоў на хітрык: адарваўшы альховы ліст, спытаў: «Он зелёный?». Віця сказаў: «Нявож». Далей размова пайшла лягчэй, і я даведаўся шмат цікавага. Напрыклад, што ў іх ля дома ёсць... плот, што яны любяць есці «лындзікі», а галоўнае, што за сталом сядзяць на... сланах!

Мне так хацелася іх убачыць...

І якое ж расчараванне: пабываўшы ў Віці ў хаце, я даведаўся, што сланы (услоны) гэта звычайныя лаўкі, «лындзікі» — аладкі з бульбы і жменькі мукі, а плот не што іншае, як агароджа...

Сустрэча другая. Даўным-даўно, — успамінае спадар Шастакоў, — у дзяцінстве, у часопісе «Бярозка» я прачытаў апавяданне (назву не помню) Хведара Жычкі пра школьніка, які ездзіў на веласіпедзе. Хлопчык быў наш, звычайны, яго сябры — таксама. З незвычайнага — хіба... няўлоўны вецер — у твар, насустрач, подых якога ў памяці і сёння.

Сустрэча трэцяя.

Гадоў праз колькі разам з бацькам-настаўнікам (ён ехаў на жнівеньскую нараду) я трапіў у Чачэрск. Татавых калег там сабралася шмат. Усе (рэдка ж бачацца) весела віталіся, а ля кнігарні — яшчэ і жыва штосьці абмяркоўвалі.

Мы з бацькам таксама зайшлі туды. Першае, што здзівіла, — за прылаўкам стаяў... мужчына, крыху мешкаваты, гадоў сарака. Але ж, калі ён загаварыў, я аслупянеў наогул, бо размаўляў ён па-беларуску, і гэту мову — чыстую, літаратурную, не па радыё, не ў школе, а ў рэальным жыцці — я чуў упершыню...

У наступны мой прыезд у Чачэрск прадаўцом у той кнігарні ўжо была жанчына, якая размаўляла па-руску. Усё стала на свае месцы», — падсумаваў спадар Шастакоў.

Што цікава, ліст яго напісаны на досыць добрай беларускай мове. Значыць (дурань думай багацее... Гэта я, вядома ж, пра сябе), трох (!) «сустрэч» з мовай ды ўрокаў у школе было дастаткова, каб вывучыць яе, каб на ёй чытаць (у тым ліку «Звязду»), каб пісаць. Прычым — не толькі самому: некалькі цікавых матэрыялаў даслала жонка спадара Шастакова. Супрацоўнічае з газетай і сын.

«...Беларусы цураюцца мовы свайго народа, — прызнае і спадарыня Наталля Ціханоўская з Мсціслаўшчыны,дрэнна ведаюць яе, размаўляюць на трасянцы. Не скажу: ёсць людзі пісьменныя, але ж яны ўсё больш аддаюць перавагу рускай мове, лічаць прэстыжным вывучэнне замежных. Але ці задумваюцца пры гэтым, што спачатку трэба вывучыць родную, беларускую. Тыя ж японцы, французы, англічане ведаюць свае мовы, шануюць іх. Чым жа мы ці наша мова горшыя?»

Вільгельм Гумбальт — найбольшы аўтарытэт у мовазнаўстве — сцвярджаў, што, як чалавек (народ) стварае мову, гэтаксама і мова стварае чалавека (народ). Кожная мова апісвае вакол народа, якому належыць, круг, выйсці з якога можна толькі ў тым выпадку, калі ўступіш у круг іншы. З гэтага вынікае: іншы круг — іншая мова. Іншая мова — іншы народ. «Мы, маладыя, павінны шанаваць беларускае слова, — працягвае спадарыня Ціханоўская, — размаўляць на роднай мове, пісаць. Беларускасць павінна жыць у душы кожнага грамадзяніна краіны. Не трэба цурацца свайго спрадвечнага, адмаўляцца ад таго, што вылучае нас, як асобную нацыю».

Але ж, як той казаў, пакуль маем, не зберагаем. Людзям і таму ж асобнаму чалавеку не ўласціва цаніць тое, што ёсць. І толькі страціўшы...

«Так атрымалася, што да мяне, — чытаем у лісце спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў, — цэлы месяц не прыходзіла «Звязда». І была ж як быццам работа (кожны дзень размеркаваны), і ёсць у хаце што пачытаць, але ж нечага ўвесь час не хапала: дні былі доўгія і нейкія пустыя. Затое потым...»

У такой жа сітуацыі апынулася і яшчэ адна наша падпісчыца з вёскі Броннае Рэчыцкага раёна. Ніна Дзянісаўна Гапоненка («Звязда» пісала пра яе) газету выпісвае з першых пасляваенных гадоў (!). І тады, у маладосці, чытала ў ёй усё — да апошняга радка. Цяпер, у 90 (!) гэта ўжо складаней. Але ж і без газеты ніяк. Так што «запрасіла я дамоў паштальёна Таццяну Іванаўну Бажэнка і аформіла падпіску», — паведамляе шаноўная чытачка. — Больш за тое, некалькі нумароў газеты аддала на пошту, каб людзі таксама пачыталі і, магчыма, падпісаліся, бо шмат жа цікавага... У тым ліку — у дадатку «Мясцовае самакіраванне».

«З людзьмі трэба размаўляць, — піша Ніна Дзянісаўна, якая, дарэчы, 27 гадоў была дэпутатам сельскага і раённага Саветаў, — з імі трэба працаваць, аб'ядноўваць агульнымі справамі. Шмат што можа рабіць мясцовая ўлада, трэба толькі выбіраць туды актыўных людзей. Можа, такіх як наша бібліятэкар Галіна Мікалаеўна Кісель. Яна стараецца захаваць памяць пра ветэранаў вайны і нашага калгаса «40 год Кастрычніка», арганізавала хор. Да яе ў бібліятэку, хоць ёсць і школьная, пастаянна бегаюць дзеці...»

Напэўна ж, чытаюць кніжкі. Магчыма, па-беларуску?

«Звязда» была першай газетай, якую я выпісаў, калі скончыў школу і стаў дарослым, — паведамляе спадар Леанід Красоўскі з Бярэзіншчыны.Чытаў яе, аж пакуль не з'ехаў у Латвію. Трохі там папрацаваў, але не прыжыўся — вярнуўся дамоў на Бацькаўшчыну, уладкаваўся на працу і зноў стаў выпісваць «Звязду»... Такім чынам ужо сорак гадоў я верны сябар газеты. З яе публікацый ведаю, як жывуць людзі, тут знаходжу навіны (у тым ліку пра надвор'е) і розныя парады, народны гумар. Лічу, што газета вучыць сваіх чытачоў жыццю, сапраўднаму патрыятызму і роднай мове...»

Ліст ад спадарыні Таццяны з Мінска прыйшоў па электроннай пошце. Ён напісаны па-руску і змяшчае толькі адно пытанне: чаму родная газета на роднай мове называецца «Звязда», чаму не «зорка»?

На гэта пытанне мы ўжо адказвалі, але ж нехта, магчыма, прапусціў інфармацыю, нехта забыўся, да таго ж у газеты пастаянна з'яўляюцца новыя чытачы... Таму яшчэ раз: у беларускай мове было і ёсць слова «звязда», «гвязда». Яго — нароўні з зорай, зоркай — падае, у прыватнасці, слоўнік Вацлава Ластоўскага (Коўна, 1924 год), а таксама «Беларуская энцыклапедыя» (Мінск, 1998 г., т. 7).

Паводле гэтага аўтарытэтнага выдання, «Звязда» — па-першае — штодзённая грамадска-палітычная газета, якая выходзіць з 1917 года, а па-другое — рухомая шматпрамянёвая асветленая знутры зорка на кіі, з якой хадзілі так званыя звездары, атрыбут каляднай абраднасці.

Далей у артыкуле ідзе досыць падрабязны расказ пра тое, з чаго і як ён, гэты атрыбут, рабіўся, чым упрыгожваўся, а таксама змешчана фатаграфія хлопчыка з вёскі Капылы Камянецкага раёна з гатовым вырабам.

Здымак зроблены ў 40-я гады мінулага стагоддзя. Але і ў гэтым — падчас Каляд звёзды, як сімвал сонца, па-ранейшаму «загараюцца»! Ахвотныя пераапранаюцца ў «мядзведзя», «казу» і «жорава», ходзяць па хатах — віншуюць гаспадароў...

Усё гэта яшчэ можна ўбачыць не толькі ў калядных сюжэтах па тэлебачанні, але і «жыўцом», што называецца, — у асобных гарадах і вёсках, у сталічным метро. Многім, праўда (як і аўтарцы ліста ў рэдакцыю), рэжа вуха слова «звязда», і таму сімвал сонца ўсё часцей называюць каляднай зоркай...

Але ж, як той казаў, няведанне законаў не вызваляе ад адказнасці за іх парушэнне, а няведанне мовы не з'яўляецца падставай для таго, каб — крый Божа — мяняць назву газеты, за плячыма якой СТО (!) гадоў жыцця.

Дарэчы, на сто першым, на старонкі выдання вярнулася рубрыка, у якой можна атрымаць адказы на моўныя пытанні. Рыхтуюць іх нашы стыльрэдактары, а гадоў колькі таму рабіў гэта пісьменнік і перакладчык, аўтар буквара, які вытрымаў 23 выданні, спадар Анатоль Клышка. Дык вось ён, адказваючы на пытанне пра назву газеты, прыводзіў такі дыялог:

— Ты любіш чытаць газету «Звязда»?

— Люблю...

— А ці падпісаўся на яе?

— Так, падпісаўся.

— На паўгода?

— На паўгода».

Завяршаецца ж гэты артыкул аўтарскім (і аўтарытэтным) прызнаннем, што ўсё ў дыялогу правільна, усё па-беларуску!

Значыць, засталося падпісацца. Каб не забыцца мову, каб падтрымаць газету, каб чытаць — каму што даспадобы (пра здароўе, культуру, палітыку, адукацыю, грошы, сям'ю, спорт...), каб...

«Чытаю «Звязду» ўжо многія дзесяцігоддзі, — прызнаецца спадар Анатоль Кашэвіч з Лепельшчыны.Іншы раз радуюся, іншы — засмучаюся: думаю, газета павінна смялей пісаць пра жыццё людзей, асабліва тых, што засталіся ў невялічкіх вёсках: п'юць ваду з неправераных калодзежаў, ядуць прадукты са сваіх гародаў і лясоў, пазбаўляюцца працоўных месцаў і бытавых паслуг. А паспрабуй запасціся палівам...»

У газеты, вядома ж, ёсць пэўны штат карэспандэнтаў. У хуткім часе нехта з іх можа атрымаць заданне (запасціся, напрыклад, тым самым палівам) — вывучыць праблему, падрыхтаваць артыкул. Але ж зрабіць гэта могуць і самі... чытачы: старонка «Зваротная сувязь» — ваша. Пішыце: нехта не дурны заўважыў, што калі праблем не ўздымаць, яны як бы не існуюць...

Валянціна ДОЎНАР, рэдактар аддзела пісьмаў

Р. S. Шчыры дзякуй спадару Уладзіміру Голубеву і многім іншым чытачам за добрыя словы на адрас рубрык «Простая мова», «...Народ на провадзе!» і «Хто каго?». Весці іх, прычым гадамі, справа, вядома ж, нялёгкая.

Натхняе — што хоць некаму ды патрэбная.

Р. Р. S. Расказвалі, рэкламу часопісу «Бярозка» Рыгор Барадулін (светлай памяці!) прапаноўваў зрабіць на пачках з запалкамі, на бутэльках са спіртным. У першым выпадку яна гучала б так: «Стой! Не запальвай папяроску. Ты сыну выпісаў «Бярозку»?!

У другім... Перафразуем: «Цвярозы ты ці выпіўшы, але «Звязду» ўсё ж выпішы!»



Верш у тэму

Маміны словы

З мамінага слоўніка выцягваю

словы, нібы з попелу жарынкі,

грэць душу азяблую, асмяглую

на аўтобусных, тралейбусных прыпынках.

Колькі гукаў розных зорным россыпам

на губах пагаслі назаўсёды,

што мяне не раз парой марознаю

лашчылі ў завеі — галалёды.

Словы з вуснаў мамы — ратавальныя

ад бяды, ад злых сурокаў лёсу,

з імі, як паштоўкі прывітальныя,

і ў вясёлках, і ў снягах нябёсы.

Да мяне ішлі зямнымі вёрстамі

маміны не ўпохапку прызнанні

пра жыццё, дзе час касою востраю

не ў адных лугах касіў старанна.

Век на згадкі падкі, на пацешныя

прыказкі і з перчыкам, і з соллю.

Толькі болей з болем, а не смешныя,

маміны няспешныя выслоўі.

Мала ўзяць паспеў з твайго я слоўніка,

мама, незваротная, адзіная.

Без цябе блукаць, нібы бяздольніку,

што па вёсках з торбамі блудзілі.

З мамінага слоўніка, як з бохана

крошкі, што не скінуты пад ногі,

з новай ці сустрэнуцца эпохаю

запытацца мне ў якога Бога?

Віктар ЯРАЦ,

г. Гомель

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.