Вы тут

Музеі Беларусі прапануюць вялікую навагоднюю праграму


Лічаныя дні і тыдні застаюцца да свят Раства і Новага года. Многія з нас ужо бегаюць па крамах у пошуках найлепшых падарункаў для сваіх родных, набываючы святочныя ўпрыгажэнні для стала і ялінкі. Не застаюцца ўбаку ад святочнай мітусні і айчынныя музеі. Яны падрыхтавалі такія цікавінкі, якія могуць завабіць нават вандроўніка з іншага кутка краіны і гарантавана стварыць цудоўны настрой.


Музей ёлачнай цацкі ў Гомельскім палацы

Хутка! Ужо зусім-зусім хутка! Засталося пацярпець усяго некалькі дзён, і, нарэшце, надыдзе ён — чароўны перадсвяточны час! Мандарыны пачнуць пахнуць па-асабліваму, а на вялікіх і малых плошчах гарадоў заззяюць гірляндамі ёлкі! І мы здымем з шаф і змахнём пыл са скрынак з любімымі ёлачнымі цацкамі... Ці заўважалі вы калі-небудзь, што менавіта навагодняя цацка валодае цудоўнай здольнасцю сціраць мяжу паміж дарослымі і дзецьмі? 30-гадовым дзяўчатам ужо наўрад ці падабаюцца лялькі Барбі, а 30-гадовым хлапцам — гоначныя машынкі на дыстанцыйным кіраванні, але вось вырабленыя са шкла і ваты пацешныя звяркі, садавіна-агародніна, домікі, чалавечкі і казачныя персанажы нязменна выклікаюць шырокую ўсмешку і нават у самых суровых дарослых. Здаецца, што ў далікатных ёлачных цацках запячатаны сам дух Новага года і вечнага дзяцінства, ці не так?

Сёння разнастайнасць ёлачных упрыгажэнняў дзівіць уяўленне: мудрагелістыя формы, нечаканыя спалучэнні колераў, нацыянальны каларыт, які знаходзіць адлюстраванне ў матэрыяле і кампазіцыі цацкі... Гэта з аднаго боку, а з другога — чароўнае хараство вінтажных ёлачных упрыгажэнняў і адмысловая, з ноткай настальгіі, аўра савецкай навагодняй цацкі! Цэлы свет, перад якім не ўстаіць ні адно дзіця і... ні адно дарослае дзіця!

Акунуцца ў атмасферу дзяцінства і Новага года можна будзе ў музеі Гомельскага палаца Румянцавых і Паскевічаў на выстаўцы «Музей ёлачных цацак», якая прадставіць самую вялікую ў Беларусі — і, магчыма, адну з самых маштабных у свеце — калекцыю ёлачных упрыгажэнняў. Яе стваральнік, Андрэй Бягун, аб'ездзіў паўсвету, каб у крамках і антыкварных салонах, на блышыных рынках і на кірмашах адшукаць і сабраць разам свае далікатныя шэдэўры. Цяпер іх у яго некалькі тысяч! Пачынаючы з 2014 года выстаўка збірае велізарныя натоўпы захопленых людзей у Мінску; гомельскія ж наведвальнікі змогуць убачыць яе ўпершыню.

Казачная навагодняя вандроўка разгорнецца ў трох залах: ёлачныя цацкі з розных краін і кантынентаў, экскурс-падарожжа ў гісторыю навагодніх упрыгажэнняў, сакрэты іх стварэння, асаблівасці святкавання Раства і Новага года ў розных кутках свету, пошта Дзеда Мароза... Проста на выстаўцы можна будзе набыць цацкі на ёлку ў падарунак родным і блізкім — а таксама паспрабаваць сябе ў справе роспісу ёлачных упрыгажэнняў!

Балі з Радзівіламі ў Мірскім замку

Раство — светлае свята, якое напаўняе нашы сэрцы трапяткім чаканнем цудаў і верай у выкананне жаданняў. А дзе шукаць сюрпрызы, як не на балі ў Мірскім замку?

Князь Міхал Казімір Радзівіл і яго жонка запрашаюць чароўных дам і галантных кавалераў на традыцыйны Калядны баль, які адбудзецца ў раскошнай Партрэтнай зале 5 студзеня ў 19.00. Арганізатары вечара прапануюць гасцям акунуцца ў атмасферу XVІІІ стагоддзя і азнаёміцца з бальнымі традыцыямі эпохі. Балетмайстар навучыць удзельнікаў балю старадаўнім танцам, а музыкі парадуюць прафесійным выкананнем. На ўрачыстасці можна будзе адчуць сябе сапраўдным акцёрам тэатра Уршулі Радзівіл і ўдосталь нацешыцца бальнымі гульнямі і забавамі. Гаспадары вечара падрыхтавалі мноства сюрпрызаў для сваіх гасцей, сярод якіх віктарыны, шарады, незвычайнае падарожжа па самых раскошных залах Мірскага замка і многае іншае.

Асаблівую ўвагу арганізатары вечара просяць звярнуць на дрэс-код: для дам — сукенка ў стылі XVІІІ стагоддзя і абутак без абцасаў, для кавалераў — строгі гарнітур. Вітаюцца аксесуары, адпаведныя эпосе.

Адбудуцца і ўжо традыцыйныя дзіцячыя калядныя балі ў Мірскім замку, куды запрашаюць маленькіх дам і кавалераў ад 6 да 12 гадоў. Яны адбудуцца ў Партрэтнай зале 2, 5, 6 і 7 студзеня ў 12.00. Дзеці пазнаёмяцца з уладальнікамі замка, а таксама сустрэнуцца з незвычайнымі насельнікамі і духамі княжацкай рэзідэнцыі. Юныя прынцэсы і рыцары атрымаюць урокі прыдворнага этыкету, пакажуць сваё майстэрства ў старадаўніх танцах і ўдосталь нацешацца гульнямі і забавамі. Не абыдзецца, вядома, без выпрабавання на смеласць і кемлівасць, якое хлопцам прыйдзецца прайсці, каб перамагчы злыя чары.

«Цуд на Каляды» сваімі рукамі

У сталіцы ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва распачалася выстаўка дзіцячага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Цуд на Каляды!»

Падрыхтоўка да Новага года — гэта заўсёды прыемныя клопаты. А дзіцячыя фантазіі на навагоднюю тэму невычарпальныя і кожны раз здзіўляюць нават прафесійных майстроў і мастакоў.

Удзельнікі выстаўкі «Цуд на Каляды!» — навучэнцы і педагогі аб'яднанняў па інтарэсах устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «АРТ», «Ветразь», «Зорка», «Ранак», «Арыён» і іншых. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 80 індывідуальных і калектыўных работ, аб'яднаных навагодняй і каляднай тэматыкай, розных па кампазіцыі і тэхніцы выканання: габелен, мастацкае ткацтва, дэкупаж, саломапляценне, вязанне, бісерапляценне, алмазная вышыўка, фларыстыка, дэкаратыўны роспіс. Тут можна ўбачыць тэкстыльныя лялькі, дэкаратыўныя ёлкі, мяккую цацку, навагоднія паштоўкі, макрамэ, выцінанку і дзіцячыя малюнкі — і, можа быць, натхніцца такім чынам на стварэнне падарунка блізкім сваімі рукамі! Разам са звыклымі тканінамі, паперай, кардонам юныя майстры выкарыстоўваюць у працы дрэва, каменьчыкі і ракавінкі, актыўна эксперыментуюць з незвычайнымі матэрыяламі: салёнае цеста, мешкавіна, тасьма, пластмаса і нават цукеркі і пернікі.

Выстаўка «Цуд на Каляды!» аб'яднала таленавітых дзяцей і педагогаў, якія шчодра дзеляцца цяплом сваіх сэрцаў і дапамагаюць настроіцца на святочны лад.

Зімовы Vuraj

Усіх аматараў добрай музыкі 20 снежня этна-гурт Vuraj запрашае на незвычайны зімовы канцэрт, які пачнецца ў 19 гадзін у сталічным клубе «Бруге».

Музыкі рыхтуюць цікавую і насычаную праграму, складзеную з песень розных часоў, а таксама новыя творы. «Фішка» вечара — удзел аўтэнтычнага калектыву з Палесся (в. Дзятлавічы), які выступіць з Vuraj на адной сцэне. У жывым выкананні прагучаць старадаўнія песні ў першапачатковым выглядзе і з вурайскім аздабленнем.

На канцэрце можна будзе адчуць святочную зімовую атмасферу беларускага Палесся і Поўначы, таямніц і чараў, музыкі і фальклору.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Свята блізка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.