Вы тут

Якім чынам прынесці свята не толькі ў жытло, але і ў сэрца?


Напярэдадні Каляд і Новага года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі і мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіраўнік Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў Беларусі архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч расказалі, якім чынам прынесці свята не толькі ў жытло, але і ў сэрца.


У Беларусі Раство адзначаюць двойчы. Архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч лічыць, што гэта асаблівасць не розніць людзей, а наадварот, падкрэслівае нашу еднасць:

— Розніца ў календарах, адрозненні ў абрадах — гэта не розніца ў верах. Мы верым, што ў кананічную дату, 25 снежня, на зямлю прыйшоў Збаўца, толькі вылічваем гэтую падзею па розных стылях. У беларусаў многа змяшаных сем'яў, аднак ніхто не сварыцца з гэтай прычыны, і нашы цэрквы-сёстры стараюцца, каб такі парадак, мір і згода падтрымліваліся надалей. У вас свята — мы да вас прыйдзем, мы святкуем — з радасцю сустрэнем у госці вас.

Мітрапаліт Павел прытрымліваецца падобных думак. У сваім выступленні ўладыка асаблівую ўвагу ўдзяліў традыцыйнаму ўспрыманню Раства:

— Гэта цудоўнае свята і надзвычай важная падзея: Хрыстос сышоў да нас, каб вярнуць страчаную сувязь з Богам і адкрыць для нашых душаў дарогу на неба. Многія лічаць, што гэта свята, калі ўпрыгожваюць дом, гатуюць смачныя стравы і рыхтуюць падарункі. Безумоўна, так заведзена, але хацелася б успомніць яшчэ адзін складнік, без якога немагчыма ўявіць Раство, — гэта падрыхтоўка для таго, каб прывітаць Хрыста. Мы стараемся ачысціцца як фізічна, так і духоўна, сустрэць светлы дзень з чыстым сэрцам і добрымі думкамі.

Святары закранулі тэму хрысціянскіх традыцый і падрыхтоўкі да адной з самых важных дат у царкоўным календары. Напрыклад, сёння, калі людзі кажуць пра пост, то часцей за ўсё маюць на ўвазе ўстрыманне ад ежы. Але проста ўстрымлівацца ад некаторых прадуктаў — гэта дыета. Духоўны пост, па словах мітрапаліта Паўла, — гэта калі асноўнай задачай чалавека становіцца ахова сваёй душы.

— Падрыхтуйце ў падарунак не толькі рэчы, але і добрыя справы. Хай нічога злога ад нас не ідзе, — пажадаў уладыка.

— На жаль, усё часцей мы назіраем, як добрыя справы камерцыялізуюцца. Іх робяць не для пашырэння дабрыні, а дзеля прыцягнення ўвагі, — падтрымаў духоўнага калегу Тадэвуш Кандрусевіч.

Як і штогод, напярэдадні Новага года ў краіне пройдуць святочныя дабрачынныя мерапрыемствы. Настаяцелі прыходаў ведаюць людзей, якія бываюць там, і стараюцца ім дапамагаць. Калі чалавек стары, нямоглы або захварэў, то чаму б не паспрыяць яму — прывезці ў царкву на малебен, дапамагчы прыбраць у кватэры, купіць лекі, прадукты... Да свята Раства ў мінскім каталіцкім прыходзе касцёла Святога Роха дабрачынная арганізацыя «Чыстае сэрца» рыхтуе для дзяцей калядныя вечары — такія дабрачынныя ранішнікі.

У некаторых мясцінах Беларусі захаваўся абрад калядавання. Людзі пераапранаюцца ў традыцыйных для свята персанажаў і з песнямі і пажаданнямі ходзяць па дварах.

— Ёсць розніца паміж калядкамі і слаўленнем, — тлумачыць мітрапаліт Павел, — я лічу, што калі дарослыя і дзеці спевамі праслаўляюць нараджэнне Хрыста, жадаюць усім людзям шчасця, дабра, то гэта цудоўная традыцыя.

Напрыканцы сустрэчы іерархі цэркваў павіншавалі ўсіх са святамі, пажадалі міру, дабрабыту, спакою і радасці ў сэрцах.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Рыхтуйце ў падарунак дабрыню

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».