Вы тут

У шматгалосным свеце


На гэтым тыдні ў Мінску па запрашэнні Саюза пісьменнікаў Беларусі знаходзілася дэлегацыя маскоўскага Літаратурнага інстытута імя Максіма Горкага з мэтай прэзентацыі Дома нацыянальных літаратур, створанага ў 2017 годзе. Першая паездка ў межах гэтага праекта — менавіта ў нашу краіну. 11 снежня адбылася працоўная сустрэча міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Карлюкевіча з дэлегацыяй Літаратурнага інстытута на чале з рэктарам Аляксеем Варламавым. Былі абмеркаваны пытанні развіцця літаратурных сувязей Беларусі і Расіі, у тым ліку на пляцоўцы Дома нацыянальных літаратур.


Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Літаратурнага інстытута ў Доме літаратара

На ўзаемную карысць

Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве ўтрымлівае статус прэстыжнай ВНУ, і час ад часу ў яго паступаюць прадстаўнікі Беларусі. «Але гэта зусім не той маштаб супрацоўніцтва, які можа паслужыць на карысць беларускай, і не толькі, літаратуры», — упэўнены рэктар інстытута Аляксей Варламаў. Год таму на пасяджэнні савета па культуры і мастацтве пры Прэзідэнце Расіі Уладзіміры Пуціне ён выказаў прапанову аб стварэнні Дома нацыянальных літаратур. Прэзідэнт РФ гэту ініцыятыву падтрымаў.

Быў выдзелены будынак у цэнтры Масквы паблізу беларускага пасольства.

З першай прэзентацыяй Дома нацыянальных літаратур масквічы ехалі менавіта ў Беларусь, добра ведаючы пра ранейшыя цесныя стасункі нашых літаратараў. Яны пераканаліся, што і цяпер беларускія літаратары трымаюць сувязі з калегамі з многіх краін. Яркае сведчанне таму — дзейнасць партала «Сугучча» Выдавецкага дома «Звязда», пераклады з розных моў на беларускую ў літаратурных выданнях Беларусі, выхад кніг замежных аўтараў.

— Гэта сустрэча чаканая тым, — расказвае першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, — што беларускія літаратары змаглі пазнаёміцца з прадстаўнічай камандай вядомага Літінстытута, дзе марылі вучыцца многія літаратары.

З боку гасцей было вялікае жаданне пачуць беларускую мову. У Літінстытуце плануюць адкрыць беларускую групу, якая будзе займацца мастацкім перакладам, — яшчэ пра такі неардынарны крок з боку інстытута паведаміў рэктар ВНУ Аляксей Варламаў.

На жаль, маладых спецыялістаў, якія ведаюць мовы народаў Расіі і славянскія мовы, вельмі мала. Дарэчы, у савецкія часы беларуская група перакладчыкаў інстытутам выпускалася. «У нас захавалася ўся метадычная база па гэтым кірунку. І зараз яна найлепшым чынам можа паслужыць падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў», — запэўніла прадстаўнік кафедры перакладаў Марыя Зоркая.

У хуткім часе Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Літінстытутам будзе аб’яўлены конкурс, па выніках якога стануць вядомыя імёны тых, хто паедзе ў Маскву вучыцца перакладчыцкай дзейнасці.

Марыя ЛІПЕНЬ

Фота Андрэя Бабка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?