Вы тут

Што абяцае капітальны рамонт?


Калі гаворка заходзіць пра рамонт, у большасці людзей з'яўляецца трывожны выраз твару, бо гэта сапраўдная катастрофа кватэрнага маштабу. А калі «ў перспектыве» капітальны рамонт увогуле ўсяго дома, то, здаецца, недалёка і да нервовага ціку... Са спецыялістамі ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» мы пагаварылі пра тое, як вызначаюцца дамы-«кандыдаты» на капрамонт, што ўваходзіць у абавязковы пералік работ, ці хутка, у адпаведнасці з нарматывамі, рамонт павінен быць завершаны.


Што датычыцца 2017 года, то да яго заканчэння ў Мінску плануецца ўвесці — пасля капітальнага рамонту — 163 жылыя дамы. Больш за ўсё, 27 збудаванняў, адрамантавана ў самым вялікім раёне горада — Фрунзенскім, на другім месцы з паказчыкам, усяго на адну лічбу меншым, Першамайскі раён, а вось у Кастрычніцкім раёне пад капітальны рамонт было падведзена толькі 10 жылых дамоў.

Дарэчы, праграмы капітальнага рамонту жыллёвага фонду распрацоўваюцца асобна ў кожным раёне. Гэта звязана з вылучэннем сродкаў праз фінансавыя аддзелы адміністрацый раёнаў і балансавай прыналежнасцю жылфонду. Спіс складаецца заказчыкамі — КУП ЖКГ раёнаў — у залежнасці ад прадугледжаных фінансавых сродкаў і на падставе перспектыўных планаў капітальнага рамонту, якія распрацоўваюцца па выніках абследаванняў і тэхнічнага стану жыллёвага фонду і зацвярджаюцца рашэннем Мінгарвыканкама. Перспектыўная праграма складаецца на пяць гадоў і з'яўляецца падставай для фарміравання бягучых графікаў на год.

Цяпер што датычыцца ўмоў таго, каб трапіць у спіс. Тут улічваецца тэхнічны стан не толькі дома ў цэлым, але і яго канструктыўных элементаў і інжынерных сістэм у прыватнасці. Гэта вызначаюць арганізацыі, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду і (або) аказваюць жыллёва-камунальныя паслугі. Акрамя таго, звяртаецца ўвага на тэрмін службы; архітэктурна-планіровачныя якасці жылога дома і ўзровень яго добраўпарадкавання; генеральны план жылой забудовы — вуліц, кварталаў, мікрараёнаў, у якой размешчаны дом; правілы і нормы яго эксплуатацыі. На падставе вынікаў і складаецца спіс «першачаргавікоў».

План рамонту па кожным доме фарміруецца асобна, у залежнасці ад існуючых у ім праблем, але з улікам агульнага спіса тыповых работ. Далей праектна-каштарысная дакументацыя праходзіць пазаведамасную дзяржаўную экспертызу. Усе рамонтна-будаўнічыя работы пасля яе зацвярджэння ў абавязковым парадку павінны быць выкананы.

Без унясення дадатковай аплаты з боку жыхароў праводзяцца наступныя віды работ:

  • рамонт і замена ўнутрыдамавых інжынерных сістэм электра-, цепла-, газа-і водазабеспячэння, водаадвядзення, супрацьдымнай абароны, установак супрацьпажарнай аўтаматыкі, а таксама каналізацыйных выпускаў;
  • рамонт і замена інжынернага абсталявання, якое забяспечвае спажыванне камунальных паслуг, а таксама ўстаноўка цеплаабменнікаў і сістэм аўтаматычнага рэгулявання цеплавой энергіі;
  • рамонт даху;
  • рамонт фасадаў з устараненнем сырасці і прадзіманасці іх асобных фрагментаў;
  • замена запаўненняў аконных і ўваходных дзвярных праёмаў, размешчаных у дапаможных памяшканнях;
  • рамонт і аднаўленне апорнай здольнасці канструкцыйных элементаў, у тым ліку балконаў і лоджый, замена агароджаў балконаў і лоджый;
  • устаноўка і замена казыркоў над уваходамі ў пад'езды, падвалы і над балконамі верхніх паверхаў;
  • рамонт падмурка, аднаўленне адмосткі;
  • устаноўка маланкаадводаў;
  • усталёўка сігналізатараў выяўлення чаднага газу;
  • аднаўленне прыдамавога добраўпарадкавання і азелянення, аздабленне жылых і дапаможных памяшканняў жылых дамоў, парушаных пры правядзенні работ па капітальным рамонце.

За кошт уласнікаў жылых памяшканняў і пры іх жаданні ажыццяўляюцца:

  • замена і рамонт электрычнага, газавага, санітарна-тэхнічнага і іншага абсталявання;
  • устаноўка, замена і рамонт прыбораў уліку расходу вады, цеплавой і электрычнай энергіі, газу, у тым ліку тых, якія знаходзяцца ў дапаможных памяшканнях;
  • абслугоўванне ўнутрыкватэрнай электраправодкі.

Гэтыя работы могуць быць выкананы эксплуатуючай арганізацыяй па бытавых паслугах, якія аказваюцца насельніцтву.

Увага! У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам замена вокнаў у кватэрах не ўваходзіць у пералік работ пры капітальным рамонце жыллёвага фонду.

Што датычыцца ўцяплення фасадаў, то ўжо падрыхтаваны праект нарматыўнага прававога акта: ён прадугледжвае рэалізацыю энергаэфектыўных мерапрыемстваў, якія атрымалі назву цеплавая мадэрнізацыя, з прыцягненнем сродкаў уласнікаў жылых памяшканняў. Акрамя таго, прапрацоўваецца магчымасць выдачы крэдытаў на гэтыя мэты.

Крыніцамі фінансавання капітальнага рамонту жыллёвага фонду з'яўляюцца мясцовы бюджэт і адлічэнні ўласнікаў жылых і нежылых памяшканняў. Дарэчы, узровень кампенсацыі затрат насельніцтвам складае каля 40% ад запланаванага фінансавання.

Тэрмін правядзення капітальнага рамонту — у сярэднім 3,5—4,5 месяца. Ці вытрымліваецца ён — іншае пытанне. Не пазней як за 10 дзён да яго пачатку павінны быць складзены графікі выканання работ па кожным пад'ездзе і заключаны дагаворы на аказанне паслуг. Для вызначэння выканаўцы праводзяць падрадныя таргі. Гэта датычыцца як капітальнага рамонту жылога дома, так і закупкі ліфтавага абсталявання і яго замены.

Яшчэ да заключэння дагавора арганізацыя, якая ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду і (або) якая аказвае жыллёва-камунальныя паслугі, абавязана праінфармаваць на агульным сходзе ўласнікаў, наймальнікаў жылых памяшканняў, членаў арганізацыі забудоўшчыкаў аб парадку арганізацыі работ, іх відах і аб'ёмах, а таксама аб адказных за гэта службовых асобах. Пры гэтым афармляецца пратакол сходу. Таксама на сходзе выбіраецца ўпаўнаважаны прадстаўнік дома для правядзення перадрамонтнага агляду жылых памяшканняў. Па яго выніках можна скарэктаваць праектна-каштарысную дакументацыю.

Даведацца, ці патрапіў ваш дом у запаветны, а для кагосьці і палохаючы, спіс, можна будзе ў пачатку наступнага года. Перспектыўныя праграмы і бягучыя графікі капітальнага рамонту зацвярджаюцца раённым, гарадскім выканаўчымі камітэтамі, мясцовай адміністрацыяй раёна ў горадзе і да 1 лютага кожнага года публікуюцца ў сродках масавай інфармацыі,  размяшчаюцца на інфармацыйных сайтах мясцовых адміністрацый.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Балконы — так, лічыльнікі і вокны — не

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?