Вы тут

Як змяніліся штрафы для парушальнікаў на дарогах?


Пазаўчора беларускія дэпутаты прынялі ў другім чытанні папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП) і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Аднак некаторыя СМІ не зусім дакладна інтэрпрэтавалі змены, у сувязі з чым з'явілася неабходнасць выразнага тлумачэння.


Згодна з дзеючымі нормамі артыкула 18.13 КаАП, перавышэнне ўстаноўленай хуткасці руху ад 10 да 20 кіламетраў у гадзіну прыводзіць да папярэджання або штрафу ў памеры да адной базавай велічыні. Калі перавышэнне ад 20 да 30 кіламетраў у гадзіну, то кіроўца атрымлівае штраф у памеры ад адной да трох базавых. Перавышэнне на 30 і больш — штраф ад трох да дзесяці базавых. Калі апошнія два апісаныя парушэнні паўтараюцца на працягу года, то кіроўца атрымае штраф ад пяці да 15 базавых або пазбаўленне правоў да аднаго года.

Першапачаткова планавалася выключыць з санкцый указанага артыкула пазбаўленне правоў, аднак пасля дыскусій у Палаце прадстаўнікоў з удзелам шырокага кола экспертаў было вырашана захаваць дзеючую рэдакцыю ўказанага артыкула. Акрамя таго, як і раней, такая санкцыя не можа быць прыменена пры фіксацыі хуткасці спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі.

Дарэчы, калі спецыяльная камера фіксуе перавышэнне хуткасці ад 10 да 20 кіламетраў у гадзіну, то кіроўца атрымлівае штраф у памеры 0,5 базавай велічыні. Калі камера фіксуе перавышэнне ад 20 да 30 кіламетраў — гэта штраф у памеры дзвюх базавых, ад 30 да 40 кіламетраў — штраф у памеры 4 базавых. Калі ж перавышэнне складае больш за 40 кіламетраў у гадзіну — штраф у памеры шасці базавых велічынь.

Акрамя таго, па прапанове Міністэрства ўнутраных спраў з КаАП выключаецца артыкул 18.18, якім прадугледжана да дзвюх базавых велічынь за кіраванне аўтамабілем без дакументаў, неабходных па правілах дарожнага руху. Чаму? Пры сучасным тэхнічным забеспячэнні супрацоўнік ДАІ можа аператыўна на месцы высветліць, мае кіроўца права кіравання ці не. Калі не мае, то гэта сур'ёзнае парушэнне, за якое прадугледжана строгая адказнасць па іншай норме. Калі ж кіроўца проста забыўся дома дакумент, то прымяненне штрафу — гэта занадта жорсткае пакаранне, палічылі дэпутаты.

Калі ў кіроўцы няма правоў наогул, то дзейнічае артыкул 18.19, згодна з якім кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае правоў кіравання, роўна як і перадача кіравання транспартным сродкам асобе, якая не мае правоў, прыводзіць да накладання штрафу ў памеры ад пяці да дваццаці базавых велічынь.

Калі тыя ж дзеянні ажыццяўляюцца паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за тыя ж парушэнні, то гэта прывядзе да накладання штрафу ў памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь або адміністрацыйнага арышту.

Увядзенне адміністрацыйнага арышту ў артыкуле 18.19 — гэта навіна. Чаму гэта з'явілася? У 2016 годзе па віне вадзіцеляў, якія не мелі права кіравання, было здзейснена 267 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх загінулі 49 і атрымалі раненні 284 чалавекі. Нягледзячы на зніжэнне выпадкаў такіх здарэнняў, іх доля ў агульнай колькасці ў сярэднім складае 7—10% ад усіх учыненых па Беларусі ДТЗ.

Значная частка такіх здарэнняў здзяйсняецца асобамі, пазбаўленымі ва ўстаноўленым парадку такога права за правапарушэнні ў галіне бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту. Найбольш частым з іх з'яўляецца кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап'янення.

У 2016 годзе да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне транспартнымі сродкамі кіроўцамі, якія не маюць на гэта права, прыцягнута звыш 59 тысяч чалавек. Пры гэтым паўторна на працягу года за ўчыненне такога правапарушэння — звыш 14 тысяч. Колькасць асоб, якія тройчы і больш разоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за гэтае правапарушэнне, склала практычна 1,7 тысячы.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Разбор «палётаў»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».