Вы тут

Для вяскоўцаў бібліятэка — гэта цэнтр зносін


Цяпер вядзецца шмат спрэчак наконт таго, ці патрэбны бібліятэкі на вёсках. Навошта, маўляў, «папяровая» літаратура, калі ёсць інтэрнэт, гаджэты, электронныя кнігі? Аднак прыхільнікі такога пункту гледжання забываюць, што далёка не ўсім вяскоўцам даступныя сучасныя тэхналогіі. Акрамя таго, у малазабяспечаных грамадзян, пенсіянераў часам няма матэрыяльнай магчымасці выпісаць новыя перыядычныя выданні, таму яны актыўна карыстаюцца паслугамі грамадскіх бібліятэк. Разам з тым для вяскоўцаў бібліятэка — гэта цэнтр зносін, дзе можна сустрэцца і абмеркаваць мясцовыя навіны, цэнтр культуры, адпачынку, выхавання. І там, дзе працуюць творча, з фантазіяй, жывінкай, установы ніколі не пустуюць. У гэтым упэўнілася карэспандэнт, пабываўшы ў Цімкавіцкай сельскай бібліятэцы Капыльскага раёна.


За­гад­вае біб­лі­я­тэ­кай Воль­га Рад­ке­віч.

— Наша бібліятэка самая буйная сярод сельскіх у раёне. Яе фонд налічвае больш за 12 тысяч экзэмпляраў друкаванай прадукцыі, у тым ліку восем найменняў часопісаў і 14 газет, — кажа загадчыца Вольга Радкевіч. — Мы абслугоўваем чатырнаццаць вёсак. Паслугамі бібліятэкі карыстаецца больш за тысячу чытачоў. Акрамя таго, у нас ёсць і бібліятэка-спадарожнік у вёсцы Лешня Блеўчыцкага сельсавета.

У бібліятэцы працуюць па некалькіх мэтавых праграмах. Але, як лічыць Вольга Уладзіміраўна, асноўная з іх — краязнаўчая. Бо чалавек, які ведае гісторыю роднага краю, свае карані, мае будучыню. А Цімкавіцкая зямля багатая на таленты. Тут нарадзіўся будучы прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Вайтовіч, вядомы мовазнаўца Алесь Бельскі, яго дзядзька Фама Антонавіч — прафесар — быў выкладчыкам Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ну і каму не вядомыя імёны пісьменніка Кузьмы Чорнага, грамадскага дзеяча, мецэната Эдварда Вайніловіча?

— Пра гэтых знакамітых людзей, нашых землякоў павінны ведаць не толькі людзі старэйшага пакалення, але і дзеці, моладзь, — лічыць Вольга Радкевіч. — Таму працуем у гэтым кірунку сумесна з музеем  Кузьмы Чорнага.

У адной з залаў бібліятэкі шмат мяккіх цацак. Вольга Радкевіч заўважае наша здзіўленне:

— Выхаванцы мясцовага дзіцячага сада частыя госці ў нас. Таму і гэтая зала аформлена для іх, каб вучыліся чытаць, засвойвалі матэрыял з дапамогай цацак. Менавіта такая мэта праграмы «Разам з кнігай мы расцём». Мая калега Аксана Красіна таксама наведвае дашкольную ўстанову, ладзіць для малых розныя конкурсы, гучныя чытанні кніжак, выкарыстоўваючы гульнявыя элементы.

Праграма «Будуй храм у душах» прадугледжвае духоўнае выхаванне падрастаючага пакалення. Бібліятэка знаходзіцца побач з царквой свяціцеля Мікалая Цудатворца. Сімвалічна, што храм духоўнасці суседнічае з храмам культуры. Налета на базе ўстановы плануецца адкрыць нядзельную школу для дзяцей.

Увогуле, бібліятэка цесна працуе з усімі арганізацыямі, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. Яны дапамагаюць работнікам культуры, а тыя ў сваю чаргу ім — чым могуць. Падтрымліваюць усе пачынанні і Цімкавіцкі сельвыканкам, раённыя ўлады.

За­гад­чы­ца Воль­га Рад­ке­віч і адзін з на­вед­валь­ні­каў — на­ста­я­цель мяс­цо­вай пра­ва­слаў­най царк­вы ай­цец Мі­ха­іл.

Работнікі бібліятэкі не чакаюць, пакуль да іх прыйдуць людзі, яны самі ідуць «у народ». У вёсцы Чарнагубава калісьці былі бібліятэка і клуб, якія закрылі. А населены пункт не такі і малы, тут пражывае за сто чалавек. І, вядома, сярод жыхароў шмат заўзятых чытачоў. Тыя, што не могуць прыйсці самі, тэлефануюць, каб ім прывезлі кнігі. Бібліятэкар Аксана Красіна вывешвае на будынку магазіна аб'явы з інфармацыяй: у які дзень будзе працаваць «выязная» бібліятэка. Бярэ з сабой фармуляры і вязе заказы.

Самыя актыўныя чытачы — школьнікі і пенсіянеры. Кацярына Дзятловіч з Цімкавіч — малалетні вязень фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў. Кацярына Яфімаўна шмат перажыла ў жыцці, але не страціла да яго цікавасці, яна пастаянная чытачка. Перавагу аддае гістарычнай літаратуры. Толькі вось зрок апошнім часам падводзіць. Таму жанчыне прыносяць кнігі, надрукаваныя вялікім шрыфтам.

Жыхар вёскі Канатопы Аляксандр Лагішанец па кнігі звычайна прыязджае на кані. Аднойчы быў цікавы выпадак, прыгадваюць у бібліятэцы: «У нас праходзіў абласны пленэр. І тут пад'язджае мужчына і прывязвае каня да плота. Усе засмяяліся — маўляў, вашы чытачы па кнігі на сваім транспарце дабіраюцца. Жонка Аляксандра Іванавіча таксама вельмі любіць чытаць».

Летам у бібліятэку наведваюцца навучэнцы каледжаў і ліцэяў, студэнты ўніверсітэтаў, абітурыенты. Хтосьці рыхтуецца да сесіі, а некаму патрэбна літаратура для паступлення ў навучальныя ўстановы.

— Калі няма патрэбнай кнігі ў фондзе, мы звяртаемся ў раённую бібліятэку. Калі і там не знаходзіцца, то заказваем па міжбібліятэчным абанеменце з Мінска, дасылаем заказ у абласную бібліятэку імя Пушкіна. Зрэшты, у нас нядрэнны фонд, кнігі разнастайнай тэматыкі: мастацкія, галіновыя. У сярэднім штодзень наведваецца па 20—25 чалавек, і гэта без уліку масавых мерапрыемстваў, якія ладзяцца даволі часта, — кажа Вольга Радкевіч.

Кнігі з паметкай «камерцыйны фонд» — платныя. Гэта літаратура, якая карыстаецца павышаным попытам, даведнікі, слоўнікі. У бібліятэцы ёй можна карыстацца бясплатна, але пры выдачы на дом бярэцца сімвалічная плата. Людзі разумеюць, што выгадней узяць яе ў бібліятэцы,чым купіць у кнігарні — надта дорага. «Таксама можна адсканіраваць патрэбныя старонкі. Тут ёсць неабходны комплекс, выхад у інтэрнэт, падключана электронная пошта, што значна аблягчае работу.

— З аднаго боку людзі прывыклі, што раней было ўсё дарам. Але ж трэба разумець: затраты на абслугоўванне, набыццё кніг неймаверныя, — лічыць загадчыца. — Мы не адмаўляемся і ад кніг і перыёдыкі, якія людзі прыносяць з дому. Адны пераязджаюць на новае месца жыхарства, іншыя робяць рамонт, мяняюць мэблю... І бібліятэка ад шчодрых падарункаў не адмаўляецца. Дарэчы, часам сустракаюцца даволі цікавыя рэчы.

Біб­лі­я­тэ­кар Ак­са­на Кра­сі­на за­зна­чае: края­знаў­чая лі­та­ра­ту­ра і ма­тэ­ры­я­лы з элект­рон­на­га ар­хі­ва ка­рыс­та­юц­ца по­пы­там у чы­та­чоў.

Неяк людзі пры пакупцы дома на гарышчы знайшлі газеты за 1940 год. Прапанавалі бібліятэцы. Іх перабралі і пакінулі тыя, што добра захаваліся. «У нас ёсць часопіс «Бальшавік» за жнівень 1945 года, дзе змешчана канвенцыя трох дзяржаў, выразка з газеты «Сталінец» за 1942-гі са словамі «Смуглянкі». Нам падарылі і песеннік салдата. У звычайным вучнёўскім сшытку занатаваныя песні, вершы, датаваныя пэўным годам і месцам. Напрыклад, Шчэцін, 1945-ты,
перапісана з дзённіка камандзіра. Усе гэтыя экспанаты паказваем на выставах. У прыватнасці, праводзілі мерапрыемства з нагоды пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Было шмат наведвальнікаў. Дзеці цікавіліся ўсім, прасілі дазволу дакрануцца да рэчаў», — расказала Вольга Радкевіч.

Ім, вядома, дазволілі. Дзеці павінны ўсё памацаць, праверыць. Даўно адышоў у нябыт стэрэатып, што ў бібліятэцы працуюць строгія цёткі ў акулярах, якія пастаянна патрабуюць цішыні. Сучасныя супрацоўнікі сельскіх бібліятэк, як можна меркаваць па Цімкавічах, — энтузіясты з творчым мысленнем, якія, нягледзячы на вельмі сціплую зарплату, атрымліваюць асалоду ад сваёй працы.


У тэму

Таццяна Краўчонак, намеснік начальніка аддзела культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама:

— У Мінскай вобласці функцыянуюць 450 публічных бібліятэк, у тым ліку 364 (81% ад агульнай колькасці) у сельскай мясцовасці.

Бясспрэчна, тэндэнцыя закрыцця асобных «неперспектыўных» сельскіх бібліятэк або рэарганізацыя іх ва ўстановы культуры змешанага тыпу (клуб-бібліятэка, бібліятэка-клуб) з улікам тэрытарыяльнай спецыфікі працягваецца. З пачатку 2017 года сетка публічных бібліятэк скарацілася на шэсць адзінак. Гэта абумоўлена галоўным чынам дэмаграфічнай сітуацыяй у вёсцы. Абслугоўванне аддаленых ад стацыянарных бібліятэк малаколькасных паселішчаў забяспечваюць 20 бібліёбусаў і 358 бібліятэчных пунктаў.

Адзіны фонд публічных бібліятэк вобласці, які з'яўляецца ўніверсальным па змесце і прадстаўлены разнастайнымі відамі выданняў, налічвае 71 млн экзэмпляраў дакументаў, з іх 3,2 млн экзэмпляраў — у сельскай мясцовасці.

Камп'ютарызавана 415 бібліятэк, у тым ліку 329 з іх — сельскія. Ва ўсіх цэнтральных раённых і гарадскіх бібліятэках ажыццяўляецца аўтаматызацыя працэсаў, паступова ўкараняецца абслугоўванне чытачоў у рэжыме анлайн.

Сёння публічныя бібліятэкі Міншчыны ўносяць свой уклад у павышэнне ўзроўню духоўнай культуры грамадства, захаванне і развіццё найлепшых традыцый культурнай адукацыі — выступаюць арганізатарамі шматлікіх свят беларускай і замежнай кнігі, прэзентацый новых выданняў, літаратурных і музычных вечарын, творчых сустрэч.

Акрамя таго, сельскі бібліятэкар — гэта і сацыяльны работнік, які клапоціцца пра адзінокіх, састарэлых, інвалідаў, абслугоўвае іх дома. А з укараненнем у практыку работы бібліятэк новых інфармацыйных тэхналогій у дзяцей і падлеткаў вялікую цікавасць выклікаюць такія формы мерапрыемстваў, як мультымедыйныя і віртуальныя падарожжы, бібліяглобусы і фотакросінгі, а таксама розныя квест-гульні.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.

Грамадства

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

 Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з мастаком Аляксандрам Благіем.

Грамадства

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

​Беларускія санаторыі перасталі быць месцам адпачынку пераважна пажылых людзей.

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці