Вы тут

Дырэктар Дома друку: У газет і кніг застанецца свая аўдыторыя


Ад­на з най­ста­рэй­шых дру­кар­няў доў­га бы­ла цёз­кай «Звяз­ды».

Сёння Выдавецтва «Беларускі дом друку» святкуе свой 100-гадовы юбілей. Яго прадукцыю трымаў у руках літаральна кожны з нас: гэта не толькі газеты і часопісы, але і пашпарты. Пра тое, што інтэрнэт не заменіць газеты ў друкаваным выглядзе, чаму тыражы дзіцячай літаратуры не змяншаюцца, як вырабляўся сцяг №1 для беларускай сталіцы і калі з'явяцца першыя біяметрычныя пашпарты, мы пагутарылі з генеральным дырэктарам РУП «Выдавецтва Беларускі дом друку» Раманам Алейнікам.


— Раман Сцяпанавіч, у свой час ваша прадпрыемства насіла назву друкарня выдавецтва «Звязда». Наша газета ідзе поруч з вамі доўгі час...

— Так, сапраўды калісьці мы мелі і такую назву. Са «Звяздой» у нас гістарычна склаліся трывалыя партнёрскія адносіны. Падчас вайны, з мая 1942 года, нашы падпольшчыкі выносілі шрыфты для друку газеты, аб чым сведчыць і адпаведная памятная шыльда на будынку. А дагэтуль была 1-я Савецкая друкарня, друкарня імя І. В. Сталіна... У 1917 годзе наша прадпрыемства ўзнікла таксама не на пустым месцы: яго перайменавалі з Мінскай губернскай у друкарню Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Таму яго гісторыі значна больш за стагоддзе. Дарэчы, у 1916 годзе Мінская губернская друкарня разам з пермскай і віленскай уваходзіла ў тройку найбуйнейшых у Расійскай імперыі.

— Газетная вытворчасць — асноўны кірунак вашай дзейнасці на працягу ўсяго стагоддзя...

— І сёння гэта па-ранейшаму так, нягледзячы на тое, што аб'ёмы вытворчасці зменшыліся. Найбольш паспяховым для нас быў перыяд, калі мы асвоілі друк каляровых газет, гэта было ў 2008 годзе. Спажыўцы атрымалі каляровыя выданні, пачала расці падпіска і адпаведна тыражы. Штомесяц мы друкавалі каля 80 мільёнаў экзэмпляраў газет. Але наша прадпрыемства не можа заставацца ў баку ад грамадскіх працэсаў, якія адбываюцца ў свеце і ў краіне. Сёння тыражы папяровых газет змяншаюцца, частка чытачоў сыходзіць у інтэрнэт. Некаторыя выданні, найчасцей рэкламныя, увогуле спыняюць сваё існаванне. Але ў любыя часы ў друкаваных газет і кніг застанецца свая аўдыторыя, бо не ўсе ўспрымаюць інфармацыю з электронных гаджэтаў.

Якраз у сегменце рэкламы — аператыўнай паліграфіі і шырокафарматнага друку — ёсць рэзервы для росту. Дзесяцігоддзе таму мы набылі абсталяванне для работы па тэхналогіі хіт-сет для рэкламных мэт. Нейкі час не ўдавалася загрузіць яго цалкам. А цяпер магутнасці не хапае, і мы задумваемся, каб мадэрнізаваць дадатковую лінію пад гэтыя мэты. Сярод нашых пастаянных партнёраў буйныя гандлёвыя сеткі, ад іх шмат замоў.

— Ці зменшылася ў апошнія гады друкаванне кніжнай прадукцыі?

Ма­шы­ніст фаль­ца­валь­най ма­шы­ны аф­сет­на­га цэ­ха Ла­ры­са Сі­ня­ўская.

— Калі казаць пра мастацкую літаратуру, то так, зменшылася. У 80-я, а гэта былі залатыя часы кніжнай вытворчасці, тыражы былі велізарныя. Напрыклад, двухтомнік «Граф Монтэ-Крыста» мы друкавалі для ўсяго Саюза 1,5 мільёна асобнікаў на працягу цэлага квартала. Зразумела, цяпер тыражы меншыя — 2—3 тысячы асобнікаў. Крыху павялічваецца выпуск навукова-папулярнай літаратуры, а таксама дапаможнікаў, якія ў дадатак да падручнікаў суправаджаюць школьны працэс. Не змяншаюцца тыражы ў дзіцячай літаратуры: гэта як кнігі для чытання, так і для размалёўкі ці малявання. Апошнія, дарэчы, развіваюць дробную маторыку, і, мяркуючы па тыражах, большасць бацькоў гэта разумее.

— Вядома, што Беларускі дом друку першы ў краіне сярод паліграфічных прадпрыемстваў перайшоў на лічбавы друк...

— Гэта адбылося ў той час, калі мы пачыналі выпуск каляровых выданняў. Каб не парушаць тэрміны перадачы перыёдыкі спажыўцам, закупілі лічбавае абсталяванне, на якім паскорыўся выраб друкаваных формаў. Цяпер займаемся пераходам на лічбавы друк кніжна-часопіснай прадукцыі. На невялікіх тыражах ён больш выгадны, чым афсетны. Пакуль працуем з пастаўшчыкамі абсталявання. Але захаваем і класічную паліграфію. Увогуле, стараемся сачыць за найноўшымі тэхналогіямі ў паліграфіі і імкнёмся скараціць выдаткі. Часам больш перспектыўным аказваецца мадэрнізаваць нейкую лінію, а здараецца, што больш эканомна пакінуць ранейшае абсталяванне.

— У чацвёртым квартале наступнага года вы мяркуеце выпусціць першую партыю біяметрычных пашпартоў. Чым яны будуць адрознівацца ад дзеючых?

— Трэба сказаць, што агульнаграмадзянскія, службовыя, дыпламатычныя пашпарты мы пачалі выпускаць у 90-я. З таго часу не раз мянялі тэхналогію, удасканальвалі сродкі аховы, але гэта адбывалася, як правіла, незаўважна для спажыўца. У біяметрычным пашпарце, а гэта прынцыпова іншы дакумент, зменіцца і дызайн, і сродкі аховы. Таму цяпер актыўна мадэрнізуем асноўную пашпартную лінію і збіраемся набываць дадатковае абсталяванне. Адрозненняў нямала: калі ў дзеючым пашпарце выкарыстоўваецца адкрыты шывок, то ў біяметрычным прашыўка будзе закрытай. Замест механічнай перфарацыі будзем ужываць лазерную. Павялічыцца колькасць нябачных фарбаў. Гэтае і многае іншае павысіць ступень аховы дакумента.

— Дзеля дыверсіфікацыі дзейнасці Беларускі дом друку асвоіў выраб упакоўкі...

— І сёння яна займае 25% у агульным аб'ёме нашай вытворчасці. Дарэчы, год таму гэта лічба складала 17%, два гады таму — 7—8%. У гэтым сегменце мы прырастаем даволі дынамічна. У 2010-м для нас такая сфера дзейнасці была абсалютна новай. Не перабольшу, калі скажу, што пачыналі з нуля: на той час не мелі ні адпаведных вопыту, ні дзелавых сувязяў. У адрозненне ад газетнага друку, пры вырабе ўпакоўкі бясконцая наменклатура матэрыялаў і тэхналогіі друку. На гэтым этапе наш калектыў чакала шмат працы і адкрыццяў. Але з часам мы атрымалі неабходны вопыт, з'явіліся першыя кліенты. Цяпер выконваем заказы любой складанасці як у кардоннай, так і ў плёначнай упакоўцы. Асвоілі вытворчасць урачыстай упакоўкі. Гэта скрынкі, пакеты для падарункаў гасцям нашай краіны, якія прыязджаюць у складзе замежных дэлегацый. Наладзілі выраб музычных тубусаў для алкагольнай прадукцыі і шмат іншага.

Ра­бот­нік га­зет­на­га цэ­ха Сяр­гей Да­вы­даў.

— Дзяржаўная сімволіка таксама ў сферы вашых інтарэсаў?

— Займаемся яе вытворчасцю некалькі апошніх гадоў. У прыватнасці, сцягоў для разнастайных дзяржаўных мерапрыемстваў. Нашым калектывам зроблены і сцяг №1 для плошчы Дзяржаўнага сцяга. Ён даволі вялікі — 7 на 14 метраў, складаецца з некалькіх палотнішчаў і важыць больш за сем кілаграмаў. Даволі доўга адпрацоўвалі тэхналогію. Тканіна павінна быць настолькі бязважкай, каб развявацца нават на лёгкім ветрыку. І ў той жа час моцнай, каб вытрымаць любую непагадзь, дажджы, снегапады, уздзеянне ўльтрафіялету. Самае слабае месца — вугалкі сцяга, давялося папрацаваць над іх узмацненнем. У выніку ў нас усё атрымалася, і мы ганарымся гэтай працай, гэтак жа, як і прафесіяналізмам нашага калектыву.

Алена КРАВЕЦ

kravets@zvіazda.by

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.