Вы тут

Дзве дзяржаўныя мовы: як забяспечыць парытэт


«25-гадовы досвед будаўніцтва незалежнай дзяржавы ставіць на парадак дня праблему неадкладнай гарманізацыі сферы моўнага жыцця беларускага грамадства ў адпаведнасці з сутнасцю і прынцыпамі дзяржаўнага двухмоўя», — такую думку выказаў у сваім выступленні на ІІ З'ездзе вучоных у рамках секцыі «Гуманітарыстыка — грамадству» першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай мовы, культуры і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік Аляксандр ЛУКАШАНЕЦ.


— Праблемы гуманітарнага развіцця грамадства разумеюць на дзяржаўным узроўні, — падкрэсліў выступоўца. — Трэба адзначыць, што сфера моўнага развіцця беларускага грамадства — вельмі складаная, таму што мы ўсе жывём у сітуацыі дзяржаўнага двухмоўя. Сутнасць дзяржаўнага двухмоўя павінна заключацца ў паралельным, парытэтным і раўнапраўным выкарыстанні абедзвюх дзяржаўных моў ва ўсіх найважнейшых сферах афіцыйных зносін. Па-першае, павінна забяспечвацца права кожнага грамадзяніна карыстацца ў сваёй дзейнасці любой дзяржаўнай мовай і атрымліваць усю неабходную інфармацыю на кожнай з дзяржаўных моў, а па-другое, дзяржава абавязана праз свае інстытуты і сваіх служачых забяспечыць кожнаму грамадзяніну гэтае права.

Ёсць цэлы комплекс абавязковых умоў, выкананне якіх забяспечвае парытэтнае функцыянаванне абедзвюх дзяржаўных моў ва ўсіх сферах іх ужытку. І для таго каб функцыянаванне насамрэч было парытэтным, неабходна каб гэтыя ўмовы рэальна выконваліся. На думку акадэміка, на сённяшні дзень найбольш актуальнымі з'яўляюцца адукацыйныя ўмовы. Бо толькі шляхам навучання можна забяспечыць адпаведны ўзровень валодання абедзвюма дзяржаўнымі мовамі.

Акадэмік упэўнены, што дастатковая моўная кампетэнцыя неабходная службовым асобам усіх узроўняў, якія павінны забяспечыць кожнаму грамадзяніну права выкарыстоўваць любую мову. «Я казаў пра гэта 10 гадоў назад, на першым з'ездзе вучоных, і паўтару зноў — неабходна, каб дасканалае валоданне службовымі асобамі абедзвюма дзяржаўнымі мовамі (беларускай і рускай) нарэшце стала абавязковым патрабаваннем прафесійнай адпаведнасці пасадзе».

Агучыў Аляксандр Лукашанец і неадкладныя задачы па гарманізацыі моўнай сферы жыцця нашага грамадства. Па-першае, трэба прывесці моўнае заканадаўства ў адпаведнасць з прынцыпамі дзяржаўнага двухмоўя, а для гэтага неабходна ўнесці адпаведныя змяненні ў Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» — у адпаведных артыкулах закона выразы «на беларускай або рускай мовах», «на беларускай і (або) рускай мовах» паслядоўна замяніць выразам «на беларускай і рускай мовах». Па-другое, падрыхтоўка, абмеркаванне і прыняцце ўсіх законаў, указаў, пастаноў і іншых заканадаўчых актаў павінна праходзіць на абедзвюх дзяржаўных мовах.

— У вышэйшай школе, асабліва пры падрыхтоўцы педагагічных кадраў, трэба забяспечыць атрыманне ўсімі выпускнікамі належнай моўнай кампетэнцыі, каб кожны малады педагог мог выкладаць свой вучэбны прадмет на любой мове. Акрамя таго, пры заканчэнні агульнаадукацыйных устаноў і паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы цэнтралізаванае тэсціраванне павінна праводзіцца для абітурыентаў па абедзвюх дзяржаўных мовах, — дадаў Аляксандр Лукашанец. — Я ўпэўнены, што выкананне гэтых мер дазволіць забяспечыць захаванне прынцыпаў дзяржаўнага двухмоўя ў нашай краіне і рэалізаваць на практыцы права грамадзян атрымліваць інфармацыю на любой дзяржаўнай мове ў двухмоўным грамадстве. Да таго ж у нас з'явіцца магчымасць атрымання адукацыі на любой дзяржаўнай мове. Мы зможам забяспечыць псіхалагічны камфорт усім грамадзянам у двухмоўным грамадстве і ўмацуем прэстыж Беларусі як прававой дэмакратычнай дзяржавы, якая паважае свае каштоўнасці і інтэгруецца ў еўрапейскую і сусветную супольнасць.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.