Вы тут

«Дазвольце русінам пасады займаць»


Мінулы раз мы распавядалі пра функцыянаванне Полацкага магістрата. Сёння наш пастаянны эксперт па гісторыі мясцовага самакіравання, старшы навуковы супрацоўнік Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік» Максім Макараў прапануе даведацца пра канфесійны склад органаў улады самага старажытнага горада краіны ў XV—XVІІІ стагоддзях.


План По­лац­ка па­чат­ку XVІІІ ста­год­дзя.

Паралізавалі каталіцкае лобі

— У эпоху Сярэднявечча і ранняга Новага часу ўдзел прадстаўнікоў той ці іншай канфесійнай групы насельніцтва ў складзе органаў улады быў важным паказчыкам. Напрыклад, таго, якое месца гэтая група займае ў жыцці грамадства або пэўнай структурнай адзінкі. Для гісторыі Паўночнай Беларусі, дзе ў азначаную эпоху мела месца супрацьстаянне розных хрысціянскіх цэркваў, вывучэнне складу органаў мясцовых улад мае дастаткова актуальны характар, — расказвае гісторык.

Прывілеі на магдэбургскае права (1498 і 1509 гадоў) дазвалялі полацкаму магістрату з самага пачатку будавацца на прынцыпах канфесійнага дуалізму. Размова ідзе пра роўны ўдзел асоб каталіцкага і праваслаўнага веравызнанняў. Праўда, у пацвярджальным прывілеі Стэфана Баторыя (1580 года) пытанне суадносін «рымскай» і «рускай» («грэчаскай») частак магістрата не закранаецца.

— І гэта дазваляе меркаваць пра захаванне ўладамі ВКЛ у канцы XVІ стагоддзя ранейшых падыходаў да гэтага пытання. Аднак пасля 1580 года, у сувязі з увядзеннем выбарнасці вышэйшых ураднікаў магістрата, сітуацыя ў пераважна праваслаўным Полацку магла значна адрознівацца ад стандарту, зацверджанага прававымі актамі. У канцы XVІ — пачатку XVІІ стагоддзя выбары «рымскай» і «рускай» частак магістрата ажыццяўляліся не паасобку — пры ўдзеле выключна прадстаўнікоў адпаведнай канфесіі, а сумесна — пры ўдзеле ўсіх мяшчан. Карыстаючыся гэтай сістэмай, праваслаўная большасць наўмысна абірала ў склад магістрата няпоўную колькасць самых няздольных католікаў. І гэтым эфектыўна паралізавала дзейнасць каталіцкага лобі, — расказвае даследчык.

І ў выніку прыйшлося каталікам абараняць свае правы ў каралеўскім судзе. У лютым 1611 года яны прасілі караля Жыгімонта Вазу, каб той дазволіў абіраць «рымскую» палову магістрата без удзелу праваслаўных, «паколькі іншых галасоў заўсёды больш будзе». І манарх фармальна задаволіў просьбу. Аднак пазнейшыя матэрыялы не даюць ніякіх падстаў сцвярджаць, што каралеўскае рашэнне было рэалізавана на практыцы.

За і супраць уніятаў

Пасля заключэння ў 1596 годзе Брэсцкай царкоўнай уніі да дзвюх ранейшых канфесій дадалася трэцяя.

Аднак у першыя дзесяцігоддзі існавання ўніяцкай царквы заўважнай колькасці яе прыхільнікаў у Полацку не было. І магістрат працягваў заставацца каталіцка-праваслаўным.

Сітуацыя з распаўсюджваннем уніяцтва на землях Беларускага Падзвіння пачала мяняцца толькі ў трэцім дзесяцігоддзі XVІІ стагоддзя. У складзе полацкага магістрата ўніяты пачалі пераважаць над праваслаўнымі толькі пасля забойства 12 лістапада 1623 года ў Віцебску полацкага ўніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча.

— 11 сакавіка 1633 года кароль Уладзіслаў Ваза сваім прывілеем пацвердзіў прынцып парытэтнага прадстаўніцтва каталікоў і «русінаў» у магістраце Полацка. Аднак пад тэрмінам «русіны» ў згаданым дакуменце разумеліся ўжо выключна ўніяты. Такім чынам, пасля 1633 года праваслаўныя палачане былі афіцыйна пазбаўлены магчымасці займаць пасады гарадскіх ураднікаў. А тыя з іх, хто не змяніў веравызнання, па ўсёй верагоднасці, мусілі выйсці са складу магістрата. З вялікай доляй упэўненасці можна сцвярджаць, што з 1633 года да канца чэрвеня 1654-га ў полацкім магістраце засядалі толькі католікі і ўніяты, — канстатуе Максім Макараў.

У чэрвені 1654 года Полацк быў захоплены войскамі Маскоўскай дзяржавы. Большая частка мясцовых бурмістраў, райцаў і лаўнікаў збегла на захад ВКЛ. У складзе амаль цалкам абноўленага (і лаяльнага да адміністрацыі цара Аляксея Міхайлавіча) магістрата засталося ўсяго некалькі даваенных ураднікаў.

— Яны, згодна з логікай развіцця падзей, мусілі перайсці ў праваслаўе. Значную ж частку «новых людзей» полацкага магістрата склалі ідэйныя праціўнікі уніі. Напрыклад, у хуткім часе пасля 1654 года бурмістрам стаў Філіп Сямёнавіч Касабуцкі, які ў жніўні 1643 года ўдзельнічаў у акцыі полацкіх мяшчан па апаганьванні і знішчэнні абразоў святога Казіміра і святога Іасафата. Вельмі імклівую кар'еру пры царскай адміністрацыі зрабіў і мяшчанін Фёдар Аляксеевіч Саткоўскі, які ў 1646 годзе публічна казаў, што вера ўніяцкая не ад Бога, — удакладняе гісторык.

Па ўсёй верагоднасці, полацкі магістрат «маскоўскага» перыяду цалкам складаўся з праваслаўных.

Ракіроўкі дзяржслужачых

У 1667 годзе, пасля вяртання Полацка ў склад Рэчы Паспалітай, на пасадах «чыноўнікаў» ізноў апынуліся выключна католікі і ўніяты. У склад адноўленага магістрата ўвайшла толькі нязначная частка асоб, якія ўдзельнічалі ў рабоце гарадскіх улад у 1654—1667 гадах...

Многія ўраднікі «маскоўскага часу» пасля 1667 года не змянілі веравызнання і працягвалі жыць у Полацку. Але ўжо не займалі ніякіх афіцыйных пасад. Можна сказаць, што яны з'яўляліся нефармальнымі лідарамі праваслаўнай абшчыны, згуртаванай вакол брацтва пры Богаяўленскай царкве. Калі пасля 1680 года пад ціскам «нізоў» быў адноўлены такі орган гарадскіх улад, як «мужы гмінныя» (прадстаўніцтва мяшчан, што кантралявала фінансавую дзейнасць магістрата), у яго склад увайшло аж чатыры асобы, якія з'яўляліся ўраднікамі пры «царскай» адміністрацыі...

Вяртанне праваслаўных на пасады бурмістраў, райцаў і лаўнікаў адбылося ў гады Паўночнай вайны (1700—7721) ці, дакладней, каля 1708 года. У магістрацкіх дакументах за 1709 год згадваюцца наступныя ўраднікі праваслаўнага веравызнання: бурмістр Ян Сцебут, райца Абрам Снітка, лаўнікі Міхал Алавяшка, Аляксандр Вароніч, Грыгорый Дам'янавіч, Стафан Харкевіч.

— Характэрнай з'явай ва ўнутраным жыцці Полацка першай чвэрці XVІІІ стагоддзя стала масавае перасяленне мяшчан, галоўным чынам, каталіцкага і ўніяцкага веравызнанняў, у Бешанковічы, Друю і іншыя месцы Вялікага Княства Літоўскага. Разам з часткай мяшчан выехала таксама значная колькасць ураднікаў магістрата. 5 снежня 1725 года магістрат публічна прызнаў, што ў Полацку «мала маем католікаў з рымскага боку, а з грэчаскага — уніятаў». А мяшчане ў адказ на гэта прасілі, каб «русінам дазволілі займаць пасады». 16 лістапада 1726 года полацкі ваявода і войт Станіслаў Дэнгаф зацвердзіў праваслаўнага Аляксандра Міхайлавіча Сцебута на пасадзе бурмістра з наступнай фармуліроўкай: «з прычыны недахопу ўніятаў».

З гэтага часу і да 1772 года палова месцаў у полацкім магістраце была заўсёды занята католікамі і ўніятамі, другая — праваслаўнымі...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як не стаць ахвярай кіберзлачынцаў

Як не стаць ахвярай кіберзлачынцаў

Расказвае намеснік начальніка ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Уладзімір Зайцаў.

Грамадства

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

Пералік рэчаў, забароненых да праносу, змешчаны на ўваходзе ў кантрольна-прапускны пункт.

Эканоміка

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Электронны гандаль у нашай краіне працягвае расці.